Чаго яшчэ жадаць?!. 21.by

Чаго яшчэ жадаць?!

29.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЁСЦЬ у Зябкаўскім сельскім Савеце Глыбоцкага раёна вёска з лірычнаю назваю Царкоўна, у якой усяго дзве хаты, а знакаміта на ўсю Беларусь. І не сваёй адметнаю назваю, а тым, што тут у сям’і Івана і Яніны ФЯДЗЬКОВІЧАЎ вырасла 16 дзяцей: 8 сыноў і 8 дачок. Яны маюць 33 унукаў і 3-х праўнукаў. Прычым, што зусім неверагодна, дзеці не «разляцеліся» па свеце ў пошуках лепшай долі, а засталіся амаль усе ў сваім раёне. Палова з іх працуе ў жывёлагадоўлі.

«Не забудзьцеся, 25 снежня 2012 года!»

Апошні раз у Фядзьковічаў давялося пабываць восенню 2010 года. Пры развітанні гаспадары Іван Канстанцінавіч і Яніна Вікенцьеўна сказалі:

— Прыязджайце да нас праз два гады, у снежні, на Каляды. Калі дажывём, будзе роўна 50 год, як мы бралі шлюб. Залатое вяселле.

Прыгадаў пра гэтае запрашэнне і патэлефанаваў напярэдадні: мо, нічога не будзе?

Знаёмы бадзёры голас праракатаў у трубцы:

— Як гэта не будзе? «Канец свету» перажылі — бабахнем цяпер ва ўсю іванаўскую. — І потым больш сур’ёзна: — Збяруцца дзеці разам, унукі, праўнукі. Чакаем, а то пакрыўдзімся. Мы ж «Белорусскую ниву» любім, чытаем, то і вы паглядзіце, як жывём тут, у глыбінцы!

Даведаўся, што да юбіляраў збіраецца сам начальнік райсельгасхарча Алег Віктаравіч Скрабнеўскі, і склаў яму кампанію. Рэзка перамянілася надвор’е. Пасля стойкіх маразоў з пахмурнелага неба густа сыпаліся кропелькі дажджу, якія тут жа ператвараліся ў лёд на лабавым шкле машыны і на асфальце. Узнікла сумненне: у такую слізоту ці кранецца хто ў дарогу? Але калі выправіліся, то паварочваць назад не сталі.

Якое ж было здзіўленне, калі неўзабаве, пасля павароту на Зябкі, за чыгуначным пераездам згледзелі на высокім пагорку дом Фядзьковічаў (а гэта звычайная сялянская хата, абкладзеная цэглай), абкружаны ланцужком легкавых машын. Адна нават з мінскімі нумарамі.

— Гэта старэйшы Пётр з жонкай Наташай прыкацілі. Малайцы, не забываюць бацькоў! — пахваліў сына з нявесткай Фядзьковіч.

Хоць і мінуў час, Іван Канстацінавіч, здаецца, не толькі не пастарэў, але стаў больш малажавым. Тая ж дабрыня на твары, сялянская супакоенасць, ветласць. І па-ранейшаму сыпле жартамі:

— От прываліла народу сёння. Як кажуць, радні густа, а на стале — пуста!

— Не гняві лёс. Усё ёсціка, як у людзей! — запярэчыла гаспадыня.

Сталы і сапраўды ламаліся ад розных прысмакаў. Чаго тут толькі не было! І каўбаса духмяная дамашняя, і куплёная, і спрытна нарэзаныя скрылёчкі кумпяка, і горкі засмажаных курэй, і грыбочкі салёныя, і галубцы, і катлеты, і квашаніна… Ды хіба ўсё пералічыш. Паперы не хопіць.

33 унукі і 3 праўнукі!

З другога пакоя даносіцца вясёлы дзіцячы смех. Там, як у сапраўдным дзіцячым садку. На канапах, крэслах, падлозе — безліч розных мяккіх цацак. Цэлы «звярынец».

— Гэта ўсё ўнукі панавезлі. Трыццаць тры іх у нас і трое праўнукаў, — Яніна Вікенцьеўна бярэ на рукі маленькага хлочыка. — Паўлуша — Таццянін, чацвёртае дзіцё. Год яму і 9 месяцаў. У дэкрэтным цяпер дачка з ім. А так працуе на новай малочна-таварнай ферме ў Шэпелеве. Жыве ў «прэзідэнцкім» катэджы. У Валянціны — пяцёра дзяцей. Старэйшыя Вадзім і Саша ўжо ажаніліся, падарылі мне праўнукаў…

Так пачынаецца гаворка пра дзяцей Фядзьковічаў. Нагадваюць па імёнах:

— Анатоль, Валодзя, Сяргей, Іван, Пётр, Дзіма, Алена, Аксана, Таня, Наташа, Жана, Света, Ірына, Валя, Саша… (Саша трагічна загінуў, але яго часта ўспамінаюць).

Іван Канстанцінавіч моршчыць лоб:

— Нешта не сходзіцца? Каго ж прамінулі?... Ага, Валеру. Ён у Шумілінскім раёне, на ферме.

Свой лёс з прафесіяй жывёлавода звязала палова дзяцей Фядзьковічаў. Яніна Вікенцьеўна называла ўжо Таццяну і Валянціну. Аператары машыннага даення таксама Аксана і Алена. З Аленай наогул атрымалася неверагоднае: вывучылася на настаўніцу, вучыла дзяцей у школе. Хвалілі яе як добрага маладога педагога. Дык не ж, падалася ў даяркі. Кажа: «Гэта па мне. Я з дзяцінства прывыкла да гэтай работы». Напэўна, тут не апошнюю ролю сыграла і тое, што жывёлаводам давалі новыя катэджы. На ферме «Стуканы», якая амаль побач з домам Фядзьковічаў, шчыруюць Дзіма з жонкай Ліляй, а таксама Сяргей. Ветурачом з’яўляецца Уладзімір.

Такі выбар зусім не выпадковы: пайшлі па сцяжыне бацькоў.

Даярка і пастух

— Ён пасвіў кароў (мае на ўвазе мужа), а я даіла, — прыгадвае Яніна Вікенцьеўна. — Пазнаёміліся і пажаніліся.

— І я потым таксама даяром стаў, і ажно 36 год ім быў, — падключаецца да расказу Іван Канстанцінавіч. — У мяне 20 кароў было, а ў жонкі — 16. І даілі ўручную. Дык я сваіх падаю і ёй яшчэ дапамагу. А малака хапала. Ад адной каровы ў вядро не ўлазіла… У мяне наогул працоўны стаж 46 год. Увесь нават не запісалі, бо няможна, не дарос яшчэ. Кім я толькі ні быў: і брыгадзірам дзесяць год, і дэпутатам, і камуністам!..

— Цяжка было, — уздыхае Яніна. — Прыйдзеш дахаты, каб адпачыць, ды дзе там. І абмыць дзяцей трэба, і накарміць, і на руках патрымаць.

—  Як жа так, спраўляліся вы на ферме, а дзеці з кім?

— Бацька мой, Вікенцій Іванавіч Пілімон, напачатку няньчыў, а потым дзеці падрасталі, старэйшыя глядзелі за меньшымі. На ферму бралі з сабой, калі не выходзіла пакінуць з кім.

— Во-во, забаўны выпадак надарыўся, — успамінае Іван Канстанцінавіч. — Прыязджае важная праверка з Віцебска, а ў нас на ферме дзеці. Дачка Святлана, ёй год 8 было, насіла на руках двухгадовую Аксану. «Глядзіце, — здзіўлена ўсклікнуў адзін з правяраючых, — дзіцё дзіцятка трымае!» Дзеці дапамагалі нам карміць кароў, а з чатырнаццаці год і даілі іх.

— Дзеці харошыя ў нас выраслі, — пагаджаецца Яніна. — Хто па нашай дарозе пайшоў, а іншыя таксама прыстроіліся. Вунь Іван у Глыбокім у леспрамгасе будаўніком. Анатоль — у дарожнай арганізацыі. Яму новы нямецкі трактар даверылі. Святлана — кухарам у школе…

 Старэйшаму Анатолю 50 год, малодшаму Дзіму — 28. Усе маюць сем’і.

— Вяселляў, як жанілі ці выдавалі замуж, пэўна, не ладзілі? — гавару з сумненнем. — Гэта ж проста немагчыма?

— Чаму гэта не ладзілі, — аж пакрыўдзілася гаспадыня. — Усім зрабілі як аднаму! І не толькі вяселлі. І провады ў армію, і хрэсьбіны.

— Дык як жа гэта, столькі выдаткаў?

— Жывёлы шмат гадавалі: і карову, і свіней, і гусей, і качак, і курэй… Зарэжаш бычка — вось табе і вяселле!

— А гарэлка?

— Куплялі.

Сама Яніна Вікенцьеўна не ўжывае спіртнога. Не прыкладваецца да чаркі і не курыць ужо чвэрць веку Іван Канстанцінавіч.

— Мяне напачатку надта вяселлі збівалі з панталыку, — жартуе гаспадар. — То з адным сватам трэба пазнаёміцца, падняць кілішак, то з другім. А тады і на курыва цягне. Гляджу — да дабра не давядзе. Завязаў.

Можна падумаць, што ў такой шматдзетнай сям’і ёсць карані: мо, бацькі Івана і Яніны мелі многа дзяцей? У Яніны сапраўды ёсць дзве сястры і брат. А вось Іван — адзін. Бацьку свайго не памятае, бо яго забіў паліцай, між іншым, родзіч, калі малому было ўсяго тры месяцы. Як сам Іван выжыў — таксама неверагодна. Маці яго, Сцепаніду, немцы некалькі разоў ставілі пад расстрэл. А потым, адразу пасля вайны, маці пухла ад голаду, ела траву і чатыры з паловай гады карміла сына сваім малаком.

— Гэта не байка, — заўважае Іван Канстанцінавіч. — Я ж усё помню. Захочацца есці, крычу: «Матка, дай грудзі!»

Прыгадвае, як на працадзень атрымлівалі гірсу, адыходы зерня, як падмешвалі ў хлеб пілавінне.

— Цяпер зусім іншае жыццё. Можна жыць, і добра жыць, — зазначае Іван Канстанцінавіч. — Пенсію нам даюць неблагую, дзеці прыстроены, унукі. Чаго жадаць большага?! Хацеў у Мінск паехаць і асабіста сказаць дзякуй Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, але даручу гэта майму сыну Пецьку…

…У доме Фядзьковічаў цяпер жывуць самі гаспадары, сын Сяргей з нявесткай Рытай, сын Уладзімір, унучкі Каця і Вераніка.

Днём старэйшыя заняты па гаспадарцы. Ажно двух коней трымаюць. Трэба і пакарміць, і напаіць, і з’ездзіць куды. Раней вазіў Іван Канстанцінавіч на Лысіку ў школу ўнучак. Цяпер іх забірае школьны аўтобус.

Вечары бавяць Фядзьковічы за тэлевізарам. Дзве талеркі прымаюць ажно 100 праграм.

— Любім глядзець пра каханне, — дзеліцца ўражаннямі галава сям’і.

...І вось запрасілі на святочны абед. Хоць і заставілі ўшчыльную ўвесь пакой сталамі, змесціліся за імі госці ледзь-ледзь. Былі тосты. Як і на ўсялякім вяселлі гучала «Горка!»

Вельмі цёпла было ўспрынята віншаванне юбіляраў начальнікам райсельгасхарча Алегам Скрабнеўскім ад імя райвыканкама і асабіста яго старшыні Алега Віктаравіча Морхата. Дарэчы, апошні не раз сям’ю Фядзьковічаў ставіў у прыклад іншым.

На ўсе віншаванні Іван Канстанцінавіч сказаў гасцям так:

— Добра, што дажылі да гэтага дня. Ці паверыце, я самы багаты чалавек на свеце, бо маю такую вялікую сям’ю! Усе дзеці ўладкаваны, пры справе. Маюць дабротнае жыллё, зарплату. Падрастаюць унукі і праўнукі. Чаго яшчэ хацець?!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЁСЦЬ у Зябкаўскім сельскім Савеце Глыбоцкага раёна вёска з лірычнаю назваю Царкоўна, у якой усяго дзве хаты, а знакаміта на ўсю Беларусь. І не сваёй адметнаю назваю,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика