Вясковыя сцяжынкі. 21.by

Вясковыя сцяжынкі

10.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яны могуць расказаць шмат важнага і цікавага з жыцця і побыту любога беларускага паселішча. Трэба толькі іншы раз нетаропка прайсціся, уважліва прыгледзецца і «адчуць» іх

Жывая повязь

Ну што такое вузенькая сцяжынка, якая вядзе ад вясковай хаты, скажам, да аселіцы? Ці далей — у поле, да бліжэйшага лесу, да ласкавай рэчкі. На першы погляд, яна нічога не значыць і ніякага да яе інтарэсу няма ў наш век імклівага прагрэсу, калі спадарожнікі, запушчаныя з зямлі, праклалі шматлікія маршруты нават у бязмежнай касмічнай прасторы.

І многія нашы вёскі цяпер змянілі сваё аблічча, а некаторыя, па сучаснай модзе, узялі сабе новыя назвы — аграгарадкі. Зусім мала стала ў іх сцяжынак, вуліцы заасфальтаваны, нават у сялянскіх дварах выкладзена прыгожая плітка, ходзяць тут вяскоўцы з камфортам, маладыя жанчыны і дзяўчаты нават у модных туфлях на высокіх абцасах. І гэта добра. Такія перамены толькі радуюць.

Але ж засталіся тыя самыя сцяжынкі, што працягнуліся да нас з далёкага мінулага. І пратапталі іх за многія дзесяцігоддзі нашы продкі — вяскоўцы. Такія сцяжынкі — як жывая повязь паміж пакаленнямі, іх можна параўнаць з крывяноснымі сасудамі, якія сілкуюць кожную вясковую хату, сядзібу, трывала звязваюць у адно арганічна цэлае ўсё, чым жыве вёска і навакольнае асяроддзе.

Вось напісаў слова «звязваюць» і задумаўся. Мо такое было раней, гэта значыць — звязвалі. Дзякуй людзям і Богу, вясковыя сцяжынкі жывуць і цяпер, хаця іх значна менш. Але жывуць, бо яны — частка душы беларусаў, хвалюючая і шчымлівая памяць, якая не павінна знікнуць у наш тлумны час.

У снежную зіму

Сцяжынкі бываюць розныя, як і рознае жыццё беларускай вёскі. Кожнай з іх на сялянскай сядзібе адведзена свая роля, для адных — надзвычай важная, для іншых — як бы пабочная. Гэта адразу ўбачыш, калі выпадзе першы снег. Вось прыехаў я з раніцы ў вёску, дзе мы з жонкай набылі зямельны ўчастак, пабудавалі хату, паглядзеў на двор нашага суседа, дзядзькі Сівага. І што бачу? Толькі што выпаў снег, укрыў зямлю, прыгожа атуліў дрэвы і кусты ў садзе. І праз снег сусед праклаў першую сцяжынку, па-гаспадарску прайшоўся з рыдлёўкай да клада дроў. Зразумела, у зімовую раніцу ў любой вясковай хаце перш-наперш распальваюць у печы. А дровы на дварэ, пад снегам, і каб хутчэй і зручней да іх дабрацца, туды і першую сцяжынку пракладваюць. Усю зіму яна будзе найбольш ажыўленай. Гаспадар ніколі не дапусціць, каб яе занесла снегам, акуратна расчысціць адразу ж.

Яшчэ зімою заўсёды гатовая сцяжынка да студні ці водазаборнай калонкі, якой сумесна карыстаюцца некалькі вясковых сем’яў. Праўда, цяпер да многіх сялянскіх сядзіб прабураны глыбокія свідравіны, у іх закінуты невялікія, вельмі зручныя помпы, яны забяспечваюць гаспадарку вадой. Але ж у нашых невялікіх вёсачках, дзе занадта многа нямоглых старых, па-ранейшаму самай надзейнай застаецца студня. І добрая сцяжынка да яе ў снежную зіму — найпершы клопат гаспадара.

На агародзе

З ранняй вясны і да позняй восені, безумоўна, самая галоўная на сялянскай сядзібе тая сцяжынка, якая вядзе на агарод і праз яго. Ёй, калі можна так выразіцца, няма ніякага спакою, яна вытаптана-перавытаптана, бо ходзяць тут амаль кожную гадзіну. Яшчэ важная і прывабная адметнасць такой сцяжынкі — самыя розныя пахі, якія тут трымаюцца заўсёды. Вясною прыемнай свежасцю пахне ўзараная ці старанна перакапаная рыдлёўкай глеба, якая ўжо прыняла першае насенне.

А потым, калі на агародзе пойдуць у рост цыбуля, часнок альбо той жа кроп, пятрушка, агуркі, дык тут стаіць такі водар, быццам не дыхаеш, а п’еш паветра, настоенае на гэтай гародніне.

Асабіста я з далёкага свайго дзяцінства назаўсёды запомніў гэтыя вузенькія, абвітыя зяленівам сцяжынкі на вясковым агародзе. Доўгія гады ў вялікім, шумным і вірлівым горадзе мне чагосьці вельмі патрэбнага ў жыцці не хапала. І вось калі прыдбалі дачу ў вёсцы і, канешне ж, з’явіўся ў нас агарод, раптам адчуў: вярнулася нешта дарагое і незабыўнае ў вобразе сцяжынак паміж градкамі. Галоўная на нашай дачы агародная сцяжынка даволі маляўнічая, яна праходзіць праз невялічкі куточак, які летам і восенню ажно свеціцца ад мноства самых розных кветак. Тут жа растуць дзве ніцыя вербы, іх доўгія, гнуткія галіны-косы прыгожа вісяць над сцяжынкай, даюць у летнюю спякоту цень з прыемнай прахалодай. Яшчэ над сцяжынкай летам звініць пчаліная музыка — паколькі для іх тут шмат спажывы, дык яны і «завіхаюцца» рупліва з раніцы да вечара.

Іншы раз на пачатку зімы, калі яшчэ не вельмі многа снегу, я прайдуся па гэтай агароднай сцяжынцы. Канешне, не для прагулкі: у нас каля плоту расце разгалістая яблыня, якая шчодра родзіць кожны год. Яблыкі на дзіва цвёрдыя, моцныя, трымаюцца на дрэве доўга. Яе аблюбавалі сініцы: калі ўсё засыпле снегам і вельмі цяжка дабываць корм, гэтыя птушкі прылятаюць на яблыню і дзяўбуць яблыкі. Вось і нядаўна бачыў такое і застаўся задаволены: яблыня ля агароднай сцяжынкі бы абедзенны стол галодным сінічкам.

За аселіцай і на балоце

У дзяцінстве я вельмі любіў сцяжынку, якая ішла ад нашай хаты да аселіцы. Тут летам расла густая сакавітая трава, якую бацька касіў разы тры, але яна хутка адрастала зноў і зноў.

Гэтая сцяжынка ад аселіцы пераходзіла на балота, якое шырока распасціралася побач з нашай вёскай. Далей за балотам — лес, любімае месца для нашай уцехі, бо ён быў надзвычай багаты на ягады, грыбы, арэхі... Балота дзе-нідзе пераходзіла ў небяспечную багну, якой баяліся і дзеці, і дарослыя, пераадолець яе было нялёгка. І тут нас выручалі сцяжынкі, яны пралягалі праз усё балота, абыходзілі багну, «пераскоквалі» з купіны на купіну і так да самага лесу.

У полі

Але найбольш сцяжынак было ў полі, на лугах. Вось жа вечная з’ява: і цяпер ад нашай, як бы мовіць, новай вёскі ва ўсе бакі праз поле, луг, праз лес разыходяцца сцяжынкі. Хаця тут пешшу ходзяць рэдка, больш ездзяць на машынах, матацыклах, ды і жыхароў у вёсцы небагата, а сцяжынкі жывуць. Значыць, яны патрэбныя вёсцы. Мо не толькі з практычнага пункту гледжання, а як своеасаблівы сімвал.

У полі сцяжынкі, як правіла, пераплятаюцца, ствараючы нават скрыжаванні, зусім як людскія лёсы. А на лузе, асабліва летам, калі ён увесь пакрыты рознакаляровым абрусам з траў і кветак, сцяжынка праз яго — быццам тоненькі жывы паясок...

Так ужо знітаваны лёс беларускага селяніна з роднай зямлёй, што страшная ваенная навала прайшлася і па нашых сцяжынках. У маёй памяці назаўжды застаўся жудасны малюнак з роднай вёскі Пешкі Бярозаўскага раёна ад ваеннай пары. Цудоўны летні дзень, і раптам усю вёску скаланула страшнае: «Немцы! Ратуйцеся!» Адразу з усіх хат пабеглі людзі — у поле, каб хутчэй дабрацца да лесу, які схавае вяскоўцаў ад злога ворага і выратуе ад смерці. Многія бягуць напрасткі, а тыя жанчыны, у якіх маленькія дзеці, па сцяжынках. У нашай маці на руках малое дзіця, ды яшчэ нас трое, цэлая сям’я. «Дзетачкі, — спалохана крычыць яна. — Хутчэй на сцяжынку, тут лягчэй, а то адстанем ад людзей, і як тады будзем адны? Бяжыце па сцяжынцы ўперадзе мяне». І так — па ўсім полі, на ўсю шырыню вёскі.

Праз некаторы час людзі дабягалі да лесу, а на сцяжынках станавілася пуста, яны, бы жывыя, насцярожана чакалі бяды...

Пакланіцца ёй

Яшчэ адна трагічная гісторыя. Прыехаў аднойчы я да Стэфана Стаброўскага, які жыў у невялічкай вёсцы Смалявіцкага раёна. У вайну на яго вачах карнікі дашчэнту спалілі гэтае паселішча, знішчылі амаль усіх жыхароў, сам жа ён выратаваўся дзякуючы сцяжынцы.

«Раніцай мяне разбудзіла маці, — расказваў Стаброўскі. — Выйдзі, кажа, сынок, глянь на вуліцу, там страляюць. Я выскачыў з хаты. Бачу, стаяць карнікі недалёка на дарозе і паляць па нашай вёсцы. Адзін матацыкліст ужо тут. Я заскочыў у хату. «Немцы!» — крычу. «У лес бяжы», — штурхае мяне за парог маці. Выбягаю на агарод, на сваю сцяжынку, якая вяла праз луг у лес. Ды ідзём на агарод, пакажу, дзе тое было...

Выходзім. Агарод па-гаспадарску дагледжаны, тут і невялікі сад, і пчальнік. Сцяжынка вядзе да плоту, праз акуратную калітку бяжыць на луг, які тут жа, за агародам, далей лес.

— І тады лес быў так блізка ад вёскі? — пытаюся.

— Блізка, але ж трэба было дабегчы праз луг, па адкрытай мясцовасці. Забілі б мяне немцы, калі б не скеміў. Сцяжынка тулілася да самага плоту, вузенькая такая, мы бераглі кожную пядзю лугу, на ім расла добрая трава, касілі кожнае лета па два-тры разы. Я і прыціснуўся да плоту, распластаўся на сцяжынцы, яна глыбокая, бы разора. Ляжу так некаторы час, чую, як страляюць, але ў нашым двары ціха. Крыху прыўзняўся і, сагнуўшыся, пабег па сцяжынцы. Яна была добра пратаптана, людзі ж пастаянна хадзілі. Дык я амаль што поўз, і нішто мне не перашкаджала. Праўда, на тым краі лугу немцы сталі па мне паліць, значыць, убачылі. Але гэта ўжо далекавата, ды і перада мною былі густыя кусты, туды па сцяжынцы я і рвануў што было сілы. Так і застаўся жывы, а сям’ю нашу тады немцы пабілі ўсю. Вось і думаю: сцяжынка мяне выратавала, быццам падказвала тады, што мне рабіць, як бегчы. Пасля вайны яна стала мне роднай, а што вы думалі...

Ну што тут сказаць: як і многія тысячы вясковых сцяжынак, і гэтая, што пралягла ў агародзе Стэфана Стаброўскага, а потым бегла праз луг да лесу, у небяспечную часіну раздзяліла лёс чалавека. Даруйце мне, паважаныя чытачы, што зноў паспрабую выказаць свае пачуцці ў вершаванай форме:

«Сцяжынкі ў вёсцы, праз луг і ў полі,//Тут ходзіць спрадвеку сялянская доля,// Я роднай сцяжынцы сваёй пакланюся,// Бо тут ёсць часцінка душы Беларусі».

Самая святая

Будзем памятаць, што ў кожнага з нас і ў жыцці ёсць свая сцяжынка. Яна пачыналася па-рознаму. Але галоўнае, каб вяла праз дабро, праўду, працу, шчырую павагу і любоў да людзей.

Але ж давайце, паважаныя чытачы, прызнаемся, ці ж не хочацца нам іншы раз вярнуцца на тыя сцяжынкі, што паволі вялі нас з бацькоўскай хаты ў іншы свет, у вялікае жыццё? З мноства іх ёсць адна сцяжынка, яна на сэрцы і памяці нашай самая дарагая і светлая, бо кліча нас да нашай малой радзімы. Не забудзем яе, і калі наведаем родную вёску, пройдзем па гэтай сцяжынцы і паклонімся кожнай травінцы, кожнай кветачцы. Хай гэта стане нашым прасвятленнем, тады лепш зразумеем, яе трэба цаніць і шанаваць усё тое, што дадзена нам Богам і Радзімай…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сцяжынкі бываюць розныя, як і рознае жыццё беларускай вёскі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика