Чаму школьнікі "не сябруюць" з матэматыкай?
10.01.2013 09:40
—
Новости Общества
|
Чаму школьнікі "не сябруюць" з матэматыкай? Што трэба зрабіць для засваення школьнікамі праграмы па фізіцы і матэматыцы: павялічваць колькасць гадзін, якія адводзяцца на іх вывучэнне, уводзіць прафілізацыю на старэйшай ступені школы, змяняць форму экзаменаў на выхадзе са школы ці пры паступленні ў ВНУ або больш увагі надаваць якасці школьных падручнікаў і падрыхтоўцы педагагічных кадраў?
Адказы на гэтыя пытанні сёння шукаюць не толькі ў нашай краіне, але і ў суседняй Расіі, дзе абітурыенты таксама нярэдка шакіруюць экзаменатараў сваімі "бліскучымі ведамі". Напрыклад, кожны дзясяты выпускнік расійскай школы не змог сёлета на Адзіным дзяржаўным экзамене знайсці правільны адказ да наступнай задачкі: "Цягнік адпраўляецца ад вакзала пункта А ў 20.52 і прыходзіць у пункт В у 16.40 наступнага дня. Колькі часу ён праводзіць у дарозе?" Першакурснікі — у шоку... Прадстаўнікі расійскай вышэйшай школы — удзельнікі міжнароднай канферэнцыі, што напрыканцы года прайшла ў БДУІР, — канстатавалі, што ў апошнія гады яны фактычна пазбавіліся магчымасці праводзіць адбор здольных навучацца ў ВНУ, а замест конкурснага набору адбываецца "падбіранне ўсіх ахвотных з вуліцы". Гэта прыводзіць да таго, што большая частка набраных у ВНУ студэнтаў абсалютна неадукаваныя ў базавых для інжынернай падрыхтоўкі школьных прадметах, перш за ўсё такіх, як фізіка і матэматыка. А ўсялякага роду формы "давучвання" першакурснікаў, да якіх вымушаны прыбягаць у ВНУ, на жаль, не прыносяць чаканага эфекту... У беларускіх ВНУ таксама вымушаны ўводзіць спецыяльныя курсы — каб хоць крыху падцягнуць слаба падрыхтаваных першакурснікаў да ўніверсітэцкага ўзроўню. Студэнты нярэдка прыходзяць ва ўніверсітэт з "дзявяткай" ці "дзясяткай" у атэстаце, але рашыць прасцейшую задачу не могуць. Больш за тое, выкладчыкі тэхнічных ВНУ канстатуюць, што адаптавацца да патрабаванняў вышэйшых навучальных устаноў складана нават добра падрыхтаваным абітурыентам. А што ўжо казаць пра слабых першакурснікаў, якія з матэматыкай увогуле не сябруюць? Некаторыя з іх знаходзяцца ў стане шоку ад вялікага аб'ёму вучэбнага матэрыялу, які трэба засвоіць, а таксама ад таго, што кожны раз на занятках разглядаецца новая тэма. Сярод студэнтаў сёння шмат такіх, якія лічаць веданне тэорыі чымсьці залішнім. І ім няўцям, што без ведання тэорыі немагчыма рашыць задачу. Выкладчыкі вымушаны змагацца з адмоўным стаўленнем студэнтаў да патрабаванняў ведаць доказы тэарэм і высновы формул. Ім даводзіцца фактычна з нуля пачынаць развіццё ў студэнтаў творчага мыслення. Часта гэта не ўдаецца і за два гады навучання матэматыцы ў тэхнічнай ВНУ... Навошта інжынеру матэматыка? Да слова, яшчэ некалькі гадоў таму, калі пераглядаліся вучэбныя планы, многія педагогі папярэджвалі, што школьная матэматычная адукацыя ў Беларусі разбураецца і знішчальныя працэсы могуць набыць неабарачальны характар. Што мы сёння, уласна кажучы, і назіраем. "Дасье" арганізатараў цэнтралізаванага тэсціравання штогод папаўняюць элементарныя задачкі, з якімі прэтэндэнты на студэнцкі білет не спраўляюцца. Вядома, можна ўсё спісаць на масавасць і даступнасць вышэйшай адукацыі, але ж пагадзіцеся, што задача на вымярэнне плошчы кухні — гэта не суперзадача для будучага інжынера, канструктара ці праграміста! Між іншым такая задача аказалася некалькі гадоў таму не пад сілу 40% (!) удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. Сёлета ж 40% удзельнікаў тэсціравання па матэматыцы не здолелі пазнаць з прыведзеных варыянтаў адказаў раўнабедраны трохвугольнік. Два вуглы былі вядомыя, а трэці трэба было вылічыць. Элементарнае заданне, але абітурыент павінен быў ведаць, што сума вуглоў трохвугольніка — 180°, а ў раўнабедраным трохвугольніку два вуглы — роўныя. Каля 6% удзельнікаў тэсціравання па фізіцы не змаглі пазнаць прыбор, прызначаны для вымярэння хуткасці, 10% — прыбор для вымярэння вільготнасці, 12% — барометр, а 25% удзельнікаў ЦТ не ведалі прызначэнне мензуркі. Між іншым матэматыка і фізіка з'яўляюцца прафілюючымі дысцыплінамі для тэхнічных спецыяльнасцяў. Выйсце — у дадатковых гадзінах? Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў Міністэрствам адукацыі было прынята рашэнне аб адмене вуснага экзамену па геаметрыі пасля базавай школы. І цяпер на выхадзе як з базавай, так і з сярэдняй школы практыкуецца толькі пісьмовы экзамен, які ўключае задачы па алгебры і геаметрыі. На думку педагогаў, адмена вуснага экзамену катастрафічна адбіваецца на ўзроўні засваення зместу прадмета, і, найперш, курса па планіметрыі: у школьнікаў не фарміруецца навык разгорнутых доказных разважанняў, не засвойваюцца ў дастатковай ступені фармулёўкі тэарэм і азначэнняў. Добра вядома, што навучыць рашэнню геаметрычных задач не менш цяжка, чым рашэнню тэкставых задач у алгебры. Але навучыць абгрунтаванню матэматычных сцвярджэнняў праз адмаўленне доказаў асноўных тэарэм магчыма, і настаўнікі савецкай школы паспяхова з гэтым спраўляліся. Педагогі перакананыя, што вывучэнне матэматыкі ў школе застаецца адным з асноўных стаўпоў у развіцці інтэлекту дзіцяці, бо матэматыка — гэта гімнастыка для розуму, якая фарміруе агульныя прыёмы мыслення, яго логіку, трэніруе памяць, знаёміць з асноўнымі матэматычнымі фактамі, вучыць пошуку шляхоў вырашэння праблем — а без усяго гэтага немагчыма паспяховае навучанне па многіх іншых прадметах, у тым ліку і вывучэнне фізікі. Нярэдка толькі ў старэйшых класах школьнікі канчаткова вызначаюцца са сваімі схільнасцямі да тых ці іншых навук. Але што рабіць старшакласніку, які раптам з жахам зразумеў, што яму не хапае базавых матэматычных ведаў для атрымання запаветнай прафесіі? Праблемай нумар адзін, на думку педагогаў, з'яўляецца адсутнасць у сучасных школьнікаў разумення значнасці матэматычных ведаў. Асабліва ў тых, якім не трэба здаваць матэматыку на ўступных іспытах. Намеснік міністра адукацыі нашай краіны Васіль Будкевіч упэўнены, што сістэма адукацыі павінна адпавядаць патрэбам грамадства і той сітуацыі, якая рэальна складваецца ў сектары эканомікі: — У нас сёння назіраецца яўны ўхіл у гуманітарны бок. Пры гэтым мы цудоўна разумеем, што без авалодання фізікай і матэматыкай падрыхтаваць у дастатковай колькасці інжынерна-тэхналагічныя кадры для рэальнага сектара эканомікі немагчыма. Менавіта матэматычная адукацыя з'яўляецца падмуркам для стварэння высокатэхналагічнай эканомікі, таму мы вымушаны думаць пра будучыню. Бяспройгрышныя інвестыцыі Згодна з праграмай развіцця расійскай школьнай адукацыі да 2020 года, асноўны акцэнт у Расіі будзе зроблены на матэматыку. Новую канцэпцыю матэматычнага навучання ў Расіі плануецца будаваць на некалькіх паказчыках: выніках дзяржаўнай выніковай атэстацыі ў 9-м і 11-м класах, маніторынгах вынікаў навучання, даных маніторынгу вышэйшых навучальных устаноў, выніках міжнародных даследаванняў і стандартах краін—членаў Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва. — Развіццё матэматычнай адукацыі з'яўляецца адначасова і найменш затратнай і найбольш універсальнай бяспройгрышнай інвестыцыяй. Менавіта ў гэтай галіне Расія можа выйсці на лідзіруючыя пазіцыі, што можа пацягнуць за сабой і развіццё іншых галін, — лічаць у галоўным расійскім адукацыйным ведамстве. Акрамя таго, спецыялісты міністэрства мяркуюць, што менавіта інвестыцыі ў гэтую галіну будуць найбольш эфектыўнымі ў кароткатэрміновай, сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектывах па прычыне параўнальнай "таннасці" матэматыкі і яе ролі ва ўсіх іншых галінах навукі і тэхналогіі. Таксама будзе развівацца сістэма пошуку дзяцей, у якіх ёсць здольнасці да матэматыкі. Ім будуць стварацца ўмовы для развіцця, у тым ліку ў школах-інтэрнатах. У старэйшай школе будзе захавана варыятыўнасць адукацыі, калі школьнікі будуць самі выбіраць кірунак, па якім яны хочуць спецыялізавацца. Вынікі анкетавання, праведзенага спецыялістамі Нацыянальнага інстытута адукацыі ў рамках маніторынгу ўзроўню навучанасці па матэматыцы: Свае цяжкасці пры вывучэнні матэматыкі навучэнцы звязваюць з: — прабеламі ў ведах па некаторых тэмах (37% дзевяцікласнікаў і 34% адзінаццацікласнікаў); — вельмі хуткімі тэмпамі правядзення вучэбных заняткаў (14% дзевяцікласнікаў і 16% адзінаццацікласнікаў). Як сведчыць анкетаванне, заўсёды выконваюць хатнія заданні па матэматыцы 72% дзевяцікласнікаў і 70% адзінаццацікласнікаў. Астатнія ж навучэнцы хатнія заданні выконваць не заўсёды або ўвогуле іх не выконваюць. У якасці прычыны невыканання або нерэгулярнага выканання хатніх заданняў навучэнцы ўказалі наступныя: — складанасць хатніх заданняў (76% дзевяцікласнікаў і 65% адзінаццацікласнікаў); — не зусім зразумелы вучэбны матэрыял (74% дзевяцікласнікаў і 57% адзінаццацікласнікаў); — магчымасць спісаць хатняе заданне на перапынку (55% дзевяцікласнікаў і 51% адзінаццацікласнікаў); — вялікі аб'ём заданняў (37% дзевяцікласнікаў і 28% адзінаццацікласнікаў); — рэдкую праверку выкання хатніх заданняў настаўнікам (28% дзевяцікласнікаў і 10% адзінаццацікласнікаў). А што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб павысіць значнасць матэматычных ведаў у беларускіх школьнікаў і не дапусціць далейшага разбурэння матэматычнай адукацыі ў Беларусі? Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ж 40% удзельнікаў тэсціравання па матэматыцы не здолелі пазнаць з прыведзеных варыянтаў адказаў раўнабедраны трохвугольнік. Два вуглы былі вядомыя, а трэці...
|
|