Беларусь паміж Захадам і Усходам
15.01.2013
—
Новости Общества
|
"Звязда" працягвае серыю экспертных сустрэч для абмену думкамі па найбольш спрэчных і актуальных тэмах палітычнай павесткі дня Беларусі. Сёння наша размова прысвечана супярэчнасцям і перспектывам інтэграцыйных працэсаў у Еўропе і на постсавецкай прасторы. Наравістае дзіця
— Нашу дыскусію я хацеў бы пачаць з правакацыйнага тэзіса, згодна з якім крызіс адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю абумоўлены не столькі непрызнаннем вынікаў прэзідэнцкіх выбараў з боку ЕС, колькі адсутнасцю выразнай стратэгіі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі. Мы сёння нецікавыя ЕС. Еўрасаюз знаходзіцца ў пошуку новай геапалітычнай ідэнтычнасці, ужо не еўраатлантычнай (калі дарога ў ЕС ляжала праз ўступленне ў НАТА, а постсавецкая прастора разглядалася як арэна канкурэнцыі паміж Расіяй і Захадам), а ўласна еўрапейскай, што прадугледжвае і іншае разуменне Еўропы як "Вялікай Еўропы" ад Уладзівастока да Лісабона. У гэтай "Вялікай Еўропе" Беларусі складана канкурыраваць за стратэгічную ўвагу з боку ЕС з той жа Расіяй. ![]() — У нас з Еўрапейскім саюзам ёсць дзве сістэмныя буйныя супярэчнасці, якія вызначаюць негатыўны фон адносін. Па-першае, шматгадовая, пачынаючы з 1994 года, палітыка Беларусі на ўсходзе, накіраваная на ўдзел у інтэграцыйных аб'яднаннях. Па-другое, мы парушаем правілы развіцця ўсходнееўрапейскіх дзяржаў. Усе яны развіваюцца ў кантэксце еўрапейскай постіндустрыяльнай мадэлі: адказ ад буйной прамысловасці, жорсткая ідэалагічная ломка (адрыў ад Расіі і дэсаветызацыя), усталяванне парламенцкай дэмакратыі і расшчэпленае, дэцэнтралізаванае кіраванне. Апошнім часам намецілася яшчэ некалькі тэндэнцый, на якія ў Беларусі і ЕС супрацьлеглыя погляды: актыўны ўдзел у вайсковых дзеяннях на тэрыторыі трэціх краін на баку ЗША і іх саюзнікаў і працоўная міграцыя. Такім чынам, мы не ўпісваемся ў агульны стандарт развіцця Усходняй Еўропы і выклікаем каштоўнаснае непрыманне, раздражненне сваёй самастойнасцю, стылем сваёй палітыкі. Разам з тым, мы не ствараем ніякіх пагроз. Таму адносна Беларусі не вядзецца сістэматычнай працы, існуюць толькі тактычныя крокі, якія абумоўлены не мэтанакіраванай барацьбой супраць Беларусі, а фонам раздражнення. ![]() Нават калі б гіпатэтычна мы пайшлі на ўсе патрабаванні ЕС, Беларусь у бліжэйшыя 20 — 25 гадоў наўрад ці змагла б уступіць у Еўрасаюз. Там зараз існуе шэраг унутраных праблем, спектр інтарэсаў пераразмяркоўваецца на арабскі свет, Магрыб, Балканы. Таму цяпер дакладнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі няма. Адмысловы фармат А.С.: Сёння замест палымяных прамоў палітыкаў пра гатоўнасць прыняць Беларусь у ЕС, нам прапанаваны ўдзел у некалькіх еўрапейскіх знешнепалітычных ініцыятывах, у тым ліку ва "Усходнім партнёрстве", а з нядаўняга часу — у "Дыялогу для мадэрнізацыі". З майго пункту гледжання, гэта свайго роду суцяшальны прыз з боку ЕС для таго, каб неяк захаваць добрую міну пры дрэннай гульні. ![]() Еўрапейскі саюз лічыць "Усходняе партнёрства" эфектыўным, бо падпісаны шэраг пагадненняў аб спрашчэнні візавых рэжымаў, падрыхтаваны пагадненні аб утварэнні зон свабоднага гандлю. Аднак усе гэтыя працэсы і фарматы паспяхова развіваліся б і без "Усходняга партнёрства". Па сутнасці, гэта — "лэйбл", які мала на што ўплывае. Мы не атрымліваем у рамках "Усходняга партнёрства" шмат таго, што маюць нашы суседзі, але, удзельнічаючы ў ім, на сёння нічога і не губляем. У нас ёсць канал для дыялогу з ЕС, і мы яго выкарыстоўваем. Ёсць перавагі, ёсць і рызыкі. Апошнія перш за ўсё паходзяць ад дзейнасці Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства "Еўранэст". Удзел Беларусі ў ім прыпынены з-за пазіцыі Еўрапейскага парламента, які аказваў моцны ціск на астатнія краіны-партнёры. Наш далейшы ўдзел у гэтай ініцыятыве ў многім будзе залежаць ад таго, наколькі тэндэнцыя дыскрымінацыі Беларусі (якую прасоўвае нават не ЕС, а пэўныя асобы ў Еўрасаюзе, пэўныя краіны) працягнецца і, такім чынам, стане перашкодай для нашых інтарэсаў. Што тычыцца "Дыялогу па мадэрнізацыі", не магу сказаць, як ён канкрэтна развіваецца, ці прывёў да пэўнага выніку, і ці разлічвалі яго ініцыятары на канкрэтны вынік. Пакуль пытанне застаецца ў тым, ці лічыць Еўрасаюз сябе адзінай сілай, якая можа мадэрнізаваць Беларусь, або ж усё-такі лічыць, што гэтая мадэрнізацыя павінна адбывацца ў форме раўнапраўнага дыялогу паміж тымі, хто вызначае курс мадэрнізацыі ўнутры краіны, і тымі, хто гатовы адкрыта спрыяць гэтаму працэсу з замежжа. Беларусь ніколі не адмаўлялася ад дыялогу з ЕС па любых, нават вострых, балючых для яе тэмах. Галоўнае, каб гэты дыялог адбываўся ў нармальным цывілізаваным ключы, а не па схеме "пракурор — абвінавачаны". Таму калі Еўрасаюз сапраўды зацікаўлены ў мадэрнізацыі Беларусі, калі яго канцэпцыя мадэрнізацыі супадае з нашай, ці калі ён гатовы да выпрацоўкі адзінай з намі канцэпцыі мадэрнізацыі і калі ён прызнае ўлады Беларусі ў якасці раўнапраўнага партнёра ў гэтым дыялогу, то праблем няма. А.С.: У 2009 годзе з боку Еўрасаюза была запушчана ініцыятыва ў дачыненні да Расіі "Партнёрства для мадэрнізацыі". Паміж гэтымі дзвюма ініцыятывамі каласальная розніца: калі беларускі "Дыялог" — гэта экспертныя вячоркі людзей, якія не маюць доступу да рэсурсаў і не валодаюць рычагамі ўплыву, то расійскае "Партнёрства" напоўнена канкрэтнымі эканамічнымі праектамі. Калі Еўрасаюз сапраўды зацікаўлены ў паўнавартаснай мадэрнізацыі Беларусі, то варта было б замяніць "Дыялог па мадэрнізацыі" аналагам "Партнёрства для мадэрнізацыі". Адносіны без абавязацельстваў А.С.: Многія эксперты ацэньваюць палітыку санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі як неэфектыўную: тавараабарот паміж Еўрасаюзам і Беларуссю расце, з-за ўдзелу Беларусі ў Мытным саюзе санкцыі не наносяць ніякай шкоды наогул. Але наяўнасць санкцый ускладняе працэс выбудоўвання дыялогу паміж Беларуссю і ЕС. Няўжо для Еўрасаюза важна "сімвалічна" падкрэсліць сваю пазіцыю, пры тым, што рэальна ўплываць на стан унутры краіны ён не можа? Або не заўсёды і жадае? Ю.Ш.: Санкцыі не могуць быць эфектыўнымі, бо фарміруецца Мытны саюз, і ў той ці іншай ступені ў нас тыл забяспечаны. Да таго ж Беларусь, нарошчваючы пастаянна свой эканамічны патэнцыял, становіцца свайго роду лідарам, як мінімум для Літвы і Латвіі — краін, якія знаходзяцца побач і ў значнай ступені залежнасці ад Беларусі па некаторых эканамічных параметрах. Тое самае і для шэрагу рэгіёнаў Украіны і Польшчы, іншых краін. І чым больш Беларусь будзе нарошчваць свой эканамічны патэнцыял, тым больш вакол нас будзе ўзмацняцца аб'ектыўна існуючы пояс добрасуседства. Д.Я.: У перспектыве рашэнне крызісу ёсць. Мы не разлічваем на той фармат інтэграцыі з ЕС, на які спадзяюцца іншыя краіны постсавецкай прасторы. Мы да гэтага і не імкнёмся. Але нават пры тых ідэалагічных супярэчнасцях, пра якія тут казаў калега, такі фармат супрацоўніцтва, які існуе паміж ЕС і любой іншай краінай, той жа Расіяй, рэальны. Аднак ЕС падыходзіць да Беларусі з тымі шаблонамі, што і да краін, якія ставяць перад сабой мэту ўваходжання ў ЕС. У Еўрасаюза ёсць інтарэс да нас, у нас ёсць інтарэс да Еўрасаюза. Калі інтарэсы супадаюць, трэба супрацоўнічаць. Калі яны не супадаюць — ніякіх крыўдаў. Супрацоўніцтва не павінна тлумачыцца як плата за добрыя паводзіны. Гэта супярэчыць усёй логіцы міжнародных адносін. Ні адна краіна не супрацоўнічае з іншай толькі таму, што тая паводзіць сябе так, як падабаецца першай. Яны супрацоўнічаюць з-за сваіх прагматычных нацыянальных інтарэсаў. Так заўсёды было і застанецца. ЕС прытрымліваецца такой перакручанай логікі, што любое супрацоўніцтва, любы дыялог — плата за паводзіны, якія павінны ўпісвацца ў пэўныя рамкі, прычым не толькі паводзіны на міжнароднай арэне, а, перш за ўсё, унутры краіны.Такое стаўленне, характэрнае ў дачыненні да краін-кандыдатаў на членства ў ЕС, цяпер пад іншым выглядам ужываецца да краін постсавецкай прасторы, Беларусі, у прыватнасці, якая пакуль не мае ніякай схільнасці да ўступлення ў Еўрасаюз. Наш стратэгічны інтарэс у дачыненні да ЕС — палягчэнне візавага рэжыму і лібералізацыя ўзаемнага гандлю ў той меры, у якой дазваляе стан нашай эканомікі і нашы абавязацельствы ў рамках іншых інтэграцыйных працэсаў, перш за ўсё ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Ю.Ш.: Мне здаецца, што ў бліжэйшы час з узмацненнем кіравальнасці "саюзнага цэнтра" ўнутры ЕС з-за крызісу павялічваецца рызыка паглыблення канфрантацыі з Беларуссю, але гэта не фатальныя рызыкі, таму што адначасова можна чакаць узмацнення геапалітычнага мыслення наўзамен ідэалістычнага разумення еўраінтэграцыі. Ёсць надзея, што мы ўпішамся ў іх геапалітычнае мысленне ў духу Rеаlроlіtіk, так як рэальных пагроз не ўяўляем. Пакуль у ЕС крызіс, пакуль не выстаялася новая вертыкаль, у нас ёсць шанцы ўзмацніць пазіцыі ў поясе добрасуседства, кропкі ўваходу ва ўнутрыпалітычную прастору ЕС. Нейкія кропкі судакранання ў нас ёсць — інфраструктурныя праекты, якіх раней не было, або яны былі не так відавочныя: арганізацыя чыгункі на Клайпеду, стварэння прывязанага да Беларусі другога порта Клайпеды. Падобных праектаў за 5—7 гадоў, пакуль ЕС выбіраецца з крызісу, можа хапіць для таго, каб мы маглі мець пазіцыі для выбудоўвання рацыянальных адносін з ЕС. Аб "інтэграцыі інтэграцыЙ" Ю.Ш.: Еўразійскі саюз — не альтэрнатыўны полюс Еўропе. Расія — сыравінная дзяржава, прывязаная да рынкаў Еўрапейскага саюза. Як бы ні развівалася арыентацыя Расіі на Азію, стан залежнасці ад Еўропы застанецца назаўсёды. Бо Расія, на мой асабісты погляд, гэта буйная перыферыйная дзяржава, якая адносіцца да еўрапейскай цывілізацыі, спецыфічная, але еўрапейская. Таму глыбінная сувязь паміж Расіяй і Еўропай надоўга. Еўразійскі інтэграцыйны працэс — гэта фарміраванне рэгіянальнай групоўкі ў сітуацыі ўнутранага фінансавага крызісу Еўрасаюза. Мытны саюз не адрывае нас ад ЕС, а стварае больш моцную канкурэнтную пазіцыю на еўрапейскім рынку і на еўраатлантычнай прасторы. Гэта, мне здаецца, тая дадатковая кропка апоры для Беларусі, якая павінна прывесці да нармалізацыі адносін з ЕС. Еўразійскі саюз дае нам тыл для таго, каб тая авантурніцкая "гуманітарная" карпарацыя, якая склалася для барацьбы з нашым рэжымам, пры сутыкненні з больш сістэмнымі гульцамі адступала. Так выйшла з санкцыямі. А.С.: Тая геапалітычная рэальнасць, з якой мы сёння сутыкаемся, патрабуе новых тыпаў геапалітычнага мыслення. Асноўны вектар дзвюх інтэграцый накіраваны на фарміраванне агульнай архітэктуры бяспекі ад Уладзівастока да Лісабона і на стварэнне агульнага рынку на гэтай прасторы. Беларусь павінна ўбудоўвацца ў гэтыя доўгатэрміновыя трэнды і аптымізоўваць свае адносіны з ЕС і з іншымі дзяржавамі, больш эфектыўна дзейнічаць у рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, будучага Еўразійскага эканамічнага саюза. П.В. З расійскімі калегамі нам прасцей весці дыялог з-за больш блізкага менталітэту. Трэба канстатаваць, што ў Расіі менеджмент больш еўрапейскі, заканадаўства больш блізкае да еўрапейскага, больш актыўныя кантакты паміж дзяржавамі і органамі ўлады ЕС, адбываецца супрацоўніцтва ў ваеннай сферы (згадайце базу НАТА ва Ульянаўску). Таму ўступленне Беларусі ў Еўразійскі саюз дазволіць наблізіць Беларусь да еўрапейскіх стандартаў, пры гэтым атрымаць тыл, які дазволіць размаўляць з Еўрасаюзам на роўных. Узаемны працэс інтэграцыі ЕС і Еўразійскага саюза будзе ўзмацняцца, таму што спектр агульных інтарэсаў у сферы эканомікі і бяспекі даволі вялікі. У хуткім часе мы зблізім наша заканадаўства з еўразійскім, у той жа час еўразійскае заканадаўства будзе збліжацца з еўрапейскім. І можа быць, праз гэтыя працэсы мы выйдзем на новы ўзровень партнёрства з ЕС. Д.Я.: Справядліва, што членства ў шырокай інтэграцыйнай групе, важкай у эканамічным і палітычным плане, павялічвае аўтарытэт Беларусі. Калі мы ўсё ж такі імкнёмся да больш цесных сувязяў з Еўропай, вопыт іншых краін паказвае, што ў Еўропу трэба прыходзіць моцнымі: адна справа, што Беларусь у дыялогу з ЕС гаворыць толькі ад свайго імя і адказвае толькі за сябе, іншая справа, калі Беларусь выступае адным з трох "акцыянераў" буйнога інтэграцыйнага аб'яднання, рэальна ўплываючы на працэсы, якія адбываюцца на прасторы ад Брэста да Уладзівастока і да кітайскай мяжы. Для нас "інтэграцыя інтэграцый" — варыяцыі на тэму шматвектарнай палітыкі. Іншыя краіны постсавецкай прасторы ўжо пачынаюць разумець, што будучыня эканамічнай бяспекі нашых краін і ўвогуле гандлёва-эканамічных сувязяў у Еўропе будзе вызначацца ў значнай ступені ўзаемаадносінамі паміж двума інтэграцыйнымі блокамі — ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам. Сённяшняя сітуацыя паказвае, што ЕС не цалкам схіляецца да таго, каб дапусціць краіны постсавецкай прасторы ў кола дзяржаў-членаў, таму Мытны саюз можа стаць альтэрнатывай для гэтых краін. Мытны саюз у будучыні бачыцца не толькі як інструмент, механізм для прасоўвання інтарэсаў тройкі Беларусі, Расіі і Казахстана, але і патэнцыйная кропка прыцягнення для тых краін, якія пакуль застаюцца за рамкамі аб'яднання. Мытны саюз можа рэальна змяніць геапалітычны расклад на кантыненце. Гэта ў многім залежыць ад таго, якіх поспехаў у фармаце тройкі мы дасягнем у агульным інтэграцыйным працэсе, наколькі станем прывабнымі, наколькі іншыя краіны зразумеюць, што гэты блок, гэта аб'яднанне на самой справе здольнае абараніць іх інтарэсы і зрабіць іх больш моцнымі. Ю.Ш.: Дзякуючы Мытнаму саюзу стала магчыма рэалізацыя беспрэцэдэнтнага для Беларусі праекта Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку з інвестыцыямі на ўзроўні 30 млрд долараў. Размяшчэнне менавіта ў нас гэтага тэхнапарку паказвае накіраванасць будучых таварных патокаў: яны будуць накіраваны не толькі на Мытны саюз, а ў вельмі значнай ступені — на еўрапейскі рынак. Гэты праект — яшчэ і ўцягванне ў Беларусь Кітая з усімі яго магчымасцямі ў знешняй палітыцы, дыпламатыі і эканоміцы. Такія маштабныя праекты і ёсць увасабленне "інтэграцыі інтэграцый". "Звязда":Наколькі інтэграцыйныя працэсы на еўразійскай прасторы пагражаюць сувэрэнітэту кожнай з краін? Д.Я.: Удзел у любым інтэграцыйным аб'яднанні звязаны з адмовай ад пэўнай долі суверэнітэту. Мы пайшлі на тое, каб паступіцца з нашымі выключнымі правамі ў знешнім гандлі, зараз гэтыя паўнамоцтвы перададзены Еўразійскай эканамічнай камісіі. Краіны, якія ўваходзяць у ЕС, таксама дэлегавалі значную частку свайго суверэнітэту Бруселю. Гэты працэс непазбежны. Іншая справа, што краіны атрымліваюць узамен. Мы, удзельнічаючы ў Мытным саюзе, зыходзім з таго, што аддаючы, атрымліваем значна больш пераваг. Калі казаць аб абароне нашых інтарэсаў, мы адчулі гэта, у прыватнасці, калі кіраўнікі краін — членаў Мытнага саюза, а потым і Еўразійская эканамічная камісія выступілі з асуджэннем санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі. Гэта прыклад салідарнасці трох краін і гатоўнасці выступаць згуртавана ў выпадку, калі інтарэсам якой-небудзь з дзяржаў, якія ўваходзяць у блок, нехта пагражае звонку. "Звязда":Дзе тая мяжа, якую, аддаючы частку свайго суверэнітэту за эканамічныя выгады, мы не маем права пераходзіць? Д.Я.: Кожная краіна ўстанаўлівае свае крытэрыі. Краіны — кандыдаты на ўступленне ў ЕС гатовы пайсці досыць далёка ў здачы свайго суверэнітэту. Мы да гэтага зараз не гатовы. Таму мы аддаём перавагу эканамічнай інтэграцыі замест палітычнай. Прымальная мяжа заўсёды ўстанаўліваецца ў працэсе перамоў шляхам дыпламатычнага гандлю: наколькі далёка кожная дзяржава павінна пайсці ва ўступцы часткі свайго суверэнітэту і ці лічыць яна дастатковай уступку іншых краін для кампенсацыі сваёй уступкі. У гэтым і ёсць сутнасць кампрамісу. Калі мы аддаём нешта сваё, то ўзамен павінны атрымаць права ўдзельнічаць у кантролі над працэсамі, якія адбываюцца ў іншых краінах, ці ў сумесным кіраванні працэсамі, якія адбываюцца на тэрыторыі іншых краін. Калі мы лічым, што, аддаючы нешта, атрымліваем роўны доступ да кіравання працэсамі на прасторы ўсяго Мытнага саюза, то гэта мэтазгодна. Палітычны клуб правялі Арсеній СІВІЦКІ і Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Поўную версію гутаркі чытайце на сайце "Звязды".Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Звязда" працягвае серыю экспертных сустрэч для абмену думкамі па найбольш спрэчных і актуальных тэмах палітычнай павесткі дня Беларусі. Сёння наша размова... |
|