«Асоль». 21.by

«Асоль»

15.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хрэстаматыйны твор Аляксандра Грына ў тэатры перачыталі па-новаму і адмовіліся ад пунцовых ветразяў

Cтары Новы год Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адзначыў прэм’ерай. На яго сцэне — балет паводле матываў знакамітай аповесці Аляксандра Грына «Пунсовыя ветразі». Назву спектаклю «Асоль» дало імя галоўнай гераіні.

Як падкрэсліваюць у тэатры, «Асоль» — балет нацыянальны. Музыку напісаў беларускі кампазітар Уладзімір Саўчык, аўтар лібрэта і балетмайстар-пастаноўшчык — народны артыст Беларусі Уладзімір Іваноў. Сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай. Дырыжор Алег Лясун.

Зрэшты, калі разабрацца, дык і аўтар літаратурнай асновы — аповесці «Пунсовыя ветразі» Аляксандр Грын таксама мае дачыненне да Беларусі. Сапраўднае прозвішча пісьменніка Грынявіцкі, яго бацька паходзіў з беларускай шляхты і родам з колішняга Дзісненскага павета Віленскай губерні (цяперашняя тэрыторыя Міёрскага раёна Віцебшчыны), адкуль быў сасланы за ўдзел у паўстанні Каліноўскага 1863 года.

Стваральнікі спектакля прачыталі вядомую гісторыю пра Асоль і Грэя па-свойму і адышлі ад хрэстаматыйнага твора, спрабуючы перакласці рамантычную прозу Грына на экспрэсіўную мову сучаснай харэаграфіі.

Балет «Асоль» — гэта не свет казкі, а імклівае драйвавае дзейства. У ім нават гучыць рок-н-рол з музычнымі цытатамі «Deep Purple». І зусім не станоўчым персанажам паўстае Грэй, які хоча стаць «д’ябальскім» мараком, любіць карты, прамантачыў сваю спадчыну, страціў усё, акрамя галоўнага, — дзіўнай летуценнай душы. У цяперашняй інтэрпрэтацыі ў балеце з’явіўся новы персанаж — Апавядальнік, але звыклых бацькі гераіні марака Лангрэна, старога Эгля, якога яна сустракае ў лесе, глядач не ўбачыць. Зрэшты, як і кананічных пунсовых ветразяў, якіх у спектаклі таксама няма.

«Асоль» — восьмы па ліку балет у рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Яго пастаноўка ажыццяўлялася пры садзейнічанні Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка тэатра Адама Мурзіча, работа з беларускімі кампазітарамі, нягледзячы на магчымыя цяжкасці, будзе працягвацца і надалей — гэта прынцыповая пазіцыя, бо не мае права існаваць беларускі тэатр без знакавых беларускіх твораў. Ужо ёсць некалькі імёнаў, на якія ўскладаюцца асаблівыя надзеі. У задумках — і музычныя спектаклі, і балеты, у тым ліку дзіцячыя, і мюзіклы беларускіх кампазітараў.

На здымку: сцэна з балету «Асоль».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У новай пастаноўцы па Грыну адмовіліся ад пунцовых ветразяў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика