Гэтая камп’ютарызаваная Нарвегія. 21.by

Гэтая камп’ютарызаваная Нарвегія

29.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рыхтуючы гэтае інтэрв'ю, мы вырашылі пацікавіцца, а як справы са стварэннем электроннай краіны ў іншых месцах, дзе гэтыя працэсы пачаліся раней, чым у нас. Выбралі дзве адносна сходныя скандынаўскія краіны-суседкі. І нашы няштатныя карэспандэнты паглядзелі там тое, што і нас чакае ўжо ў адносна хуткай будучыні.

Маё знаёмства з электроннай Нарвегіяй пачалося з... хваробы. Грып. Калі адзнака на градусніку дайшла да сарака, сабраўся да ўрача. Каля трох гадзін ночы.

Рэцэпцыя неадкладнай дапамогі. За камп'ютарам медсястра. Адрас, тэлефон? Тут жа мне на палец чапляе прышчэпку з провадам — ціск, пульс. На другой руцэ пракалола палец — узяла кроў. Дзесяць хвілін — гэта ваш доктар, а гэта ваш аналіз. Тут жа лекі на разавы прыём. Астатнія — заўтра ў аптэцы нумар пяць. Яна бліжэй за іншыя да месца пражывання, рэцэпт на ваша імя туды ўжо адпраўлены. Устаўляем у прыёмнае прыстасаванне банкаўскую карту. Няхітрыя маніпуляцыі з клавішамі — калі ласка, чэк. Усяго добрага...

Што ўразіла тады? Прафесіяналізм і добразычлівасць. І ніхто з медыцынскага персаналу за ўвесь час стасункаў не напісаў ад рукі ні слова. Усё толькі праз камп'ютар. І аплата — таксама...

Дыгіталізацыя, або камп'ютарызацыя, нарвежскага грамадства, асабліва дзяржаўнага сектара, сёння носіць татальна масавы характар. Банкаўская і фінансавая сферы, медыцына, сацыяльны сектар і гандаль — усё завязана ў наймагутнейшы электронны вузел, здольны адначасова апрацаваць каля 15 мільёнаў рахункаў-фактур і абмяняцца імі праз адзінага ўпаўнаважанага аператара.

Такім аператарам Агенцтва грамадскага кіравання і электроннага ўрада Нарвегіі (Dіfі) зацвердзіла прыватную кампанію EVRY.

EVRY — вынік зліцця ў 2010 годзе дзвюх вядучых ІТ-кампаній Нарвегіі. У краінах Скандынавіі, ды і Паўночнай Еўропы, EVRY цяпер — адна з самых магутных ІТ-кампаній. У цяперашні час у ёй працуе каля дзесяці тысяч супрацоўнікаў, гадавы абарот — 13 мільярдаў нарвежскіх крон (курс да долара — 5,7—5,8).

"EVRY апрацоўвае электронныя рахункі, пасланыя/атрыманыя ў Нарвегіі, і гарантуе, што ўжо існуючыя, а таксама новыя кліенты змогуць перайсці да фармату электронных фінансавых узаемаадносін без якіх-небудзь цяжкасцяў, — адзначае выканаўчы дырэктар EVRY Хёвард Ларсен. — Рашэннем урада з 1 ліпеня 2012 года больш як паўмільёна нарвежскіх кампаній вымушаны адпраўляць свае рахункі не ў папяровым, а ў электронным выглядзе.

Такая кампанія, як EVRY, сёння адзіная ў Нарвегіі. Хоць яшчэ да канца 2012 года каля 50 больш дробных кампаній аказвалі паслугі электронных рахункаў і іх апрацоўкі. Аднак, як лічаць нарвежскія спецыялісты, у бліжэйшыя гады гэтыя невялікія фірмы наўрад ці сыдуць з ІT-рынку. Паколькі паслуга электронных рахункаў для бізнэсу па-ранейшаму даволі запатрабаваная ў краіне.

Наступнае важнае дасягненне ад EVRY — стварэнне так званага электроннага ўрада Нарвегіі. У сусветным індэксе "eGov" гэты электронны прадукт займае высокую 8 пазіцыю, валодаючы зручным "one-stop-shop" парталам, дзе ў рэжыме анлайн сабраны ўсе дзяржсэрвісы.

Будаўніцтва нарвежскага электроннага ўрада пачалося ў 2008 годзе, калі было створана Агенцтва грамадскага кіравання і электроннага ўрада Нарвегіі (Dіfі). Сёння ў Dіfі працуе ўсяго 200 чалавек. З іх 80 супрацоўнікаў у маленькім гарадку Лейкангер, з насельніцтвам крыху больш за 2 тыс. жыхароў. Астатнія — у Осла. З іх дапамогай у Нарвегіі можна атрымаць доступ практычна да 90 % усёй дзяржаўнай і муніцыпальнай дакументацыі. Чыноўнікі абавязаны рэгістраваць сваю ўваходную і выходную карэспандэнцыю. Усе і ўсю. Як электронную, так і аналагавую. Аж да ўнутранай камунікацыі паміж аддзелам. Інфармацыя збіраецца і захоўваецца на спецыяльным партале.

Калі патрэбны нейкі спецыяльны дакумент або інфармацыя, якую вы не знайшлі, іх можна заказаць, паведаміўшы свой электронны адрас. І не трэба нават самаідэнтыфікацыі. Дакумент прыйдзе ў pdf-фармаце да вас на пошту на працягу трох дзён. Так належыць па законе. Зрэшты, Dіfі цяпер працуе над тым, каб дакументы былі даступны адразу ж у момант звароту. Гэта што датычыцца інфармацыі агульнага характару. Калі ж патрабуецца больш дэталёвая інфармацыя (аж да пратаколаў пасяджэнняў, рашэнняў, праектаў заканадаўчых актаў або ўзнікла патрэба звярнуцца да нейкага чыноўніка) — усё таксама даволі проста. Уводзіце свой індывідуальны падатковы код — і сардэчна запрашаем! Цяпер на тым канцы ведаюць, з кім маюць справу, і на ваш зварот абавязкова адрэагуюць...

Акрамя таго, у Лейкангеры размешчаны і кол-цэнтр. У працоўны час, з 8 раніцы да 4 па поўдні, яго супрацоўнікі ветліва паінфармуюць і адкажуць на пытанні, якія вас цікавяць. Калі неабходна, пакрокава падкажуць таму, хто патэлефанаваў, як тэхнічна скарыстацца паслугай.

Не ўтойваюць там і свой штогадовы бюджэт — каля 500 млн крон.

Вось так невялікая ўстанова, з цалкам разумным па мерках любой краіны бюджэтам, за тры з паловай гады змагла пабудаваць дзяржаўную сістэму электроннай даступнасці і празрыстасці. У Нарвегіі можна азнаёміцца нават з падатковымі звесткамі іншых персон. І гэта практыка яшчэ не ведае аналагаў у свеце. Хочаце, напрыклад, пацікавіцца, колькі і на чым зарабіў прэм'ер-міністр або ваш сусед? Няма праблем! Дастаткова на сайце падатковай службы ўвесці імя і прозвішча. Добра гэта ці дрэнна? Па-мойму, добра. Хоць ёсць і пытанні — гэтыя звесткі могуць стаць аб'ектам залішняй увагі з боку крымінальных структур.

Што яшчэ дае сістэма электроннай краіны? Не выходзячы з дому, можна атрымаць любую афіцыйную інфармацыю, даведку, кансультацыю, рэкамендацыю. Запісацца на прыём хоць да ўрача, хоць да адваката, хоць да чыноўніка. Купіць білет. Аплаціць камунальныя і іншыя рахункі. Зрабіць любую пакупку — ад шруба да самалёта, з дастаўкай і без.

На многіх запраўках (і такіх усё больш) тут ужо проста няма каму працягваць купюры з манетамі. Персаналу там няма. Па гэтай прычыне, дарэчы, і цэны больш ашчадныя, чым на вялікіх комплексах з мыйкамі, кавярнямі і крамамі.

За дарогі або за ўезд у цэнтр горада плацяць таксама "не злазячы з каня". На лабавым шкле аўто — ваш персанальны чып. На абочыне счытвальнае прыстасаванне і невялікі святлафор. Праязджаеце, загарэўся зялёны "плюс" — парадак. З вашага рахунку знялі неабходную суму. Такі чып выгадны. Паколькі грошы вы ўносіце наперад, атрымліваеце зніжку ў 50 %.

Гэта таксама цана электроннай краіны. Але яшчэ раз хацелася б вярнуцца менавіта да электроннага ўрада і пытання атрымання даведак, кансультацый і адказаў на звароты. Вельмі далікатнае пытанне. Паводле законаў Нарвегіі, сказанае ў прысутнасці хаця б аднаго сведкі, напісанае ад рукі або аддрукаванае з подпісам, а таксама атрыманае па электроннай пошце або СМС носіць характар афіцыйнага дакумента і можа быць падставай для судовага разгляду. Таму мясцовы чыноўнік проста не можа даць непраўдзівую або няправільную даведку, а то і зусім "адфутболіць". Для яго гэта тоіць у сабе небяспеку.

Наступнае. Модна гаварыць пра рынак, а ў гэтай самай Нарвегіі дзяржава захавала манаполію на ўсе стратэгічныя галіны. Нараўне з нафтай і газам — продаж тытуню і алкаголю, транспарт, банкаўская сфера ў галіне наяўнага абмену валют, сувязь. І гэта, напэўна, правільна. Манаполія — азначае кантроль. А кантроль — гэта напаўненне бюджэту. А бюджэт — гэта сродкі, у тым ліку і на падобныя праекты.

Хтосьці можа запярэчыць, што ў краіне з насельніцтвам каля 5 млн чалавек пры наяўнасці развітых камунікацый увасобіць падобны праект — пара дробязяў. А на мой погляд, справа не ў колькасці насельніцтва. І не ў камунікацыях. Дакладней, і ў іх таксама. Але галоўнае ўсё ж — людзі. Без іх шчырай унутранай гатоўнасці да новаўвядзенняў усе перадавыя суперкампаніі на чале з дзяржаўнымі органамі і кроку не змаглі б зрабіць да падобных змен. Грамадства рыхтавалі. З людзьмі працавалі. Асабліва з узроставай групай 60 плюс. Правялі ўсеагульнае апытанне — і восем чалавек з дзесяці сказалі "Хочам!".

Што яшчэ рабілі, укараняючы? Прапагандавалі ў СМІ. І маркетынгавыя "фішкі"-заманухі з акцыямі ўперамешку. Усё, як пры прасоўванні любога іншага тавару. Толькі з папраўкай на яго незвычайную спецыфіку.

Якая ж выснова ўсё ж напрошваецца? Што галоўнае ў гэтым працэсе? Усё! І абсталяванне, і спецыялісты, і камунікацыі, і дзяржаўная падтрымка, і планавасць, і фінансаванне не з разраду "пяць пішам — два ў розуме". Усё важна. Але вось пачынаць трэба, на мой погляд, з сацыяльнага кампрамісу. Тутэйшы досвед таму пацвярджэнне. Патрэбна спачатку ўзаемнае сумленнае жаданне ўлады і простых людзей зрабіць сваё жыццё лепшым...

Сяргей ГУРЫН, Oсла, спецыяльна для "Звязды".

 

 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рыхтуючы гэтае інтэрв'ю, мы вырашылі пацікавіцца, а як справы са стварэннем электроннай краіны ў іншых месцах, дзе гэтыя працэсы пачаліся раней, чым у нас. Выбралі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика