12 залатых правілаў зарплаты ў 500 долараў. 21.by

12 залатых правілаў зарплаты ў 500 долараў

29.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЛЮДМІЛЕ ДАНІЛЕВІЧ, першаму намесніку начальніка Глыбоцкага райсельгасхарчу, аднойчы даяркі фермы «Удзела», філіяла «За Радзіму» ААТ «Камбікормавы завод», паскардзіліся: — Усё добра. І корм ёсць, і малака нібыта прыбавілася. Хацелася б і зарплаты большай! — Вы ведаеце, што зарплата ў вас напрамую залежыць не толькі ад колькасці, але і якасці малака, — адказала Людміла Данілевіч. — За сорт «экстра» надбаўка на 50 працэнтаў, ды яшчэ прэмія ў дадатак. А ў вас што? Ніводнага літра сортам «экстра» не здалі.

Даяркі ўзмаліліся:

— Людміла Іванаўна, мы ж стараемся. Усё робім, як трэба, па тэхналогіі. Але ж малочнакансервавы камбінат такую строгасць учыніў, што ніколі ў жыцці «экстра» не паставіць.

— Кажаце, па тэхналогіі? — перапытала Людміла Іванаўна. — Ну, давайце паглядзім, ці так гэта?

Одна з даярак спрытна падмыла вымя каровы і здаіла першыя струйкі малака ў кружку. Ужо ўзялася за стаканы, каб надзець іх на саскі, але Людміла Данілевіч перапыніла яе:

— Чакайце! Вось першае парушэнне тэхналогіі, якое якраз вельмі ўплывае на якасць малака. Пасля таго як здаілі па некалькі кропель малака, трэба апрацаваць саскі. У адваротным выпадку бактэрыі, якія размнажаюцца ў каналах саскоў, могуць быць перанесены вышэй па вымі, а потым пры дойцы трапяць у малакаправод.

— Але ж раней заўсёды рабілі так, — разгубілася даярка.

— Тое было раней і няправільна, — канстатавала Людміла Данілевіч. — Ёсць 12 залатых правілаў даення кароў, якія трэба выконваць строга паслядоўна. Паспрабуйце хаця б у выглядзе эксперыменту. Пабачыце: будзе ў вас і «экстра», і надоі ўзрастуць!

Ёй паверылі не вельмі ахвотна. Але да гонару кіраўніцтва гаспадаркі і заатэхнічнай службы пайшлі на эксперымент не толькі па гэтай ферме, але і іншых. Не адразу, але ўсё-такі атрымалі малако сортам «экстра» з фермы «Удзела». Фенамінальных, іначай не скажаш, вынікаў дабіліся на другой, самай адстаючай раней ферме гаспадаркі — «Падгаі». Тут дояць цяпер 14 літраў ад каровы ў суткі. Усё малако за першую дзесяцідзёнку студзеня гэтага года прададзена сортам «экстра»!

На адзін мільён вырасла зарплата ў даярак на ферме «Удзела». За снежань мінулага года, напрыклад, у Наталлі Шымко была 4,5 мільёна рублёў, а ў Марыны Петрага — 4,4 мільёна. Фактычна ў два разы яна ўзрасла ў аператараў фермы «Падгаі» Леаніды Рубашкі, Яніны Барткевіч, Людмілы Новік: з 2,1 мільёна рублёў да 4 мільёнаў!

ГЭТЫ яскравы прыклад з філіяла «За Радзіму» стаў адпраўным на раённым семінары-вучобе аператараў машыннага даення Глыбоцкага раёна. Іх сабралася ў Доме культуры больш за 200 чалавек.

Першым на ім выступіў старшыня райвыканкама Алег Морхат, па ініцыятыве якога і праводзілася мерапрыемства. Ён адзначыў, што раён па вытворчасці малака зрабіў летась крок наперад. Ад каровы надоена 4242 кілаграма (плюс 209 кілаграмаў да папярэдняга года). А такія сельгасфіліялы, як «Галубічы» і «Капыльшчына», і наогул перасягнулі пяцітысячны рубеж.

Шырокім фронтам вядзецца мадэрнізацыя малочна-таварных фермаў. На 12-ці будуць уведзены ў строй даільныя залы, а на 4-х — першыя ў раёне робаты. На гэта ідуць немалыя сродкі. І, вядома, усё гэта павінна прынесці аддачу. Тым больш што раён з’яўляецца базай сыравіны для мясцовага малочна-кансервавага камбіната. Апошняму ж, каб паспяхова канкурыраваць на ўнутраным і асабліва знешнім рынках, патрэбны не толькі аб’ёмы малака, але і яго якасць — сорт «экстра». Летась гаспадаркі раёна рэалізавалі яго 35 працэнтаў. Ад такога малака ў значнай ступені залежыць эканамічнае становішча гаспадарак і заробак аператараў машыннага даення.

Менавіта таму, як атрымаць якаснае малако, і была нададзена ўвага на семінары.

Разглядаючы гэту тэму, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Людміла Данілевіч заўважыла, што нічога складанага тут няма. Трэба толькі адносіцца да жывёлы, як да сябе, і самым строгім чынам вытрымаць тэхналогію, 12 так званых залатых правілаў даення, якія не толькі дазволяць атрымаць сорт «экстра», але да 30 працэнтаў дадуць прырост прадукцыі, станоўча паўплываюць на здароўе каровы.

Што ж гэта за 12 залатых правілаў? Вось яны.

Перад дойкай. 1. Праверыць стан  вымя  каровы.  2.  Скласці і  захоўваць  парадак  дойкі. 3. Заўсёды правяраць першую порцыю малака. 4.  Добра вымыць саскі кароў.

У час дойкі. 5. Праверыць узровень вакуума ў шланзе. 6. Замацаваць падвясную частку апарата адразу пасля апрацоўкі вымя. 7. Не перадаіваць кароў. 8. Праверыць, ці патрабуецца дадойванне.

Пасля дойкі. 9. Неадкладна прадэзынфіцыраваць саскі каровы.10. Прамыць даільную ўстаноўку. 11. Прасачыць за тэмпературай ахалоджвання малака. 12. Пракантраляваць рэгулярнае абслугоўванне даільнай ўстаноўкі.

Кожнаму правілу былі дадзены тлумачэнне, расшыфроўка. Напрыклад, правіла 4: добра вымыць саскі каровы. Некаторыя аператары толькі гэта і робяць. Але ж трэба, каб і сама карова была небрудная. І даярка была ў чыстым халаце і абутку.

Каровы павінны быць разбітымі на групы: сухастойныя, цэх вытворчасці малака і цэх раздою. Нельга даіць у малакаправод карову пасля расцёлу, з малозевам. У малозеве — 6 мільёнаў саматычных клетак, якіх хопіць, каб малако ад усяго статку зрабіць неякасным. Кароў адразу пасля расцёлу, а таксама старых, на запуск, словам — праблемных, трэба даіць у вядро, і малако ад іх зліваць асобна.

А яшчэ, што не раз падкрэсліла Людміла Данілевіч, гэтыя правілы павінны выконвацца ў строгай паслядоўнасці. І каб іх ведалі, як табліцу множання, яна раздала ўдзельнікам вучобы спецыяльную памятку аб правільнай тэхналогіі даення.

Старшыня райвыканкама Алег Морхат глянуў на гэту праблему шырэй. Ён распарадзіўся надрукаваць плакаты з 12-ю залатымі правіламі, павесіць іх на кожнай ферме.

Ну і, вядома ж, усё залежыць цяпер ад таго, як гэтых правілаў будуць прытрымлівацца выканаўцы. У кожнай гаспадарцы распрацаваны канкрэтныя мерапрыемствы па матэрыяльнаму заахвочванню за малако «экстра».

Калі лепшага аператара машыннага даення кароў Наталлю Смірнову з ААТ «Пятроўшчына», якая надаіла ад кожнай каровы за год 6690 кілаграмаў малака, папрасілі падзяліцца вопытам, яна сказала на гэты конт усяго некалькі слоў:

— Проста трэба любіць жывёлу!

Наталля Смірнова за апошнія гады раздаіла 150 кароў і абсалютна кожную ведае па клічцы! Прыехала на Глыбоччыну з Петрыкаўскага раёна, што на Гомельшчыне. На ферме працавалі яе бабуля, бацькі.

Старшыня райвыканкама Алег Морхат уручыў Наталлі Смірновай, а таксама іншым лепшым аператарам машыннага даення падзякі райвыканкама за плённую працу: у тым ліку Таццяне Білюк, Алене Курашэвіч, Яніне Барткевіч, Наталлі Харэвіч, Інне Піскуновіч, Ірыне Кавецкай, Святлане Катлёнак і іншым.

Дарэчы, адзначана летась Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі за поспехі ў жывёлагадоўлі і намеснік начальніка райсельгасхарчу Людміла Данілевіч. Яна лічыць, што гэта — аванс. Наперадзе — цікавая і напружаная праца!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЛЮДМІЛЕ ДАНІЛЕВІЧ, першаму намесніку начальніка Глыбоцкага райсельгасхарчу, аднойчы даяркі фермы «Удзела», філіяла «За Радзіму» ААТ «Камбікормавы завод»,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика