Якія навыкі, атрыманыя ў дзяцінстве ў гуртках, спатрэбіліся ў дарослым жыцці?
13.02.2013
—
Новости Общества
|
Дзяніс Шляхціцаў, лідар гуртка SKRІZHАLІ:
— У дзяцінстве бацькі пастаянна цягнулі мяне ў нейкія секцыі, хоць я і не праяўляў асаблівага імкнення. Але ж павінна дзіця нечым займацца. У выніку ў свае дзесяць гадоў я наведваў каля дзясятка розных гурткоў. Футбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, нават і цяжкая атлетыка крыху, нешта, звязанае з авіямадэляваннем, музыка, маляванне. А яшчэ — выпальванне па дрэве. Як жа без яго, асабліва ў невялікім правінцыйным гарадку? Думаю, перш за ўсё, гурткі давалі мне пастаянныя стасункі, пашыралі кругагляд, дапамагалі разумець элементарныя законы жыцця. У спадчыну ад тых часоў мне засталіся невялікія шрамы на каленках, музычныя азы і вялікае жаданне пазнаваць усё больш і больш. І ўсё ж я ніколі не аддам сваіх будучых дзяцей у нейкую секцыю, калі не пабачу іх цікавасці да гэтай справы. Дар'я Шафарэнка, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:— Я была досыць актыўнай дзяўчынкай у плане наведвання гурткоў, факультатываў, секцый. Спрабавала ўсё, што толькі можна. Гуляла ў валейбол, займалася танцамі, вучылася спяваць і іграць на фартэпіяна. Таксама памятаю, што наведвала гурткі па лепцы з цеста і па шыцці. У выніку без некаторых спраў я і цяпер жыць не магу. Напрыклад, валейболам займаюся кожны тыдзень. Гуляю за зборную факультэта. Танцы — гэта, зразумела, заўжды патрэбна, асабліва маладой дзяўчыне. Яшчэ я часам выступаю на канцэртах, таму ўменне спяваць таксама дарэчы. Невялікія сувеніры, якія дагэтуль умею рабіць з цеста, нядаўна дарыла сябрам. А вось родзічам даспадобы іншае маё ўменне з гурткоўскага мінулага: калі прыязджаю дадому, абавязкова нехта папросіць парамантаваць яму адзенне ці прышыць гузік. Ганна Кашырына, перакладчык з іспанскай мовы, г. Мінск:— Займалася шмат чым: гімнастыкай, плаваннем, танцамі. Усе гэтыя заняткі вельмі карысныя, дапамагаюць забяспечыць добрае здароўе ў будучыні. Думаю, самы значны навык, які прыносіць карысць і сёння, — гэта плаванне. Вельмі люблю ваду, цудоўна адчуваю сябе ў гэтай стыхіі. Можа таму, што "рыбка" па гараскопе? Яшчэ адным маім захапленнем у школьныя гады быў юніёрскі аўтаспорт. З першага погляду можна сказаць, што справа зусім не дзявочая. Тым не менш я навучылася добра ездзіць, упэўнена адчуваць сябе за рулём, а ў 18 гадоў атрымала правы кіроўцы. Аб адным толькі цяпер крыху шкадую: у ліку гурткоў і секцый, куды давялося хадзіць, не аказалася музычнай школы. Бацькі мяне не прымушалі, ды і, калі была маленькай, сама асаблівага інтарэсу не выказвала. Затое цяпер рада была б валодаць пэўнымі музычнымі ведамі. Сесці і самастойна разабрацца ўсё ніяк не дае лянота. Падрыхтавала Ганна ГАРУСТОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— У дзяцінстве бацькі пастаянна цягнулі мяне ў нейкія секцыі, хоць я і не праяўляў асаблівага імкнення. Але ж павінна дзіця нечым займацца. У выніку ў свае дзесяць...
|
|