"Маякоўскі не пісаў супраць Хрыста...". 21.by

"Маякоўскі не пісаў супраць Хрыста..."

20.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Цікавая сустрэча

Усё выпадковае — самае запамінальнае і цікавае. Асабліва — выпадковыя сустрэчы. Вы самі ніколі не заплануеце такога, што для вас запланаваў лёс. Галоўнае — правільна скарыстацца прадастаўленай магчымасцю. Вось і я зусім выпадкова апынуўся ў Маскве. Вырашыў наведаць знакаміты музей Маякоўскага на Лубянцы. Выпадкова даведаўся ад касіра, што дырэктар музея родам з Беларусі. І вось — я ўжо ў кабінеце Святланы Стрыжнёвай, на той час дырэктара Дзяржаўнага музея Уладзіміра Маякоўскага (на працягу вось ужо 31 года).

Шчырая размова з гэтай цікавай жанчынай стала яшчэ больш актуальнай літаральна апошнімі днямі. Справа ў тым, што ў музеі змяніўся кіраўнік і ўладамі было заяўлена аб рэканструкцыі музея. Грамадскасць разам з работнікамі музея стала пратэставаць і абараняць ад знішчэння ўнікальную экспазіцыю, якая была створана пад кіраўніцтвам менавіта Святланы Яфімаўны. Апошнія навіны з Масквы сведчаць аб тым, што ўсё ж такі экспазіцыю знішчаць ніхто не будзе: на час рамонту ў будынку музея яе перанясуць, а пасля вернуць на месца. Я прапаную вам інтэрв'ю аб унікальнасці экспазіцыі, сапраўдных прычынах самагубства Уладзіміра Маякоўскага, яго відавочнай хрысціянскасці, а таксама аб лёсе нашай зямлячкі.

— Раскажыце, калі ласка, як вы апынуліся ў Маскве?

— Па нацыянальнасці я беларуска. Мае бацькі, усе мае карані — беларускія. Нават нядаўна мой аднакласнік Уладзімір Крукоўскі, які выдаў кнігу аб прыватных гербах ("Срэбная страла ў чырвоным полі: з гісторыі беларускіх прыватных гербаў"; дарэчы гэтая кніга, выдадзеная ў 2010 годзе, была сумесным праектам рэдакцыі нашай газеты і РВУ "Літаратура і мастацтва". — аўт.), высветліў, што па лініі майго дзядулі, па маці, я паходжу са старажытнага шляхецкага роду. Я вельмі павесялілася з гэтай нагоды (смяецца). Справа ў тым, што пра сябе заўсёды кажу, што я дзіця дружбы народаў, бо нарадзілася ў страшным 1937-м. Але ва Украіне, бо мой бацька атрымаў па камсамольскай пуцёўцы накіраванне ў Данбас. Ажаніўся ён з маёю маці ў Беларусі, а жыў ужо ва Украіне.

Калі пачалася вайна, я аказалася ў эвакуацыі ў Казахстане, потым з 1943 года была разам з бацькам у Сталінградзе і на Доне. Пасля мы апынуліся ў Эстоніі. Там я перажыла шмат горкіх момантаў. Гэта быў 1945 год, адразу пасля Парада Перамогі. Жылі ў Тарту. Быў вельмі цяжкі час. Былі там і "лясныя браты", шмат чаго было... І бацьку майго арыштавалі, а ў выніку — тры гады турмы. Ён не хацеў даваць паказанні на свайго камандзіра, з якім вайну прайшоў. Камандзіра палічылі за ворага народа, а бацьку за тое, што не здаў яго, пасадзілі. Потым, натуральна, адпусцілі. І, можа быць, таму, што гэта было ў Эстоніі, яго ўзялі вольным слухачом у Тартускі ўніверсітэт.

Пасля з бацькавай даваеннай працы прыйшло пісьмо з просьбай вярнуцца, а мы, зразумела, з ім паехалі. Потым бацькі разышліся... Без разводу... І я такім чынам аказалася ў Брэсцкай вобласці, у Ружанах, дзе жыла малодшая маміна сястра. Там я скончыла школу з залатым медалём і вырашыла паехаць у Маскву. Паступіла ў Маскоўскі ўніверсітэт. Вось так я тут і аказалася. Скончыўшы філалагічны факультэт, атрымала накіраванне на працу ў Музей Льва Талстога, дзе працавала на працягу 21 года. І пасля ўжо другім маім месцам працы стаў Музей Маякоўскага.

— І больш вы ў Беларусі не бывалі?

— Калі я працавала ў Музеі Талстога, пэўны час была загадчыцай рухомага музея і, натуральна, імкнулася наведаць родныя мясціны ў Беларусі. Я працавала ў Беларусі па месяцы ў кожным горадзе. З Беларуссю ніколі сувязі не парывала і дагэтуль ганаруся сваімі сябрамі, падтрымліваю добрыя адносіны. У мяне там стрыечныя сёстры і браты. І маці мая пахавана ў Беларусі, таму я часта бываю на радзіме.

— А чаму перайшлі ў Музей Маякоўскага? Самі хацелі сюды?

— Не, гэта таксама была даволі складаная гісторыя. Пасля рухомага музея я стала загадчыцай Талстоўскай сядзібы ў Маскве. Усё было выдатна... (Я звычайна не кажу журналістам, якой была сапраўдная прычына майго пераходу.) У мяне ёсць легенда: калі жанчыне спаўняецца 40 гадоў, у яе з'яўляецца жаданне змяніць старога графа на маладога паэта (смяецца). Так усё і атрымалася. Там, у музеі Маякоўскага, проста быў вельмі цяжкі канфлікт, у якім давялося разбірацца, а я была партыйным сакратаром у Талстоўскім музеі і гаркам уключыў мяне ў камісію па разборы канфлікту. Потым мяне накіравалі сюды працаваць. Спачатку не хацелася ісці. Але з 1981 года ўжо я тут дырэктар.

— Вось вы змянілі "старога графа на маладога паэта". Але ж гэты паэт жорсткі, моцны. З ім, відаць, цяжка было будаваць адносіны?

— Шчыра кажучы, мне было з ім нялёгка. Асабліва спачатку, калі з ХІХ стагоддзя трэба было адразу ступіць у ХХ. Хоць я і скончыла філалагічны факультэт, было вельмі цяжка ўвайсці ў эстэтыку гэтага часу. Я з цяжкасцю ўяўляла пасля таго, як мела справу з працамі Рэпіна, Несцерава і іншых, якім чынам успрымаць нейкае мастацтва плаката. Псіхалагічна гэта цяжка было ўспрыняць. Але ў рэшце рэшт усё змянілася: прыйшлі веды, а з імі — і разуменне.

Святлана СТРЫЖНЁВА каля любімага фотаздымка Маякоўскага.

Ды і Талстоўскі музей даў мне магчымасць іншымі вачыма паглядзець на Маякоўскага. Бо ў Талстога заўсёды ляжала ў аснове псіхалогія, унутраная барацьба, сумневы, пакуты, тое, з чым ён прайшоў па жыцці. І калі я прыйшла сюды, мне было зусім незразумела, як такая магутная фігура, як Маякоўскі, з такім трагічным канцом, была прадстаўлена як абсалютна ясная, без аніякіх унутраных супярэчнасцяў — паэт Кастрычніка, сацыялістычнага будаўніцтва. І ўсё было ясна, і ўсё было проста. І станавілася незразумела, чаму ж тады было 14 красавіка 1930 года? Можа быць, з гэтага сумневу, які ў мяне ад талстоўства ідзе, і пачалася мая праца ў гэтым музеі ў трошкі іншым ключы. Спачатку з новых выставак, спроб расказаць аб тым жа, толькі іншай мовай. Мовай менавіта 20-х гадоў, а не 50-х, 70-х, 80-х... Гэтыя выставы выклікалі велізарную цікавасць на фоне класічнай, акадэмічнай экспазіцыі ў будынку, дзе ўсё было заліта мармурам, святлом.

— Так і ўзнікла думка, што трэба стварыць зусім іншую экспазіцыю?

— Менавіта. Можа быць, у іншым месцы яна павінна была быць іншай, але тут, дзе адбылася трагедыя, гэта павінен быў быць вельмі горкі і эмацыянальна моцны знак, які б прымусіў людзей, што сюды прыйдуць, перажыць унутраны шок. Гэта зусім не значыць, што наведнікі павінны быць згодныя з такой экспазіцыяй. І ў гэтай унутранай спрэчцы з намі, а значыць і з самім сабою, пачынаецца новае спазнаванне Маякоўскага. Трыумф і трагедыя — вось, напэўна, галоўная тэма. Бо зусім побач, праз дарогу, знаходзіцца Політэхнічны інстытут, дзе быў трыумф, дзе былі натоўпы, дзе было захапленне гледачоў, апладысменты. А толькі варта было перайсці цераз дарогу — і чалавек аказваўся сам-насам са сваім болем, са сваімі сумневамі, са сваімі нявырашанымі праблемамі. Такі маленькі шлях, але ён вядзе ад радасці і свята да пачуцця ўласнай непатрэбнасці. Хаця Маякоўскі і быў максімалістам, унутры ён — вельмі пяшчотны, ранімы, нават сентыментальны. Толькі ён хаваў гэта.

— Ці лёгка было ствараць новую экспазіцыю?

— Спатрэбілася не так шмат часу, колькі сіл. Стварылі хутка: малады калектыў, таленавітыя мастакі і вялікае жаданне. А вось адстаяць яе было складана. Было цяжка даказаць, што яна павінна быць менавіта такой. На тым месцы, дзе пачуўся стрэл, іншай экспазіцыі і не можа быць. Да таго ж гэтая экспазіцыя шматзначная, вельмі сучасная. Прычым сучасная для любога часу. Яна і пра Маякоўскага, і пра нас сённяшніх. І пра старэйшае пакаленне, якое рабіла рэвалюцыю, якое перажыло вайну, і пра зусім маладых, у якіх няма нейкіх ідэалагічных штампаў адносна Маякоўскага, якія ўспрымаюць паэта абсалютна свежа, для якіх ён з'яўляецца ўвасабленнем рытму, энергіі, аптымізму, чаго заўсёды так не хапае маладым. "Наперад час! Час наперад!"; "Стварай, выдумляй, спрабуй!" — гэта тыя лозунгі, якія насамрэч невыпадкова былі ў Маякоўскага і якія для моладзі вельмі актуальныя. Невыпадкова, што сама рытміка яго вершаў добра кладзецца на сучасны рэп. Пры жыцці Маякоўскі, можа быць, трошкі зайздросціў Ясеніну, бо таго спявалі ў любой кампаніі, а "паэта рэвалюцыі" толькі скандзіравалі пад марш. А вось цяпер многія пішуць музыку на вершы Маякоўскага. Беларускія "Песняры", напрыклад, зрабілі спецыяльную праграму, прысвечаную Маякоўскаму. І добра, што Маякоўскі вяртаецца. Самае галоўнае для паэта — гэта тое, што яго помняць.

— Вы сказалі, што Маякоўскі вяртаецца з дапамогай моладзі. Гэта яго вяртанне ў сучаснае грамадства, іншае, не такое, якім яно было 100 гадоў таму, можа дапамагчы яму (грамадству) знайсці выйсце, таму што шлях, па якім яно крочыць сёння, вельмі незразумелы?

— Я спадзяюся на гэта. Думаю, што менавіта таму моладзь і цягнецца да Маякоўскага. Яна знаходзіць у ім тое, што не знаходзіць у сучасным свеце, у грамадстве разладу, распаду, фантастычных супярэчнасцяў. А вось выразнасць, пэўнасць, акрэсленасць чалавечай пазіцыі, паняцце грамадзянскай адказнасці — гэта тое, што так нам цяпер неабходна. Разумееце, патрыятызм — гэта любоў да сваёй зямлі. Гэта не любоў да ладу, грамадства, урада, а толькі да сваёй зямлі. І тое, што Маякоўскі ўжо ў 1913-1914-х гадах піша супраць ладу, рэлігіі і ў той жа самы час піша заяву з просьбай прыняць яго ў армію, сведчыць аб яго патрыятызме. Сучасныя журналісты тлумачаць гэта няшчырасцю, кажуць, што ён хлусіў, прыстасоўваўся, паказваў пакору. Гэта сведчыць толькі аб людзях, якія такое пішуць, аб іх чалавечай пазіцыі. Вось яны так і робяць. А ён быў іншы.

Для яго гэта было не хлуснёй, не "наступаннем на горла сваёй песні", а неабходнасцю абараніць тую зямлю, на якой ён нарадзіўся. Так, ён быў нязгодны з гэтым урадам, ладам, але калі прыйшла бяда, не думаў, хто цар, хто гаспадар... Таму ён у 1928 годзе піша ў аўтабіяграфіі: "Пішу паэму "Дрэнна". Так Маякоўскі назваў усё напісанае ім пасля 1927 года. Ён ужо бачыў, ува што ператвараецца дзяржава. Справа нават не толькі ў кіраўніках, а ў тым, што адбываецца з народам. Тыя людзі, якія змагаліся за рэвалюцыю, цяпер былі заклапочаны люстраной шафай. "Абывацель" пачынаў размарожвацца ў чалавеку. І гэта было для яго самым страшным. Думаю, што гэта быў адзін са складнікаў той трагедыі 14 красавіка. Гэта не было расчараванне ў ладзе. Маякоўскі заўсёды верыў, і яму здавалася, што такі лад — самы справядлівы. Але ў той жа час ён бачыў, як гэтыя, здавалася, героі рэвалюцыі паступова ператвараюцца ў зусім іншых людзей. Менавіта таму ён піша цыкл вершаў "Аб дрэні", п'есы "Клоп" і "Баня", паказваючы сапраўдны твар партыйнай бюракратыі, якая нараджалася.

— І, нарэшце, паэт не вытрымаў... Таму і быў той трагічны дзень?

— У грамадстве нават дагэтуль ідуць спрэчкі, было гэта забойства ці самазабойства. Але, вывучаючы архіўныя дакументы, прыходзіш да высновы, што гэта — давядзенне да самазабойства. Дарэчы, сюды прыходзілі экстрасэнсы, здымалася перадача. Цікава было іх паслухаць, калі яны знаходзіліся ў пакоі, дзе ўсё адбылося. Трое з чацвярых сказалі адназначна, што гэта было самазабойства.

— Давайце вернемся да як быццам пакоры Маякоўскага, якую яму прыпісваюць. Прынята лічыць, што Маякоўскі не меў ніякага дачынення да рэлігіі, быў супраць яе. Але ж пакора, адданасць, вернасць радзіме — гэта глыбока хрысціянскае пачуццё...

— Насамрэч ёсць такое меркаванне. Цяпер адбываецца вельмі цікавая гісторыя. Тут, пад Масквой, ёсць горад Пушкіна. Раней гэта быў пасёлак, элітнае месца адпачынку маскоўскай інтэлігенцыі. У свой час Маякоўскі там здымаў лецішча. Яно стала філіялам бібліятэкі, і там захоўвалася традыцыя праводзіць паэтычныя сустрэчы, прысвечаныя Маякоўскаму. У 1990-я гады лецішча спалілі датла. І зусім нядаўна за аднаўленне яго ўзяўся мясцовы святар, айцец Андрэй. Нядаўна ён прыходзіў да мяне і расказваў, што ўсё ўжо адноўлена. Прыведзены да ладу помнік, які стаіць каля лецішча, у цэнтры горада ўсталяваны страчаны бюст Маякоўскага. Сказаў, што цяпер хоча яшчэ паставіць бюст Талстога. Там ёсць такі трохкутны сквер: з аднаго боку вуліца Маякоўскага, з другога — Талстога, і кагосьці яшчэ (дакладна не памятаю каго — здаецца, Прышвіна).

А бюст Маякоўскага адкрывалі 15 красавіка — гэта быў першы дзень Вялікадня. Многія вернікі дакаралі святара за тое, што ён на Вялікдзень адкрывае помнік ерэтыку. Але айцец Андрэй сцвярджае, што вершы, якія створаны як быццам супраць царквы, насамрэч напісаны супраць таго вонкавага, што ёсць вакол царквы, а па сутнасці сваёй ён абараняе сапраўднага Хрыста. Гэта вельмі цікава. Я раней не задумвалася аб гэтым. А цяпер думаю, што нездарма ж паэма "Чалавек" пабудавана проста па лёсе Хрыста: нараджэнне, узнясенне і гэтак далей. Ёсць творы, якія трэба проста ўважліва прачытаць.

Калі ён піша супраць папоў, зусім не значыць, што ён піша супраць Хрыста. Гэта вельмі складаныя рэчы. Калі ён крычыць "далоў вашу рэлігію", то ён глядзіць на рэлігію, якая закавана ў нейкія межы сваёй ідэалогіі. А яна далёкая ад ісціны вучэння Хрыста, бо Хрыстос не пісаў ніякіх кніг. Гэта дзіўна: сам Хрыстос не пакінуў пасля сябе ніводнай кнігі. Яго вучні пісалі. Гэта таксама штосьці значыць. Сваім жыццём, сваім дзеяннем, сваім подзвігам ён застаўся ў свядомасці людзей, а не кнігамі.

Калі глыбока задумацца, то, напэўна, любы чалавек, які прайшоў вельмі цяжкі, сумленны шлях выпрабаванняў, нават калі ён не хадзіў у царкву, ён ужо імкнуўся жыць па прыкладзе Хрыста. У любым выпадку такі чалавек бліжэй да Хрыста, чым тыя, якія ходзяць у царкву, а потым робяць прыкрасці.

Проста неабходна пастарацца забыць штампы, звязаныя з Маякоўскім, і прачытаць яго свежым вокам і розумам. Бо і сучаснікі Маякоўскага не заўсёды яго разумелі. Марына Цвятаева сказала, што "нашы ўнукі будуць азірацца на Маякоўскага не назад, а наперад".

Гутарыў Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара. г. Масква

Дарэчы Сёлета 120 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Маякоўскага. З гэтай нагоды ў Маскве будзе праходзіць шмат імпрэз. Калі па волі лёсу вы трапіце ў расійскую сталіцу, не палянуйцеся іх наведаць. І абавязкова завітайце ў музей, пакуль ён адкрыты.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё выпадковае — самае запамінальнае і цікавае. Асабліва — выпадковыя сустрэчы. Вы самі ніколі не заплануеце такога, што для вас запланаваў лёс. Галоўнае —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика