Калі дзіця мае інваліднасць, вашай сям’і ёсць каму дапамагчы
24.02.2013
—
Новости Общества
|
Дзеці не разумеюць, што такое інваліднасць, яны проста гуляюць разам. 20 лютага на сустрэчы клуба “Мы разам” для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да пяці гадоў, удзельнікі абмяркоўвалі юрыдычныя пытанні.Сустрэча адбылася ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Бацькі загадзя склалі спіс пытанняў, на якія адказвалі юрысконсульт цэнтра Таццяна Фалевіч і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Людміла Кебіч. Кіраўнік клуба псіхолаг цэнтра Алена Камісарук пачала са слоў аб тым, што бацькі не павінны ствараць вакуум над дзіцем толькі з-за таго, што ён ці яна мае абмежаваныя магчымасці. – Калі такое здараецца, то мы спачатку пачынаем шкадаваць сябе, потым дзяцей, думаем, што нам усе ўсё павінны… Адсюль гіперапека: не рабі тое, не гуляй там. Між тым самі дзеці не разумеюць, што такое інваліднасць. Яны проста гуляюць разам – і здаровыя, і з абмежаваннямі. Падтрымлівайце гэта. Вам спатрэбіцца цярпенне. Але заўсёды памятайце, што вашых дзяцей ніхто не будзе так любіць, як вы. Як пасля падсумавалі ўдзельніцы клуба, ніхто з іх не чакаў тут атрымаць настолькі практычную дапамогу. Разглядаючы прыватныя сітуацыі ўдзельніц, спецыялісты цэнтра распавялі, на якія льготы, грашовыя дапамогі бацькі маюць права і якім чынам іх можна атрымаць. – Хочацца, каб да нас прыходзіла больш бацькоў, – заўважыла Алена Камісарук. – Варта звяртацца адразу ж, як даведаліся пра тое, што дзіця мае інваліднасць. Мы заўсёды дзелімся каштоўным досведам, які ўжо атрымалі. Падтрымліваем і дапамагаем змагацца за свае правы. Да таго ж запрошаныя спецыялісты даюць бясплатныя кансультацыі. А ў канцы сустрэчы праводзім псіхалагічны трэнінг, каб можна было трошкі эмацыйна разгрузіцца. Таму тэлефануйце і наведвайце наш клуб, запрашаем! На наступнай сустрэчы ў сакавіку ўдзельнікі абмяркуюць магчымасці атрымліваць санаторна-курортнае лячэнне і адукацыю ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і адукацыі. Маладзечанскі цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва знаходзіцца па вуліцы Таўлая, 4. Тэлефон псіхолага, з якімі можна пагаварыць наконт клуба “Мы разам”, – 8(0176) 74-66-20. МЯДЗЕЛ. Бацькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі могуць звярнуцца па дапамогу ў цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна. Працуе ад 2000 года, прымае дзяцей ад 3 месяцаў да 18 год. Тут праводзяцца заняткі па сацыялізацыі ў грамадстве, выпраўленні і змяншэнні дэфектаў. Бацькі могуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу псіхолага, дэфектолага. Сацыяльны педагог растлумачыць пра сацыяльныя гарантыі, параіць, у якую навучальную установу паступаць выпускніку. У Мядзеле яшчэ працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Размешчанае яно ў паліклініцы. Аддзяленне наведваюць пераважна маладыя людзі ад 18 да 31 года. Але сярод наведнікаў ёсць таксама і двое дзяцей, і людзі, старэйшыя за 31 год. У аддзяленні наладжаная работа разнастайных гурткоў. Для моладзі і іх бацькоў працуе клуб “Сямейныя традыцыі”. Наведнікі аддзялення разам з бацькамі ездзяць у экскурсійныя паездкі, адзначаюць святы. ВІЛЕЙКА. Раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ёсць у Вілейцы. – У першую чаргу, у нас бацькі атрымліваюць адукацыйныя паслугі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця. Гэту групу наведваюць 10 дзяцей, – расказвае дырэктар цэнтра Святлана Клямячыц. – Бацькі аддаюць іх на дзесяць з паловай гадзін. А гэта вялікая палёгка для мам. Яны могуць адпачыць ці выйсці на працу – большасць з іх (сем з дзесяці) працуюць. Арганізаваны падвоз выхаванцаў ранкам і вечарам. Праводзяцца і з бацькамі разнастайныя мерапрыемствы, працуе бацькоўскі клуб “У коле сям’і нараджаецца душа”. Яшчэ ў цэнтры атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўзростам ад 1 да 3 год. А таксама карэкцыйную дапамогу – дзеці дашкольнага і школьнага узросту з разнастайнымі парушэннямі. Зоя ХРУЦКАЯ, Алесь ВЫСОЦКІ. Падрабязней пра льготы бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, чытайце праз тыдзень. Фота maminy-sovety.ru. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
20 лютага на сустрэчы клуба “Мы разам” для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да пяці гадоў, удзельнікі абмяркоўвалі юрыдычныя пытанні.
|
|