Чым не "фішка"?. 21.by

Чым не "фішка"?

28.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

48 ініцыятыў у сферы экатурызму паступіла на першым этапе праекта "Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё", які рэалізуецца ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі. Аўтары 23 заявак збіраліся ў Гродне, дзе конкурсная камісія вызначыла пераможцаў.

У рамках праекта мяркуецца стварыць стратэгію развіцця экатурыстычнага бізнэсу для шаснаццаці пілотных тэрыторый на Брэстчыне і Гродзеншчыне.

— Унікальнасць праекта ў тым, што гэта конкурс не асобных заяўнікаў, а тэрыторый. Былі нават выпадкі, што людзі прыходзілі на трэнінг, аднак расчароўваліся, зразумеўшы, што справа датычыцца не выдзялення фінансавай падтрымкі камусьці асабіста, а пабудовы турыстычнай суполкі, кластара. Аднак у цэлым цікавасць да конкурсу была вельмі высокай, атрымана больш заявак, чым чакалася, што сведчыць аб жаданні бізнэсу, мясцовых уладаў і грамадскіх аб'яднанняў супрацоўнічаць дзеля турыстычнай прывабнасці сваіх рэгіёнаў, — адзначае кіраўнік праекта Марына Бароўка.

Якія ж рэгіянальныя "фішкі" прапануюцца ў сферы экатурызму?

Напрыклад, у Шчучынскім раёне цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ТАА "СЭЛБІсэрвіс" ініцыяваў турыстычны маршрут "9 і 1/2 дзён". Ідэя ў тым, каб турысты спыніліся ў раёне як мінімум на 9 дзён, наведаўшы 9 агратурыстычных сядзіб, кожная з якіх вызначаецца нейкімі асаблівымі паслугамі. У адной гасцям прапануюць кулінарныя стравы гэтых мясцін, у другой запрашаюць да ўдзелу ў традыцыйным абрадзе, у трэцяй знаёмяць з народнымі рамёствамі, у чацвёртай робяць стаўку на транспартнае абслугоўванне (катанне на коннай брычцы, катамаране ці снегаходзе), у пятай — рыбалка, паход у лес па грыбы ці ягады, шостая арганізуе экскурсію на гісторыка-культурныя аб'екты... Такім чынам, новыя ўражанні можна атрымаць у кожны з дзевяці дзён. Плюс яшчэ паўдня (адсюль і назва маршруту), якія турысты праводзяць, як хочуць. І напрыканцы называюць лепшую, на іх погляд, аграсядзібу, якая атрымлівае прыз турысцкіх сімпатый.

— Дзякуючы праекту ПРААН інфармацыя аб гэтых сядзібах будзе ўключана ў міжнародныя каталогі. Акрамя таго, мы бярэм на сябе іх "раскрутку" на мясцовым узроўні, — кажа дырэктар цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва ТАА "СЭЛБІсэрвіс" Ігар Чарнякоў.

На талаку, дзякуючы якой у Беларусі здаўна рабіліся добрыя справы, спадзяюцца і ў Гродзенскім раёне. Па-суседску з Аўгустоўскім каналам ствараецца турыстычная тэрыторыя пад назвай "Чыстыя прадукты — экафуд", дзе будуць партнёрамі райвыканкам, фермерскія, агратурыстычныя гаспадаркі, ландшафтны заказнік "Азёры" і навучальныя ўстановы.

— Цяпер сутыкаешся з тым, што аграсядзібы быццам у даведніку і ёсць, але, па сутнасці, яны пачынаюць згасаць, не працуюць — хіба што па выхадных, а ў асноўным пустуюць. Таму наша задача — аб'яднацца дзеля таго, каб прапанаваць кліентам як мага больш якасных паслуг. Чым не "фішка", напрыклад, чыстая прадукцыя, якая вырашчана без хіміі? Прыехалі да аднаго з нашай каманды — падключаюцца другі, трэці. Каб было выгадна кожнаму і ўсёй тэрыторыі, — лічыць намеснік старшыні фермерскай гаспадаркі "Райская даліна" Міхаіл Чысцякоў.

Дарэчы, у некаторых удзельнікаў конкурсу ўжо ёсць "падмурак" для развіцця турыстычнай дзейнасці дзякуючы вядомаму брэнду тэрыторыі. Напрыклад, праект "Мотальскі шлях", які плануецца ў Іванаўскім раёне ў партнёрстве прадпрымальнікаў, аграсядзіб і мясцовых улад, скіраваны на тое, каб тутэйшыя мясціны цікавілі турыстаў не толькі падчас кулінарнага фестывалю "Мотальскія прысмакі". На думку дырэктара прыватнага прадпрыемства "Анікс Саніа" Мікалая Стасевіча, у аснове павінна быць самабытнасць, непаўторнасць родных мясцін — свае, мотальскія, сувеніры, далікатэсы. Што ён пацвярджае і на прыкладзе ўласнага прадпрыемства, вырабляючы кандытарскую прадукцыю па, так бы мовіць, хатняй рэцэптуры.

— Важна тое, што, развіваючы турыстычную інфраструктуру рэгіёна, мы стымулюем развіццё мясцовай эканомікі, — лічыць дырэктар фонду "Цэнтр садзейнічання развіццю і прадпрымальніцтву Белаазёрскага сельсавета" (Бярозаўскі раён) Анатоль Бялецкі, які прэзентаваў у Гродне праект па раскрыцці турыстычнага патэнцыялу сельскай мясцовасці ў даліне ракі Ясельда. — Рабіць стаўку будзем на нашу ўнікальную прыроду — экалагічны турызм, чыстыя прадукты харчавання. Вось паглядзіце: гэтая гарбата, ведаем, дапамагае пры прастудных захворваннях, а гэтая — мае супрацьзапаленчыя і супрацьрадыенуклідныя ўласцівасці.

Падтрымала конкурсная камісія і даволі незвычайны праект "Сярэднявечны Мір і даваенная вёска", які ажыццяўляецца ў Карэліцкім раёне па ініцыятыве і за сродкі дырэктара мінскай фірмы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў Паўла Радзюкевіча. Вёска Цінявічы, якая засталася без жыхароў і магла наогул быць выкрэслена з рэестра населеных пунктаў, атрымала другое жыццё дзякуючы стварэнню там сялянскай гаспадаркі "Белыя лугі".

Тэрыторыя населенага пункта, прылеглай ворнай зямлі і сенажацяў складае каля 50 гектараў. Купілі тэхніку, аднавілі частку ўгоддзяў, што не выкарыстоўваліся, стварылі каля пятнаццаці рабочых месцаў для людзей з суседніх вёсак. Пры гэтым, разам з вытворчасцю сельгаскультур і субстрату для цяплічных гаспадарак (дакладней, дзякуючы гэтаму) збіраюцца развіваць і агратурызм. У вёсцы зроблены водаправод, каналізацыя, частку хат купілі і дзесяць ужо пабудавалі — прычым новыя адразу ж стылізуюцца пад даўніну, пакрываюцца дранкай. Гэта будуць невялічкія гатэлі. Да восені мяркуюць дабудаваць пункт харчавання (карчму) і тады спадзяюцца распачаць прыём турыстаў. Зразумела, каб яны не толькі ўтульна адчувалі сябе ў Цінявічах, але і наведвалі Мір, Навагрудак, Нясвіж, мясціны Адама Міцкевіча ...

— Калі ставіць мэту зарабіць грошы, дык ёсць больш простыя варыянты. А гэты праект больш за ўсё прысвечаны нашай Радзіме, фарміраванню іміджу Беларусі як краіны са старажытнай гісторыяй, багатымі культурнымі традыцыямі, прывабнай, маляўнічай прыродай, добрай экалогіяй, — кажа Павел Радзюкевіч.

...Пераможцы конкурсу па праекце ПРААН "Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё" атрымаюць прафесійную падтрымку ў падрыхтоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця экатурызму, вядзенні турыстычнага бізнэсу, маркетынгу тэрыторый і прасоўванні турпаслуг на рынку, азнаёмяцца з айчынным і замежным вопытам у гэтай сферы. Пры гэтым да ўдзелу ў адукацыйных праграмах запросяць не толькі пераможцаў, але і іншых удзельнікаў конкурсу. У рамках праекта будзе таксама аб'яўлены конкурс ініцыятыў, пераможцы якога атрымаюць фінансавую падтрымку. Зноў жа, каб яна паслужыла інтарэсам не толькі канкрэтных суб'ектаў турыстычнай дзейнасці, а і ўсёй тэрыторыі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
48 ініцыятыў у сферы экатурызму паступіла на першым этапе праекта "Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё", які рэалізуецца ў Брэсцкай і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика