Гомель: моладзевыя бойкі з туркменскім акцэнтам. 21.by

Гомель: моладзевыя бойкі з туркменскім акцэнтам

28.02.2013 12:12 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гомель: моладзевыя бойкі з туркменскім акцэнтам

Радыё Свабода
Вялікі розгалас у Гомелі выклікала нядаўняе здарэнне, калі вялікая група туркмэнскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў дзяржаўным унівэрсытэце імя Францішка Скарыны, напала на маладую пару беларусаў. Хлопца брутальна збілі. Пацярпелі і іншыя прахожыя. Сутычкі з замежнікамі апошнім часам здараюцца ў горадзе перыядычна.




Падчас масавай бойкі пацярпеў і беларускі студэнт-трэцякурсьнік Уладзіслаў:

"Мы з братам і дзяўчынай ішлі на каток. Яны дагналі нас. Спачатку павіталіся. Потым сталі прэтэнзіі да брата выстаўляць: чаго ты размаўляеш па мабільніку? Пачалі чапляцца. Некаторыя з іх былі з палкамі — чалавек сорак іх было. Потым нібыта нас адпусцілі. Брат ішоў і размаўляў з аднагрупнікам. І тут яны нас зноў дагналі і без усякіх размоваў пачалі біць. Я яшчэ ўцякаў, дык мяне вось тут і злавілі, павалілі і пачалі біць".

Білі Ўладзіслава ў сквэры паміж вуліцамі Савецкай і Кірава. Гэта з аднаго боку - мэтраў за трыста ад Чыгуначнага райаддзелу міліцыі, а з другога - акурат за столькі ж мэтраў ад факультэту, дзе Ўладзіслаў навучаецца:

"Знялі пабоі - губа была разбітая, нос апух. Там цяпер, мусіць, завялі справу, я добра і ня ведаю. Двух ці трох чалавек знайшлі. Няхай там з імі міліцыя разбіраецца. Лічу, што садзіць іх трэба. Няхай назад яны ідуць у свае горы — і ўсё тут. Ім тут няма месца".

Ня толькі пацярпелы Ўладзіслаў, але і шмат хто яшчэ са студэнтаў заўважаў праявы нецярпімасці з боку замежных навучэнцаў. Пра гэта кажа студэнт-фізык Андрэй:

"Я лічу, што нейкі расізм існуе ў людзях, у сэрцах людзей. Па вялікім рахунку, гэта нядобра. Усе мы людзі, усе мы маем права на жыццё, на ўласную бяспеку".

Інтэрнат № 2, у якім жыве найбольш туркмэнаў
Інтэрнат № 2, у якім жыве найбольш туркмэнаў
​​
У аддзеле міжнародных сувязяў унівэрсытэту ня лічаць інцыдэнт нечым надзвычайным і гатовыя хутчэй спісаць масавую бойку на непаразуменне, чым лічыць яе праяваю міжэтнічнай напружанасці ў звязку з вялікай колькасцю замежнікаў, якія прыехалі навучацца ў гомельскія ВНУ:

"Хто яго ведае - мы нічога ня ведаем. У нас адбылася сустрэча з супрацоўнікамі міліцыі - і ўсё. Ніякіх там нападаў ні на кога няма. Вядома, іх шмат - каля 6 тысяч туркмэнаў па ўсёй Беларусі. У нас усё нармальна. Мы чакаем прыезду амбасадара. Ён ня толькі ў наш унівэрсытэт - ён у вобласць прыяжджае".

Тым часам міліцыя вядзе праверку па факце масавай бойкі:

"Цэнтральны РАУС праводзіць праверку па згаданым факце. Прычына будзе ўстаноўленая. На сённяшні дзень сітуацыя незразумелая. І яшчэ невядома, у які бок павернецца ўся справа. Заявы з двух бакоў. Спрэчныя пытанні там узнікаюць. Праверка падоўжаная".

Студэнты з Туркмэніі надзвычай неахвотна ідуць на кантакт і не раскрываюць матываў бойкі. Адзін з іх сказаў коратка:

"Чаму так адбываецца паміж грамадзянамі Туркменіі і грамадзянамі Беларусі? Заўсёды і абавязкова знойдуцца такія людзі, у якіх проста рукі свярбяць".

Агулам ва ўнівэрсытэце Скарыны цяпер навучаецца дзьве сотні грамадзянаў Туркменіі. Будучы беларускі выкладчык фізычнага выхавання кажа, што ў іх на факультэце таксама ёсць туркмены. І як бы прыязна да іх ні ставіліся, адрознасць была, ёсць і будзе:

"Справа ў веры. Мы - хрысьціяне, яны - мусульмане…. Яны пачуваюць сябе тут вельмі развязана, яны нічога не баяцца. Адчуваюць толькі сілу. Калі яны адчуваюць, што мы моцныя маладыя хлопцы, займаемся спортам - яны паводзяць сябе ціха. Калі адчуваюць, што хтосьці слабейшы, - пачынаюць нахабнічаць. Могуць падысьці да дзяўчыны якога-кольвечы славянскага хлопца і абразіць. Яны яшчэ нашых дзяўчат называюць „шалавамі“, прабачце за такі выраз".

Студэнт Аляксей, у групе якога вучацца замежнікі, назіраў паводзіны тых жа туркменаў непадалёк ад унівэрсытэту - у клубе "Плаза":

"Я быў нядаўна ў клюбе і бачыў, як яны сябе там паводзяць. Нас там пяцьдзясят чалавек, беларусаў. Тыя ж прыходзяць удваіх, ідуць у цэнтр кола і махаюць рукамі - ім усё адно. Пачуваюцца як у сябе дома, развязана. Магчыма, дзесьці на вуліцы нашы туркмэнаў і пакрыўдзілі. А ў іх такая нацыя, што яны адзін за аднаго стаяць. У інцыдэнце павінны не студэнты разбірацца, а кіраўніцтва, дзяржава, міліцыя. Словам, улады. На прыкладзе трэба паказаць, дзе іхняе месца. Калі штосьці ўчынілі - дэпартаваць на радзіму. Іншыя адразу зразумеюць".

Самі гамельчукі не заўсёды добразычліва ставяцца да замежнікаў. Былі выпадкі панажоўшчыны. Ня так даўно міліцыя ўціхамірвала бойку нібыта з-за дзяўчыны паміж беларускімі грамадзянамі і студэнтамі зь Емэну, Ярданіі і Палестыны ў забаўляльным цэнтры "Эўропа".

Некаторыя беларусы лічаць, што кіраўнікі навучальных установаў, а за імі і міліцыя, даволі паблажліва ставяцца да замежных студэнтаў: іхняе навучанне прыносіць установам грошы. Таму ўлады і не спяшаюцца дэпартаваць замежных забіякаў туды, адкуль тыя прыехалі. Такой думкі, прынамсі, трымаецца будучы матэматык з універсітэту імя Скарыны:

"Магчыма, іх не адпраўляюць таму, што яны на платнай аснове навучаюцца".

Студэнт-псіхолаг з таго ж унівэрсытэту імя Францішка Скарыны схільны бачыць у міжэтнічных інцыдэнтах розную сацыялізацыю асобаў:

"Людзі прыяжджаюць, але яны выраслі і сацыялізаваліся ў іншай культуры. Культурныя адрозненьні між нашым насельніцтвам і насельніцтвам іншых краінаў і могуць весьці да непаразумення. Агрэсія так ці інакш уласцівая чалавеку, і чалавек знаходзіць нагоду, аб’ект, каб праявіць сваю агрэсію".
 
 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вялікі розгалас у Гомелі выклікала нядаўняе здарэнне, калі вялікая група туркмэнскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў дзяржаўным унівэрсытэце імя Францішка Скарыны,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика