"Францішак, адбудуй дом мой..."
15.03.2013
—
Новости Общества
|
Вечарам 13 сакавіка ў Мінску паваліў сапраўды навагодні снег, а з коміна Сікстынскай капэлы -- белы дым, прыкмета таго, што ў каталіцкага свету на другі дзень канклава з'явіўся новы пантыфік. "Аnnuntіо vоbіs gаudіum mаgnum. Hаbеmus Рараm!", -- звярнуўся з лоджыі базілікі святога Пятра да цалкам запоўненай вернікамі плошчы кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран. -- Я абвяшчаю вам вялікую радасць. У нас ёсць Папа!". Тысячы пілігрымаў не шкадавалі галасоў, каб вітаць таго, хто будзе наступнікам Бенядыкта ХVІ. Ім стаў 76-гадовы архіепіскап Буэнас-Айрэса, езуіт Хорхе Марыа Берголья, які ўзяў сабе імя Францыска, аднаго з найбольш вядомых святых. "Каб даць Рыму епіскапа, браты кардыналы накіраваліся аж на край свету", -- у дэбютнай прамове да вернікаў пажартаваў пантыфік, чым адразу абазначыў, што з гумарам у новага папы, як і ў яго папярэднікаў, усё на ўзроўні
Хорхе Марыа Берголья нарадзіўся ў сям'і італьянскага эмігранта, атрымаў дыплом хіміка-тэхнолага. У 1958 уступіў у ордэн езуітаў, працягнуў вучобу, пасля выкладаў літаратуру, філасофію і тэалогію ў трох каталіцкіх каледжах. Захапляецца прозай Фёдара Дастаеўскага і Хорхе Луіса Борхеса. У жыцці імкнецца да сціпласці. Адмаўляўся ад дарагіх аўто, карыстаўся грамадскім транспартам, жыў у простай кватэры. Францішак — гэта яшчэ адзін пантыфік, які захапляецца футболам, з'яўляецца сябрам заўзятарскай арганізацыі вядомай каманды "Сан-Ларэнца", якую калісьці заснаваў айцец Ларэнца Маса. Існуе меркаванне, што і імя Францыск пантыфік выбраў невыпадкова. Бадай, адным з найбольш папулярных каталіцкіх святых з'яўляецца італьянец Францыск з Асізі. Згодна з паданнямі, ён шмат увагі ўдзяляў тым, хто знаходзіцца ў нястачы. Магчыма, менавіта на гэтым папа зробіць ухіл у сваёй працы? Дарэчы, даволі цікавай у праекцыі да папы будзе адна цытата, звязаная з дзейнасцю гэтага святога. Падчас адной з малітваў святы з Асізі быццам пачуў голас Ісуса Хрыста, які звярнуўся да яго са словамі: "Францішак, адбудуй дом мой, бо глядзі, ён руйнуецца". У звязцы з нашай нядаўняй размовай з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, які прызнаўся, што выбары чарговага папы — пачатак новага шляху ў гісторыі Касцёла", падобныя словы сапраўды робяцца сімвалічнымі. Цікава, як будзе працаваць першы папа-езуіт, першы пантыфік Францішак? Ці здолее стаць паслядоўнікам ідэй Яна Паўла ІІ і Бенядыкта ХVІ? Даведаемся ўжо хутка. Як сцвярджае лацінскі афарызм, "Теmрus nеmіnі!" — час сапраўды нікога не чакае. Народныя пытанніНа наступны дзень пасля абвяшчэння новага папы мы патэлефанавалі айцу Юрыю Санько, прэс-сакратару Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі, і задалі пытанні наконт вынікаў канклава, якія за бліжэйшы час паспелі атрымаць ад нашых чытачоў. — Айцец Юрый, чаму ў выбарах папы не ўдзельнічаў прадстаўнік Беларусі? — У канклаве прымаюць удзел толькі кардыналы, якім яшчэ не споўнілася 80 гадоў. Акрамя таго, у Беларусі няма свайго кардынала, а гэта і абумоўлівае тое, што ніхто з беларусаў не ўдзельнічаў у выбарах папы. Нават кардынал Казімір Свёнтак не ўдзельнічаў у тым канклаве, калі абралі Бенядыкта ХVІ, бо быў ужо ў старэйшым узросце. — А чаму спальваюць тыя бюлетэні, якімі кардыналы галасавалі? — Прыгажосць у тым, што гэта вялікая традыцыя. Але тут не трэба глядзець на сам працэс спальвання. Сам выбар трэба разглядаць у сваёй паўнаце. І толькі тады мы адчуем святасць гэтай падзеі. Ніхто не можа паўплываць на рашэнне кардыналаў. Ён, між іншым, робіцца людзьмі вельмі заслужанымі ў Касцёле, бо нельга прымаць сан кардынала проста так. Падобныя людзі сапраўды зрабілі вялікую працу ў развіцці Касцёла. Так, галасавалі яны таемна, аднак падлік робіцца ў прысутнасці кардыналаў. — Папа Францішак — гэта першы пантыфік-езуіт. Гістарычна склалася, што на нашых землях да езуітаў супярэчлівае стаўленне. — Не трэба кожнаму быць гісторыкам, каб заўважыць вялікі духоўны, інтэлектуальны, фізічны ўклад езуітаў у культуру нашага народа. Яны пабудавалі шэраг святынь, якія ўплывалі на нашу духоўнасць. А гэта фарныя касцёлы ў Нясвіжы і ў Гродне, кафедральны касцёл у Мінску, саборы ў Полацку, Пінску. Паўсюдна былі езуіцкія калегіумы, якія ўключалі ў сябе школы, аптэкі, шпіталі. Тое, што папа з'яўляецца езуітам, таксама важна, бо яны вельмі адукаваныя людзі і бароняць веру з заканадаўчага боку, Божага права. Думаю, нам патрэбен такі папа, які яшчэ з большым энтузіязмам пачне бараніць маральныя каштоўнасці, сям'ю, веру, развіваць яе. Што тычыцца сучаснасці, на Беларусі працуе толькі адзін езуіт — ксёндз Казімір Жыліс. — Як ставіцца да таго, што папам стаў лацінаамерыканец? — Сёння, калі Еўропа сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі (а гэта адыход ад веры, секулярызм), нам патрэбен быў папа, які паходзіць з іншага кантынента. Каталіцызм вельмі распаўсюджаны ў Лацінскай Амерыцы. Думаю, гэты выбар — подых Духа Святога, прадбачанне, што пантыфікам павінен быць менавіта гэты чалавек. Тарас ШЧЫРЫ. . Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вечарам 13 сакавіка ў Мінску паваліў сапраўды навагодні снег, а з коміна Сікстынскай капэлы -- белы дым, прыкмета таго, што ў каталіцкага свету на другі дзень... |
|