Беларускі інтарэс у Сінгапуры. 21.by

Беларускі інтарэс у Сінгапуры

21.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Абмяркоўваючы дасягненні Сінгапура, большасці каментатараў цяжка ўтрымацца ад эпітэтаў "лепшы", "выдатны", "унікальны". Для гэтага ёсць усе падставы. У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя Сінгапур быў тыповай краінай Паўднёва-Усходняй Азіі — з нізкім узроўнем жыцця, большасцю насельніцтва ў трушчобах, высокай злачыннасцю і карупцыяй, міжэтнічнымі і міжрэлігійнымі сутыкненнямі. Сёння ён стаў недасяжным лідарам Паўднёва-Усходняй Азіі па ўзроўні жыцця насельніцтва, ступені развітасці эканомікі, забеспячэння міжэтнічнага і міжрэлігійнага міру і гармоніі, эфектыўнасці барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй. Некалькі гадоў назад Сінгапур разам са Швейцарыяй узначаліў адзін з сусветных рэйтынгаў па памеры актываў, што прыпадаюць на адну сям'ю ў краіне. Адзначым, што ў рэйтынгу глабальнай канкурэнтаздольнасці Сінгапур таксама на працягу апошніх гадоў займае другое месца (пасля Швейцарыі). Пры гэтым Сінгапур традыцыйна з'яўляецца лідарам у сусветным рэйтынгу "Вядзенне бізнэсу", які вызначае ступень спрыяльнасці вядзенню камерцыйнай дзейнасці ў краіне. Па памеры ВУП Сінгапур таксама адзін з першых у рэгіёне, паколькі, нягледзячы на тое, што ў ім пражывае крыху больш як пяць мільёнаў чалавек, аб'ём нацыянальнай эканомікі перавышае 320 мільярдаў долараў. Пры гэтым сама тэрыторыя краіны складае ўсяго 710 кв. кіламетраў, што менш за тэрыторыю Беларусі ў 292 разы.

Закласці асновы такой неверагоднай трансфармацыі змог нацыянальны лідар Лі Куан Ю, які стаў прэм'ер-міністрам краіны ў 1959 годзе. Таму папулярнасць Лі Куан Ю ў краіне проста неверагодная, і не дзіўна, што цяпер прэм'ер-міністрам з'яўляецца яго сын, Лі Сянь Лун.

Сінгапур найбольш прывабны для Беларусі як адзін з самых магутных у свеце фінансавых і інвестыцыйных цэнтраў. Адзначым, што сёння па памеры золатавалютных рэсурсаў Сінгапур знаходзіцца на 11 месцы ў свеце з 259 мільярдамі долараў, апярэджваючы такія вялізныя краіны, як Германія, Францыя, Італія і ЗША. У прыватнасці, менавіта інвестыцыі з Сінгапура адыгралі значную ролю ў паспяховай мадэрнізацыі Кітая. Гэта і не дзіўна, улічваючы, што тры чвэрці насельніцтва Сінгапура — этнічныя кітайцы. Сінгапур можа ўзяць удзел у набыцці беларускіх каштоўных папер, адкрыць філіял аднаго са сваіх банкаў на нашай тэрыторыі, падзяліцца інавацыямі ў сферы вядзення фінансавай і інвестыцыйнай дзейнасці.

Пры гэтым інвестыцыі з Сінгапура часта спалучаюцца з найноўшымі тэхналогіямі, што таксама вельмі важна для нашай краіны. У спісе найбуйнейшых па капіталізацыі 500 транснацыянальных карпарацый (ТНК) свету ў 2010 годзе ў Сінгапура налічвалася 6 ТНК. Беларускі інтарэс у гэтай сферы звязаны ў тым ліку са стварэннем і развіццём Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Як вядома, асноўныя кірункі яго дзейнасці — стварэнне і развіццё вытворчасцяў у сферах электронікі, тонкай хіміі, біятэхналогій, машынабудавання і новых матэрыялаў. У гэтай сферы ў Сінгапура мноства пачынанняў. У яго таварным экспарце прамысловыя тавары складаюць амаль тры чвэрці.

Сур'ёзныя перспектывы магчымыя і ў супрацоўніцтве ў сферы фармацэўтыкі. На тэрыторыі Сінгапура размешчаны заводы найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній свету і экспарт фармацэўтычных тавараў з'яўляецца адным з галоўных экспартных артыкулаў. Для Беларусі развіццё гэтага кірунку эканамічнай дзейнасці — адзін з найбольш прыярытэтных.

Павучальны і вопыт Сінгапура ў сусветным гандлі. Па выніках 2010 года гэта невялікая па насельніцтве краіна стала сусветным экспарцёрам № 14 і сусветным імпарцёрам № 15 сярод усіх краін свету. Яе доля ў сусветным экспарце склала 2,31 працэнта. Як вядома, Беларусь з'яўляецца адной з найбольш экспартаарыентаваных краін Еўропы, і ад далейшых поспехаў на гэтым кірунку залежыць эфектыўнасць мадэрнізацыі эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва. Асаблівы інтарэс для Беларусі мае вопыт Сінгапура ў арганізацыі экспарту паслуг. Па выніках 2010 года Сінгапур змог ажыццявіць экспарт паслуг амаль на 112 мільярдаў долараў, што ў шмат разоў перавышае беларускі паказчык. Нацэленасць Беларусі ў апошнія гады менавіта на развіццё экспарту паслуг, які традыцыйна для нашай краіны мае дадатнае сальда, перавышаючы імпарт паслуг, робіць досвед Сінгапура ў гэтай сферы важным для нас.

Варта павучыцца ў Сінгапура і здольнасці дыверсіфікаваць свой экспарт. У гэты момант асноўныя патокі экспарту прыкладна ў роўным аб'ёме размяркоўваюцца паміж Малайзіяй, Ганконгам, Кітаем, Еўрапейскім саюзам і Інданезіяй. Адпаведна, краіна з'яўляецца менш уразлівай да праблем на тым або іншым рынку. У Беларусі сёння асноўны экспарт сканцэнтраваны ўсяго на двух рынках — Еўрапейскім саюзе і Расіі, што больш рызыкоўна. Безумоўна, тут мае значэнне і адсутнасць у Беларусі выхаду да Сусветнага акіяна, але неабходнасць дыверсіфікацыі экспарту па ўзоры Сінгапура відавочная.

Можна чакаць, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Сінгапур з прадстаўнічай урадавай дэлегацыяй паслужыць усталяванню доўгачасовых і ўзаемавыгадных дзелавых і палітычных адносін.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін

Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,

доктар палітычных навук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абмяркоўваючы дасягненні Сінгапура, большасці каментатараў цяжка ўтрымацца ад эпітэтаў "лепшы", "выдатны", "унікальны". Для гэтага ёсць усе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика