Лебядзіная... атака. 21.by

Лебядзіная... атака

29.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На свае вочы

Што можна ўбачыць падчас арніталагічнай экскурсіі?

Непадалёк ад горада над Нёманам, у наваколлі вёскі Беражаны, знаходзяцца біялагічныя сажалкі прадпрыемства "Гродна Азот", якія нават у моцныя маразы не замярзаюць. Зразумела, што гэтым не маглі не скарыстацца птушкі, якія ўжо не першы год тут зімуюць, а з надыходам вясны клапоцяцца пра сваё патомства. Цікава, як гэта адбываецца ў сёлетніх, так бы мовіць, экстрэмальных умовах сакавіцкага надвор'я?

Разам з прафесіяналамі карэспандэнт "Звязды" накіраваўся ў першую ў сваім жыцці арніталагічную экскурсію, якая адбылася ў межах міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Заалагічныя чытанні — 2013".

Удзельніку такой экскурсіі ў зімовы перыяд трэба мець цёплае адзенне, абутак і, зразумела, бінокль для назірання за птушкамі, камеры для фота- і відэаздымак. А таксама веды і пільнае вока, каб не толькі заўважыць, але і хутка вызначыць той ці іншы від птушак. Напрыклад, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Андрэй Храмогін ужо з самага пачатку нашага падарожжа ад гатэля "Беларусь" углядаўся ў нешта з машыны і штосьці пазначаў у блакноце. Як потым высветлілася, яшчэ ў горадзе Андрэй убачыў каўку, грака, шызага голуба і шэрую варону. А паблізу "азотаўскіх" біялагічных сажалак, куды мы накіроўваліся, былі заўважаны гілі.

Для птушыных патрэб тут чатыры сажалкі, што не замярзаюць. Пры гэтым умовы харчавання, мусіць, някепскія. Вада цёплая, тры тыдні таму на адной з сажалак гродзенскія арнітолагі заўважылі... сотні камароў. Мароз — не мароз, а цыкл развіцця ў насякомых ідзе. Пэўна, і гэта прываблівае качак і лебедзяў, якіх можна тут убачыць нават без бінокля. Зрэшты, як аказалася, тутэйшыя мясціны ўпадабалі не толькі яны...

Качкі-крыжанкі.

Паводле ацэнкі рэдактара сайта www. bіrdwаtсh.bу Дзмітрыя Вінчэўскага, на гэтых сажалках звычайна зімуюць да трох тысяч качак-крыжанак, а таксама шмат птушак іншых відаў. Увогуле ж на Гродзеншчыне сёлета зафіксаваны практычна ўсе птушкі, якія застаюцца на зіму ў Беларусі. Гэта каля 100 відаў з 323-х, што зарэгістраваны за апошнія 150 гадоў назіранняў. Як яны перажылі сёлетнюю зіму?

На думку Дзмітрыя Вінчэўскага, больш-менш звычайна. Зіма была ў параўнанні з іншымі больш жорсткая, як той казаў, больш сапраўдная. Але птушкі, асабліва вадаплаўныя, мелі фактычна тыя ж умовы, што і ў мінулыя гады.

А вось для тых птушак, што прылятаюць да нас з выраю, з-за цяперашняга, даволі нетыповага для сакавіка, надвор'я магчымыя непрыемнасці. Прыляцелі, напрыклад, шпакі альбо жаўрукі. Ім трэба, каб была прастора, вольная ад снегу, дзе яны могуць збіраць насенне. І калі зноў снегапад — цяжка. Шмат птушак, напэўна, загіне.

Дык навошта ім спяшацца з міграцыяй? Здавалася б, чакай цяпла і прылятай, калі ежа ёсць...

— Птушкі не могуць прадбачыць "капрызы" надвор'я. А чаму трэба прыляцець сярод першых? Найбольш дасведчаныя птушкі — гэта, як правіла, старыя самцы. Яны стараюцца заняць самыя лепшыя з пункту гледжання кармавой базы тэрыторыі. Звычайна ў тых пар, якія пачынаюць гнездаваць раней, большае патомства. Ёсць магчымасць гнездаваць двойчы за год, а ў дробных вераб'іных — нават тройчы. У тых жа, хто прыляціць пазней, на гэта ўжо менш часу, мусіш карыстацца тым, што не занята іншымі птушкамі. А то і ўвогуле нічога не застанецца, — кажа Дзмітрый Вінчэўскі.

Як адбываецца барацьба за тэрыторыю, мы ўбачылі на адной з сажалак, дзе мацнейшая пара лебедзяў-шыпуноў праганяла іншую. Тут зусім не жартачкі былі — сапраўдная атака! Лебедзі, раззлаваныя прысутнасцю канкурэнтаў, ледзь не ўдвая павялічваюцца, натапырваючы сваё апярэнне, і хутка плывуць, пакідаючы за сабой фарватар, у напрамку канкурэнтаў. Яшчэ з дзясятак метраў і... Але ў гэтым выпадку абыходзіцца без бітвы: пара, на якую нападаюць, рэальна ацэньвае свае магчымасці і таму не абараняецца, а ўзлятае і пакідае вадаём. А "пераможцы" адразу супакойваюцца.

— У Азёрах, на Белым возеры, я бачыў, як пара лебедзяў на працягу кіламетра атакавала канкурэнтаў. А тут для слабейшых яшчэ добра скончылася. Бо могуць і забіць, — зазначае старшыня грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Аляксандр Вінчэўскі.

— Няўжо на некалькі лебядзіных пар гэтай сажалкі не хопіць?

— Не. Гэта бакланы гняздзяцца калоніямі, бо харчуюцца не там, а прыносяць птушанятам ежу. Яны не ваююць за месца. А лебедзі змагаюцца за тэрыторыю для свайго патомства, дзе яно будзе харчавацца. Не адваююць — птушаняты загінуць ад голаду. І ў адной, і ў другой пары, паколькі яны будуць канкурыраваць.

— І што рабіць слабейшым?

— Шукаць іншыя тэрыторыі. Але там — горшая кармавая база: можа, адно птушаня застанецца альбо ўсе загінуць. Ці ўвогуле не размножацца. У прыродзе так: горшыя не павінны пакідаць патомства. І арнітолагі нядаўна звярнулі ўвагу, што ёсць шмат птушак, якія не размнажаюцца.

Дарэчы, у агрэсіўнасці лебедзяў аўтар гэтых радкоў пераканаўся летась на свае вочы падчас воднага падарожжа па Чорнай Ганчы ў Польшчы. Абараняючы патомства, самцы літаральна кідаліся на байдаркі турыстаў і доўга іх пераследавалі. Расказаў пра гэта арнітолагу з Любліна Яраславу Вёнцаку, які прыехаў у Гродна на "Заалагічныя чытанні" і ўдзельнічаў у гэтай экскурсіі. Маўляў, вось якія ў вас лебедзі, нашы спакайнейшыя. Але дзе там...

— Бачыце, і ў вас яны таксама агрэсіўныя, — усміхаецца Яраслаў пасля вышэйзгаданай сутычкі на сажалцы.

Хаця, пэўна, умовы пражывання ўплываюць і на "менталітэт" птушак. Напрыклад, качак на сажалках ля Беражан. Каб не спужаць іх, мы маглі назіраць толькі з даволі вялікай адлегласці. А вось у Індыі, дзе даўно забаронена паляванне, Дзмітрыю Вінчэўскаму падкрадацца да птушак з відэакамерай не трэба было, бо людзей яны практычна не баяцца.

...Пасля экскурсіі Андрэй Храмогін агучвае запісы з нататніка. Непасрэдна на тэрыторыі сажалак падчас нашага там знаходжання былі зарэгістраваны: вялікі савук, крыжанка, лебедзь-шыпун, савук-луток, вялікі грычун, стрынатка-чаротаўка, качка-чырка, чырок, шэрая чапля, качка-неразня, гогаль, арлан-белахвост. Сярод іх тры "чырвонакніжнікі" — вялікі савук, савук-луток, а таксама арлан-белахвост, які з'яўляецца самай вялікай драпежнай птушкай Беларусі.

Такія назіранні практыкуюцца арнітолагамі для таго, каб адсочваць тэндэнцыі знаходжання птушак на той ці іншай тэрыторыі і іх міграцыі. Напрыклад, раней на Гродзеншчыне была рэдкасцю вялікая белая чапля, а цяпер бліжэй да восені іх сустракаецца нават больш, чым шэрых. Значна больш стала і гнездаванняў лебедзя-клікуна, якога лёгка адрозніць па жоўтай дзюбе. Клікун, больш агрэсіўны, пачынае выцясняць свайго "субрата" — шыпуна.

А "хітом" сёлетняга зімовага сезона на Гродзеншчыне з'яўляецца новы для Беларусі від птушак — камчацкая чайка, якая заляцела да нас з Далёкага Усходу Расіі ці нават з Аляскі. Гэтую нечаканую госцю Дзмітрыю Вінчэўскаму пашчасціла ўбачыць напрыканцы мінулага года падчас шпацыру па набярэжнай Нёмана ў цэнтры Гродна. Прычым не толькі ўбачыць, але і зрабіць фота- і відэаздымкі. Дагэтуль камчацкая чайка рэгістравалася ў нашым зоагеаграфічным рэгіёне Заходняй Палеарктыкі толькі чатыры разы — у Прыбалтыцы, Вялікабрытаніі, Ісландыі і Фінляндыі. І вось цяпер у Беларусі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Непадалёк ад горада над Нёманам, у наваколлі вёскі Беражаны, знаходзяцца біялагічныя сажалкі прадпрыемства "Гродна Азот", якія нават у моцныя маразы не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика