Ад чаго лечаць у ЛПП?. 21.by

Ад чаго лечаць у ЛПП?

30.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У ніжнюю палату парламента паступілі прапановы ад спецыяльнай міжведамаснай працоўнай групы, створанай Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая вывучала пытанні ўдасканалення дзейнасці лячэбна-працоўных прафілакторыяў.

Прапановы гэтыя датычацца заканадаўчага замацавання трох момантаў: вызначэнне парадку і ўмоў накіравання ў ЛПП абавязаных асоб; накіраванне ў ЛПП замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі; магчымасць скарачэння тэрміну знаходжання ў ЛПП.

— Справа ў тым, што парадак і ўмовы накіравання абавязаных асоб (гэта значыць, тых, хто абавязаны кампенсаваць выдаткі дзяржавы на ўтрыманне ўласных дзяцей) не былі прапісаны ў законе; выпала з апошняй рэдакцыі і катэгорыя замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а такіх нямала, — патлумачыў "Звяздзе" Валерый ГАЙДУКЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы. — Што тычыцца скарачэння тэрмінаў, то першапачаткова такая норма была, але прымянялася яна не да тых, хто хутчэй вылечыўся, а зусім наадварот — да тых, хто стварае дадатковыя клопаты для адміністрацыі ЛПП. Аднак не сакрэт, што ў большасці выпадкаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіроўваюць не столькі каб вылечыць чалавека ад залежнасці, колькі каб даць сям'і магчымасць ад яго "адпачыць", бо жыць з такім сваяком невыносна. Вось і атрымліваецца: сям'я з цяжкасцю адправіць родзіча ў ЛПП (а гэта вельмі няпростая працэдура), а той праз паўгода вяртаецца і зноў не дае нікому жыцця.

Таму гэтую норму спачатку прыбралі, кажа дэпутат, а зараз яе ініцыююць у крыху іншым выглядзе: калі чалавек першы раз трапіў у ЛПП, то павінен адбыць там не менш за дзве трэці тэрміну, а калі ў другі раз — не менш за тры чвэрці (тэрмін знаходжання ў ЛПП, як правіла, 1,5-2 гады). "Пытанне досыць спрэчнае, — лічыць дэпутат, — бо нормы вызвалення звязаныя з тым, наколькі добра чалавек працуе, а не з тым, наколькі ён вылечыўся. Дзяржава выдаткоўвае вялікія сродкі на лячэнне, аднак ніхто не вядзе статыстыку, колькі з тых, хто выйшаў з ЛПП, вярнуліся да нармальнага жыцця. У нас ніхто не ведае вынікаў існавання гэтых устаноў, і нават няма разумення, хто павінен гэтыя вынікі адсочваць: ахова здароўя, міліцыя або мясцовыя ўлады. Ёсць людзі, якія трапляюць у ЛПП другі і трэці раз, і нічога не мяняецца ў іх жыцці да лепшага. Які ж тады сэнс?"

Парламенцкая камісія разам з прадстаўнікамі ўсіх зацікаўленых бакоў разглядае прапановы спецыяльнай міжведамаснай групы для ўключэння іх у новы законапраект "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх". Потым прапановы пройдуць парадак узгадненняў і зноў вернуцца ў парламент, пасля чаго законапраект будзе вынесены на сесію. Таму пакуль цяжка казаць, які праект закона атрымаецца на выхадзе. Гэта тычыцца і іншых новаўвядзенняў.

Галоўным недахопам работы ЛПП Валерый Гайдукевіч лічыць тое, што ніхто не бярэ на сябе асноўную адказнасць за дзейнасць гэтай сістэмы. Памылкова лічыць, што гэта справа МУС, кажа дэпутат, бо міліцыя толькі дапамагае, аднак асноўную работу павінны праводзіць мясцовыя ўлады — уладкоўваць на працу, кантраляваць, арганізоўваць псіхалагічную, сацыяльную і медыцынскую дапамогу.

На пытанне журналістаў, ці не лепей за ўтрыманне ЛПП абмежаванне продажу таннага алкаголю ў крокавай даступнасці, парламентарый адказаў: "Падобныя абмежаванні раней прымаліся, і не раз, аднак яны альбо ўпіраліся ў супраціўленне мясцовых улад, альбо выклікалі незадавальненне насельніцтва і масавыя атручванні самаробнымі альбо падробленымі алкагольнымі напоямі. Змагацца з алкагалізацыяй насельніцтва трэба комплексна, забаронныя захады тут неэфектыўныя. Трэба ўводзіць моду на здаровы лад жыцця, весці размову пра культуру спажывання спіртных напояў, праводзіць адпаведную работу яшчэ з дзецьмі ў школах".

Пакуль жа пытанне ліквідацыі ЛПП дачаснае, лічыць дэпутат, больш за тое, у некаторых краінах СНД задумваюцца пра вяртанне да падобных устаноў. Сёння з усіх постсавецкіх краін ЛПП працягваюць працаваць толькі ў Беларусі і Туркменіі. Прымусовая ізаляцыя з наступнай рэабілітацыяй па рашэнні суда існуе таксама і ў некаторых заходнееўрапейскіх краінах, напрыклад, у Германіі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ніжнюю палату парламента паступілі прапановы ад спецыяльнай міжведамаснай працоўнай групы, створанай Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика