"Наша мама ідзе замуж..."
30.03.2013
—
Новости Общества
|
Што было, тое было: дзве калінкі ў Аўцюках сустрэліся — самотныя-самотныя. "Ну са мной, — кажа адна, — дык усё зразумела: пяць дачок і ніводнага зяця. А ты чаго нос павесіла?" "Дык у мяне ж таксама бяда: адна дачушка, але зяць... ужо пяты". Думаеце, гэта анекдот? Не. Гэта, можна сказаць... эпіграф — да чарговага агляду конкурснай пошты. Бо ў ёй, як у доме Аблонскіх, змяшалася ўсё. У тым ліку і адказы — на самыя злабадзённыя пытанні. Кшталту: чаму так здараецца, што ніводнага зяця? І адкуль ён, ужо пяты? Ці справядліва гэта? Як не дапусціць такога становішча і г. д. Вас цікавяць адказы? Тады, калі ласка, кіньце вочкам на верхні здымак і... чытайце. Спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч прызнае, што цяпер і сапраўды Сітуацыя ліхая: Добрых хлопцаў не хапае... Выглядайма ж жаніхоў З маладзенечкіх гадоў! Што дзяўчаткі і робяць. Прычым (на думку спадара Віктара Трайкоўскага з Мінска) у правільным месцы! Каб са шлюбам не спазніцца — Каб у дзеўках не застацца, Трэба змалку клапаціцца І да ЗАГСа прымярацца. Як гэта рабіць? Калі не адказ, то падказка (і добрая) — ад спадара Уладзіміра Яцкевіча з вёскі Слонімцы Пружанскага раёна: Выбар хлопцаў не багаты, Але ж ён пакуль што ёсць. Дык чаго сядзець па хатах? Лепей тут лавіць свой лёс. (Вы ўсміхнуліся на слове пакуль? Не? Тады яшчэ раз кіньце вочкам на здымак...). З гэтага ж канверта яшчэ адна парада: У жыцці не ўсё так ладна: Хлопцаў мала — факт дакладны. Каб найлепшага ўрваць, Трэба шмат іх перабраць. Гэта значыць (калі мы правільна зразумелі), пахадзіць на спатканні, паліставацца — з адным, з другім, з трэцім... Але ж пры гэтым (як раіць спадар Міхаіл Дубовік з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна) галаву не губляць: Вецер дзьме на моры моцны, Хвалі — аж калышуцца... Ой, не верце, дзеўкі, хлопцам, Пакуль не распішуцца! Зрэшты, да гэтай парады прыслухаюцца, мусіць, нямногія. Бо не той цяпер час. Цяпер (на думку спадара Анатоля Гарачова з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна) дзеўкам больш уласціва іншае: Гадкі бягуць, жыццё цячэ Ад месяца да месяца... І трэба замуж — найхутчэй! Каб чым хутчэй... развесціся. Ці не па гэтай прычыне (часу няма) падобныя замужжы ніяк не афармляюцца? Навошта "нейкі запіс, акт, калі сысціся можна й так?"...Да таго ж, як піша спадарыня Любоў Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна: Хлопцы ад ЗАГСа Бягуць за вярсту... Дзеўкам за шчасце Прымераць фату! А ўжо прыбрацца ва ўсё вясельнае... Ну згадзіцеся, проста цуд, якія шыюцца цяпер сукенкі! Якія выпускаюцца туфелькі, наймаюцца машыны, купляюцца кветкі... А ўжо якія ладзяцца банкеты і прапануюцца падарожжы... Праўду піша спадар Яцкевіч: "Хто не марыць пра такое, той, лічы, што і не жыве...". А хто жыве, трэба разумець, марыць?! Калі не для сябе, дык для дачок (сваіх і чужых), для ўнучак... Паглядзеўшы на якіх (хоць на здымку), спадар Гарачоў піша: Пра ўсіх судзіць я не бяруся, Але найверагодней, Што калі мамы замуж пусцяць, То пойдуць хоць сягоння! Хто б сумняваўся... Пра тое ж радкі спадарыні Гудачковай: ...Маладзенечкіх — казалі — Сілай замуж выдавалі. Так было за даўнім часам. Зараз — лёцьма... І ўсім класам. "Я, вядома ж, не ўхваляю тых, хто вельмі рана жэніцца і замуж ідзе, але і не асуджаю, бо ведаю, што ў адных такі шлюб завяршаецца хуткім разводам, у іншых — вельмі шчаслівым сямейным жыццём", — піша спадарыня Гудачкова. Яна ж узгадвае выпадак, калі ў сельсавет прыйшлі 16-гадовая дзяўчына і 20-гадовы хлопец, каб, па-першае, распісацца самім, а па-другое... зарэгістраваць першынца... Відаць, якраз гэты ўспамін у якасці подпісу да здымка "прадыктаваў" Валянціне Апанасаўне радкі: Гэта дзіва ці не дзіва, Што сяброўка нарадзіла? Вось — спрачаюцца паўдня, Узгадняючы імя. "А яшчэ помню, — чытаем у тым жа лісце, як у пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя ўсім, хто першы раз уступаў у шлюб, выплачвалі па 70 рублёў кампенсацыі на заручальныя пярсцёнкі. Думаеце, сярод атрымальнікаў былі толькі маладыя? Не. Часам на рэгістрацыю прыходзілі сужэнцы, якія ўжо выгадавалі дзяцей і нават унукаў... А што? 70 рублёў на чалавека — гэта грошы былі. І тады нават вялікія". Вось пра іх, пра грошы, вы мяркуеце, у конкурснай пошце радкоў няма, бо быць не павінна — тэма зусім не тая? Як бы не так! Спадарыня Чыгрынава, паглядзеўшы на здымак, піша: Казалі, што класная замуж ідзе... Ды нешта ж ля ЗАГСа нікога... Нідзе... Стаўка ў школе задужа малая — Замуж настаўніц ніхто не хапае. Але ж гэта, калі верыць спадарыні Дубік з Барысава, настаўніц звычайных, шараговых... А вось у тых, хто ўжо падняўся па кар'ернай лесвіцы (ці на іншую стаўку?), шанцаў больш: Сёння ўрокі адмянілі, Што бывае рэдка. Збор ля школы аб'явілі — Жэніцца... дырэктар. А вучні, мусіць, толькі таго і чакалі — падтрымаць прыйшлі ў цяжкую хвіліну... А можа, баяцца, што без іх, без "сведак", ён возьме і перадумае — не пераступіць парог? А зрэшты... Можа, гэта і не ЗАГС зусім: Вось-вось запатрабуе час, Каб школа... грошы зарабляла. Дык пад майстэрню кожны клас! І пад жаніцьбу ўсе тры залы! З такой ідэяй, забягаючы наперад — цягніку ці часу — выступае спадарыня Святлана Іванец з вёскі Калачы Лагойскага раёна. Яна не тлумачыць, якія канкрэтна школьныя залы можна здаваць у арэнду. Але ж здагадацца, мусіць, не цяжка: спартыўную — пад танцы, сталовую — пад бяседу, актавую — пад рэгістрацыю шлюбаў. Дзе нявестаў ды жаніхоў набрацца? Ведае гэта спадарыня Марыя Грышчанка з Дзяржынска: Не відаць хлапцоў наўкола... Час дамоў варочацца: Дык мо кінуць тую школу, Калі замуж хочацца? І сапраўды, дадае спадар Гарачоў, які сэнс у яе хадзіць, калі "кніжкі ў сумцы, хлопцы ў думцы", альбо: "Нос у ваксе — думкі ў ЗАГСе" — Прымаўка здавён жыве: Двойкі ў ранцы — з ім на танцы: Кавалеры ў галаве. Але ж пры гэтым Не кажыце, што малыя, Што, маўляў, не дараслі. Дзеўкі ўсе мы баявыя Раз да ЗАГСа ўжо прыйшлі. Піша так спадар Яцкевіч. А вось чаго прыйшлі? Здагадка ад яго земляка спадара Нагулы з Івацэвіччыны: — Павучыў бы нехта нас Як зайсці ў гэты "клас"? — Перш, чым вам сюды ісці, Трэба трохі падрасці. (Анекдоты — у тэму. Дачка — вось такая, "не падрослая", на трэці дзень пасля вяселля скардзіцца бацькам, што мужык яе грэчку есці не хоча. "А як ты яе варыла?" — цікавіцца маці. "Варыла?" — перапытвае ў яе маладзіца... А маладзён адзін прызнаўся, што яму яшчэ рана заводзіць дзяцей, што ён маральна не гатовы — у прыватнасці, купляючы кіндар-сюрпрыз, некаму яго аддаваць). Значыць, трэба расці, сталець. Такое пажаданне і ў радках спадарыні Чыгрынавай. Ацаніце: Збіраць цукеркі пазнавата, Лавіць букеты — ранавата: Яшчэ крышку, падчачуркі, Пагуляйце ў лялькі-жмуркі. А заадно — падумайце, чаго вы хочаце ў жыцці: якую прафесію атрымаць, як жыць і, вядома ж, з кім, паразважайце над дасціпным (ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў): Маці паслухаць — Дык шчасце ў дыпломе, Шчасце па бацьку — Грошы у доме... Вельмі ж цікава Бабуля сказала: Шчасце, як замуж выйдзеш удала. І, дай Бог, за каханага чалавека, па-людску. У дзяўчатак (прынамсі, са здымка), як лічыць спадарыня Грышчанка, шанцы на гэта ёсць: Паўсюль цяпер "гражданский брак"... У іх жа будзе ўсё не так: Дарогу ў ЗАГС даўно ўжо знаюць — Каханых стрэнуць — завітаюць! А далей болей, гледзячы на здымак, лічыць спадар Гаўрыш: Каб зрабіць якісь прарыў У плане дэмаграфіі, Тут вядуць факультатыў Не па геаграфіі, А... Не падумаць, не сказаць: Як ім дзетак планаваць! І таму для дзяўчатак ці не самае галоўнае не паспяшацца і не нарабіць памылак у выбары спадарожніка жыцця і, адпаведна, бацькі... Зрэшты, навошта пра гэта прозай, калі ёсць рыфмаваныя радкі — у спадара Васіля Масько з Мінска: Не хвалюйцеся, дзяўчаткі, Прыйдзе вашая пара: Будуць шлюбныя пячаткі, Закрычаць бацькі "Ура!" А чаму б і не, замуж дачку аддаўшы — хоць першую (і апошнюю), хоць пятую... Дай Бог не ў пяты раз... І дай Бог — як людзі. А то цяпер (паводле спадара Гарачова) досыць часта назіраецца прыкрае (не пра гэтых дзяўчынак): Ні пры чым тут ЗАГС і вэлюм, Запіс, грамадзянскі акт... Напачатку — шлюб ля плоту... А вяселле будзе потым, Што даўно ўжо не факт... І ад чаго, як вынік — Усе жанчыны цяпер недаверкі. І на гэта маюць прычыны: Мужыкоў адбірае гарэлка, Забіраюць другія жанчыны... Канстатуюць гэта сужэнцы Астроўскія з Мінска. Вось на гэтым і завершым чарговы конкурсны агляд. Засталося назваць прозвішчы тых, хто напісаў найлепшыя радкі да папярэдняга здымка. На ім, нагадаем, два па-зімоваму апранутыя мужчыны чынна праходзілі міма рэкламнага стэнда з прыгожа аголенай дзяўчынай. Дык вось. На думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя каментары, найлепшыя подпісы да гэтага кадра зрабілі спадарыні Чыгрынава з Вілейшчыны і Васільева з Гомеля,спадары Гарачоў з Іўеўшчыны, Старых з Гомеля, Кісель з Мінска, Ляшкевіч са Століншчыны, Яскевіч з Пружаншчыны і сужэнцы Астроўскія... З чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету "Звязда" на трэці квартал застаецца ў сталіцы. Вызначыла пераможцу і рэдакцыя "Вожыка". Ёю (а значыць, атрымальнікам часопіса ў маі) стала Любоў Чыгрынава. Вам таксама хацелася б атрымліваць і чытаць беларускамоўныя выданні і пры гэтым не траціць свае грошы на падпіску? Тады... Тады паспрабуйце патраціць свой час: гэта значыць, уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак і прыдумаць да яго подпіс — дасціпны, кароткі (не больш за 8 радкоў), на беларускай мове.Толькі, калі ласка, не спяшайцеся яго (альбо іх, — колькасць варыянтаў не абмяжоўваецца) адразу ж, спехам адсылаць у рэдакцыю: хай крыху "адляжыцца", а вы ў гэты час (але не больш, чым тры тыдні) падумайце, перачытайце, пашукайце самыя дакладныя словы. У вас атрымаецца! Удачы! Валянціна ДОЎНАР, Фота Анатоля КЛЕШЧУКА. Ад іх жа шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не трапілі на старонкі газеты. У гэты раз. А ўжо ў наступны... Р.S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, пошта прынесла яшчэ адзін варыянт подпісу — ад Алы Тарасік з Мінска. Наша мама Ідзе замуж — Другі раз, Як водзіцца... Дочкі мужа Будуць нам Сёстрамі Прыходзіцца? Вось што могуць абмяркоўваць дзяўчаткі — дзве, магчыма, маміны і тры — татавы... А вы кажаце, што ў ЗАГС ім рана. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што было, тое было: дзве калінкі ў Аўцюках сустрэліся — самотныя-самотныя. "Ну са мной, — кажа адна, — дык усё зразумела: пяць дачок і ніводнага зяця. А ты чаго нос...
|
|