“Я сябрую крышку са сталовай лыжкай. 21.by

“Я сябрую крышку са сталовай лыжкай

30.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чым накарміць дзіця ў садку, каб дагадзіць і яму, і бацькам?

Дваццаць разоў на тыдзень нашы дзеці-дашкольнікі харчуюцца па-за домам. У дзіцячым садку, дзе яны бавяць свой час, пакуль бацькі на працы, заказаць асабістае меню немагчыма. Яго складаюць спецыялісты без удзелу бацькоў і тым больш саміх дзяцей. Бацькі, што аддаюць свайго сына ці дачку ў садок, спадзяюцца на майстэрства повараў і прафесійнасць выхавацеляў. Іх старанні могуць і не прыйсціся даспадобы дзіцяці, аднак аплата ў сувязі з гэтым не зменшыцца. Чым кормяць дзяцей у садках, як складаюцца меню і ці задаволены бацькі якасцю харчавання іх дзяцей у дашкольных установах? Пра гэта і многае іншае даведалася карэспандэнт “НГ”.

Карыснае і таннае

Часцей зазіраць у меню ў дзіцячых садках бацькоў прымусіла апошняе павышэнне платы за харчаванне. Згодна з пастановай урада № 123 ад 25 лютага гэтага года, узровень пакрыцця расходаў на харчаванне бацькамі замест былых 40 працэнтаў павялічыўся да 60.

Дакладныя лічбы залежаць ад узросту дзяцей, віду і рэжыму работы дашкольнай установы. У садках з рэжымам знаходжання на працягу 12 гадзін для дзяцей ва ўзросце ад аднаго да трох гадоў аплата зараз складае 178,2 тысячы рублёў у месяц, ад трох да шасці гадоў — 214,9 тысячы рублёў. У садках з рэжымам знаходжання дзяцей 10,5 гадзіны памер аплаты за харчаванне дзяцей ва ўзросце ад аднаго да трох гадоў складае 136,7 тысячы рублёў, ад трох да шасці гадоў — 173,4 тысячы рублёў.

Павелічэнне аплаты многія бацькі расцанілі як імкненне значна палепшыць якасць харчавання ў дзіцячых садках. Квітанцыя “пацяжэла”, аднак грашовая норма на харчаванне засталася, як і было раней. Калі ўзяць варыянт 173,4 тысячы рублёў на 21 працоўны дзень, атрымаецца, што харчаванне дзіцяці ў дзень каштуе прыкладна 8300 рублёў. Калі гэта 60 працэнтаў кошту, то сто працэнтаў — крыху менш за 14 тысяч. Сума невялікая. Як за гэтыя грошы можна пакарміць дзіця чатыры разы ў дзень? З такім пытаннем звярнулася ў дзіцячы садок № 239 горада Мінска і адправілася туды вывучаць меню.

У сэрцы “Сонечнага горада”

У садку, што носіць назву “Сонечны горад”, на ўваходзе бачу стэнд з фотаздымкамі повараў, якія штодзень гатуюць дзеткам пюрэ, супы, катлеты, кампоты. 

— Харчблок — гэта “сэрца” дзіцячага сада, — гаворыць загадчыца “Сонечнага горада” Таццяна Кузьміч. — Зазірнуць на кухню бацькі не маюць магчымасці па санітарных нормах. Таму, каб адсутнасць інфармацыі не спараджала ў бацькоў розныя домыслы, стараемся паказваць работу кухні з дапамогай фотаздымкаў на стэндах, а таксама на нашым сайце.

Чым звычайна цешаць дзетак повары? Пакуль малыя на прагулцы, самы час зазірнуць на кухню і ў меню. Апранаем белыя халаты і адчыняем жалезныя дзверы з шыльдачкай “Харчблок”. З парога адчуваюцца знаёмыя з дзяцінства пахі: злева — велізарная каструля бульбянога пюрэ, справа — кампот з апельсінаў. А вось і паднос з рыбнымі катлетамі, якія ўжо “чакаюць” свайго адпраўлення ў параканвекцыйную печ. На кухні працуюць два повары.

Усе ёмістасці прамаркіраваныя і падпісаныя. Пры ўваходзе кантрольная порцыя, побач — электронныя шалі, якія вызначаюць дакладнасць порцыі да грама.

Што будзе ў талерцы дзетак, залежыць і ад дыетсястры. Яна ўлічвае фізіялагічную патрэбу, норму харчавання, сезоннасць. Кантралюе працэс загадчыца. Таццяна Аляксандраўна да гэтага ставіцца сур’ёзна.

— Мы арыентуемся на энергетычную каштоўнасць усёй ежы за дзень, — расказвае яна. — Норма для ясляў — 1300—1500 кілакалорый, для садовых груп —1500—1900 кілакалорый. Суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў у прапорцыі 1:1:4.

— Сёння ўсе харчблокі ў дашкольных установах раёна цалкам забяспечаны халадзільным і тэхналагічным абсталяваннем, — працягвае экскурсію па садку начальнік аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Партызанскага раёна горада Мінска Наталля Лапо. — У 65 працэнтах садкоў усталяваны параканвекцыйныя печы, якія дазваляюць захаваць спажыўныя ўласцівасці прадуктаў пры цеплавой апрацоўцы, а таксама гатаваць шырокі асартымент паравых, прыпушчаных страў, вельмі карысных для маленькіх дзяцей, асабліва тых, што маюць схільнасць да алергіі. У апошні час асартымент страў значна пашырыўся. Павялічылася спажыванне рыбы, кісламалочнай прадукцыі, гародніны, сокаў.

Яшчэ адзін абавязак кіраў-ніцтва садка — сачыць за выкананнем грашовай нормы. І тых, што ўстаноўлены сёння, дастаткова, каб сфарміраваць меню з карысных страў, запэўніваюць Таццяна Аляксандраўна і Наталля Мікалаеўна. Адміністрацыя дзіцячага садка перыядычна праводзіць аналіз і глядзіць, чаго па норме дзеці недаелі, а чаго пераелі, потым меню карэктуюць.

Аказалася, што ў дзіцячым садзе ёсць дзеці з асаблівасцямі харчавання. Даведка ад урача аб харчовай алергіі — падстава, каб прызначыць дыету. Такіх дзяцей у садку каля 15. Іх колькасць год ад году павялічваецца. Для такіх дзетак распрацоўваюць спецыяльнае меню. У іх на стале не знойдзеш моркву ў салаце, малако, курыцу, цытрусавыя і, канешне, шакалад. На падвячорак тут даюць не цукеркі і пячэнне, а зефір, пасцілу, мармелад, багатыя пекцінам, ёдам, магніем і кальцыем.

У імкненні да дасканаласці

“Сонечны горад” пакінуў уражанне ідэальнай дашкольнай установы. Аднак далёка не кожны дзіцячы сад краіны сёння можа пахваліцца такімі ж умовамі, створанымі для арганізацыі харчавання дзяцей. Па даных Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у выніку аператыўных праверак харчблокаў устаноў адукацыі часам выяўляюцца і парушэнні — невыкананне санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму, а таксама парушэнне якасці харчавання, напрыклад, неправядзенне бракеражу прыгатаваных страў, няпоўнае выкананне норм харчавання.

У большасці сваёй бацькі не маюць магчымасці выбіраць садок у залежнасці ад сваіх уяўленняў аб тым, якім ён павінен быць. У некаторых населеных пунктах і раёнах буйных гарадоў уладкаваць дзіця ў сад па-ранейшаму праблема. Весці дзіця ў прыватны садок вельмі затратна для сямейнага бюджэту. Узровень бацькоўскай аплаты за наведванне прыватнага садка можна прыраўняць да ўзроўню сярэдняй заработнай платы па краіне. Застаецца толькі адно выйсце: імкнуцца да дасканаласці ў арганізацыі харчавання ў дзіцячых садках кіраўнікі дашкольных устаноў, бацькі і дзеці павінны разам. Толькі тады можна будзе наблізіцца да ідэалу.

  “НГ” спытала: Што, на ваш погляд, варта было б дадаць у меню дзіцячага садка?

Алена СЕЛЬМАНОВІЧ, праграміст,  Баранавічы:
— Хацелася б, каб у меню ўключалася больш страў з тварагу, а таксама было больш садавіны і гародніны. Безумоўна, гэта павялічыла б аплату за дзіцячы садок, аднак я магла б плаціць і больш той сумы, што існуе зараз, толькі каб быць упэўненай у тым, што ў рацыёне майго дзіцяці дастаткова страў, багатых на кальцый і вітамін С.

Юлія ВАНІНА, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі:
— Мяне як маці траіх дзяцей якасць харчавання ў садках задавальняе. Мая дачка вельмі любіць манную кашу, якую гатуюць повары ў яе садку. На жаль, у мяне самой манная каша так добра не атрымліваецца. А калі прыходзім у сад і бачым, што сёння ў меню любімая каша, дачка бяжыць на другі паверх бягом, каб пакаштаваць гэтую страву. Хіба гэта не паказальнік высокай якасці працы повараў?

Валянціна ПАШКЕВІЧ, выхавацель Лугаваслабадскога ясляў-сада Мінскага раёна:
— Лічу, што харчаванне дзяцей у садку хоць і таннае, але якаснае. Аддаю свайго сына ў сад і ўпэўнена, што ён атрымае свежапрыгатаваныя карысныя стравы. Не сакрэт, што далёка не ўсе бацькі маюць уяўленне аб правільным харчаванні і часта “адкупаюцца” ад дзіцячых капрызаў чыпсамі і шакаладкамі. А ў садку дзеці проста не маюць магчымасці паказваць капрызы апетыту, бо ведаюць, што чупа-чупсаў усё роўна ім ніхто не дасць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чым накарміць дзіця ў садку, каб дагадзіць і яму, і бацькам?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика