"Лянівыя старэюць раней!"
09.04.2013
—
Новости Общества
|
Наталля Наважылава ўпэўнена, што можна і ў 100 гадоў застацца вясёлым і здаровым Глядзіш на Наталлю Наважылаву — і дзіву даешся. Той жа бляск у вачах, які зараджаў з тэлеэкрана ў 1990-х. Той жа бадзёры голас, які падымаў з канап нават самых лянівых. Тая ж лёгкасць і плаўнасць рухаў... Змянілася толькі месца: былая тэлевядучая "Урокаў Наталлі Наважылавай" цяпер выкладае сучасны фітнэс ва ўласным цэнтры "Багіра". Менавіта там, у акружэнні мячоў, гантэляў і трэнажораў, вядомая фітнэс-лэдзі дала чытачкам "Звязды" сем урокаў маладосці, здароўя, бадзёрасці і прывабнасці... Урок першы: стройная — звонку, поўная — знутры Часта позіркам "выхопліваю" з натоўпу прыгожых людзей і радуюся за іх. Прыгажосць у маім уяўленні — гэта не толькі стройная фігура (здаровае, дагледжанае цела можа мець любыя <І>разумныя (!) памеры ) ды прыгожае адзенне, але і нейкая невытлумачальная энергетыка, якая зараджае сваім святлом. Праўда, апошнім часам чамусьці ўсё часцей і часцей сустракаю жанчын з сумнымі вачыма... Мяне заўсёды здзіўляла, што беларускі надаюць празмерна вялікае значэнне адзенню і касметыцы. І ў той жа час надаюць мала ўвагі свайму здароўю, фігуры. Яны горда ідуць па вуліцы з цэлюлітам, затое з макіяжам у тры слаі. А лепш бы наадварот!.. Згодна з Чэхавым, што "ў чалавеку павінна быць усё выдатна: і твар, і адзенне, і душа, і думкі". Па-сапраўднаму прыгожая жанчына, з аднаго боку, стройная — звонку, а з другога, поўная — знутры. Прыгожая жанчына без ўнутранага зместу — гэта заўсёды вельмі трагічна для яе самой. Бо, як правіла, мужчыны, якія цэняць толькі знешнюю прыгажосць, маюць не адну ляльку. Як толькі гэта "паднасілася", з ёй расстаюцца і набываюць новую. Урок другі: не махайце на сябе рукой Мае замежныя сябры здзіўляюцца таму, як шмат у нас маладых прыгожых дзяўчат! А вось дарослых жанчын, якія нарадзілі аднаго, дваіх, траіх дзяцей і засталіся спартыўнымі, дагледжанымі, на жаль, меней. За мяжой жанчыны пасля сарака выглядаюць лепш за нашых!.. Пакуль дзяўчына не дасягнула мэты — не выйшла замуж, яна сочыць за сабой. Знаходзіць на гэта і час, і сродкі. Пасля таго, як выходзіць замуж, у большасці, "махае на сябе рукой". Не толькі на знешнасць, але і на ўнутранае развіццё. Кар'ера адыходзіць на апошні план. А вось карміць мужа, даглядаць дзяцей — гэта ў нас моцна ў традыцыях. Праходзіць 10 гадоў — і тая стройная дзяўчына ператвараецца ў грузную цёцю. Не дзіўна, што муж сыходзіць. Хоць і пельмені не менш смачныя, і сарочкі папрасаваныя... І справа нават не ў фігуры... Проста ён развіваецца, а яна стаіць на месцы. Вось ужо пяты год я праводжу рэспубліканскі конкурс "Каралева фітнэсу Беларусі". Яго ўдзельніцы — звычайныя беларускі, якім ад 21 да 40 гадоў. Я хачу паказаць гэтых жанчын (сярод іх шмат маладых маці), якія вядуць здаровы лад жыцця, умеюць захоўваць прыгажосць, — усёй краіне. Бо ўсё ўзаемазвязана: жанчына перастае сачыць за сабой — зніжаецца самаацэнка, пачынаюцца праблемы ў сям'і, на працы. Многія пасля конкурсу падыходзяць і кажуць: "Дзякуй, у мяне павысілася самаацэнка. Мае родныя сталі па-іншаму ставіцца да мяне". Калі жанчына ў 40 гадоў выглядае на ўсе 60, значыць, яе ўсё задавальняе. Плыве па жыцці, як шчэпка: што ёсць — тое ёсць. Лянівыя людзі, якія нічога ў жыцці не хочуць мяняць, старэюць раней. Калі ўжо зрабіць практычна нічога немагчыма, тады яна апомніцца, нешта захоча змяніць, але не зможа. Не трэба даводзіць сваё цела, сваю псіхалогію да кропкі незвароту, да таго стану, калі ты глядзіш на сябе ў люстэрка і думаеш: "Ай, мне і так добра". Заўсёды паўтараю: калі табе няма чым заняцца, займіся сабой! Як? У каго ёсць магчымасць, пойдзе ў салон прыгажосці. У каго яе няма, можа выкарыстоўваць падручныя сродкі. Варыць жанчына клубнічнае варэнне — з двух-трох ягад можна зрабіць маску для твару. Галоўнае — любіць сябе, клапаціцца пра сябе. Урок трэці: ешце не больш, чым хочаце Мы харчуемся абсалютна няправільна. У дзіцячым садку — першае, другое, трэцяе і... кампот. Нельга прымушаць дзяцей есці ўсё гэта адразу. Порцыі ў нас вельмі вялікія. Мы з дзяцінства "разбіваем" страўнік. Чалавек прызвычайваецца нават візуальна, што талерка павінна быць "з горкай". І трэба ўсё даесці. Гэта лічыцца добрым тонам. Насамрэч чалавек павінен есці столькі, колькі хоча і калі хоча. У кожнага з нас ёсць як свой час тварыць і свой час любіць, так і свой час есці. Калі чалавек лішні раз нешта не з'еў, паверце мне і майму вопыту, арганізм знойдзе ўнутраныя сілы і мабілізуецца. Тоўстыя людзі, якія ёсць і ў Амерыцы, і ў нас, — гэта, як правіла, людзі, у каго жыццё абмяжоўваецца працай і домам. Пасля працы хутчэй да стала, да смачных катлет і галубцоў. Пасля галубцоў на канапу — і ўсё. І жыццё ідзе па крузе. А калі ты прыбягаеш дадому і ў цябе праз гадзіну сустрэча ці прэзентацыя, калі ты ўвесь час нечым заняты, то цэнтр жадання паесці падаўляецца. Пахудзець на тры кілаграмы за тры дні цалкам рэальна, пасядзеўшы на вадзе ці агурках. А пасля, вярнуўшыся да звычайнага рэжыму харчавання, набраць усе 4. Таму што арганізм не разумее, за што яго пазбавілі ежы. І ў страху, што вы яго зноў пасадзіце на галодны паёк, пачынае рабіць запасы. Усе экспрэс-методыкі ўкладваюцца ў адну схему: яны даюць хуткі вынік і вельмі непрыемныя наступствы. Каб назаўсёды пазбавіцца ад 3 лішніх кілаграмаў, неабходна цалкам перагледзець свой рацыён, які з узростам абавязкова трэба карэкціраваць. Калі б апошнія 5 гадоў я харчавалася так, як гадоў у 30, то цяпер бы перад вамі сядзеў чалавек недзе на 50 кілаграмаў цяжэйшы. Ужо шмат гадоў я не ем смажанага, бульбы, хлеба. А вось ад салодкага не адмаўляюся: у мяне пастаянна ёсць з сабой пакет курагі, пакет чарнасліву. Хто мне скажа, што курага не салодкая? Чалавек ёсць тое, што ён есць. Ад ежы залежыць і адценне скуры, і стан валасоў, і позірк. Нашаму арганізму ў першую чаргу патрэбны вугляводы, шмат садавіны і агародніны; пасля ў табліцы неабходных прадуктаў стаяць марскія і толькі на апошнім месцы — мяса. Я — за здаровае харчаванне. Адношу сябе да вегетарыянцаў. Знаходжуся на шляху да сыраядзення. Калі ўдаецца правесці хоць бы тыдзень на сырых прадуктах, адчуваю сябе лёгка, цудоўна. Урок чацвёрты: хочаш надзець кароткую спадніцу — надзень Калі ў мяне пытаюцца пра ўзрост, кажу, што мне два разы па 25. Я свайго ўзросту не адчуваю, ён мяне не напружвае, не турбуе. Проста ведаю, што ў мяне свой ход часу. Ёсць зямны час, а ёсць мой унутраны, біялагічны. Біялагічны ўзрост — гэта справа сур'ёзная. Захапляюся, калі бываю за мяжой і бачу, як 70-гадовыя дзядулі і бабулі ходзяць, узяўшыся за рукі, прыгожа апранаюцца, танцуюць і цалуюцца. І паспрабуй скажы, што яны старыя! Трэба проста разумець, што жыццё даецца адзін раз. Хочаш надзець кароткую спадніцу — надзень, хочаш праспяваць у парку — наперад! Поспех, грошы, бізнес — гэта, безумоўна, цудоўна. Але без кахання — ніяк. Менавіта яно нас усіх сілкуе. Я адбылася як маці. У мяне цудоўны сын. Сама шмат працавала і змагла рэалізаваць сябе ў справе. А для любімага чалавека хачу быць цікавым раманам з працягам, а не заставацца прачытанай кнігай на паліцы... Урок пяты: здзяйсняецца адна мара — трэба тут жа "ўключаць" другую Пачынала з таго, што хадзіла па дзіцячых садках і прапаноўвала правесці ўрокі для бацькоў і выхавацеляў: у абедзенны перапынак спартыўная зала, як правіла, пустуе. У адной руцэ — спартыўныя сумка, у другой — мяч, магнітафон — пад пахай... Але на той момант я была настолькі апантаная сваёй ідэяй... Свой клуб адкрыла пасля паездкі з мужам у Швейцарыю да сябра. Ён быў уладальнікам вялікага спартыўнага комплексу. Я дзеля цікаўнасці схадзіла туды на заняткі. І зразумела: па спартыўнай падрыхтоўцы дам 10 ачкоў наперад любому з яго трэнераў. Усё галоўнае ў нас у галаве. Калі чалавек нешта задумаў, вельмі моцна верыць і пры гэтым не сядзіць склаўшы рукі, то ў яго ўсё атрымаецца. І чым цяжэй нешта даецца, тым большую асалоду пасля атрымліваеш. Спаўняецца адна мара — не трэба ні ў якім разе спыняцца, трэба тут жа "ўключаць" другую! Трэба любіць жыццё, тады яно абавязкова адкажа ўзаемнасцю! Працалюбства, як і пачуццё прыгожага, мне прывілі бацькі. Тата быў канструктарам-мадэльерам мужчынскага адзення, мама — жаночага. У сям'і трое дзяцей. Бацькам даводзілася браць дадатковыя заказы, каб падняць нас на ногі. Ночы напралёт страчыла швейная машынка... Не дзіўна, што мы былі апрануты больш стыльна, чым іншыя дзеці. Урок шосты: цаніце здароўе, пакуль нічога не баліць Гадоў дваццаць таму я займалася ўсяго гадзіну ў дзень, і гэтага было дастаткова. Але з узростам нагрузку даводзіцца падвойваць: па законах біялогіі з часам мышцы губляюць сілу і пругкасць, і даводзіцца прыкладаць усё больш намаганняў, каб падтрымліваць іх у тонусе. Займацца спортам прымушае не сіла волі, а любоў і павага да сябе. Я не хачу ведаць, што такое астэахандроз і боль у паясніцы, не хачу прымаць таблеткі — гэта лепшы стымул для трэніровак. Зрэшты, я таксама не жалезная лэдзі і часам магу прапусціць занятак. Магу цэлы дзень прасядзець дома: чытаць кнігу, глядзець тэлевізар. Іншая справа, што маё "ай" не расцягваецца на гады, як у многіх, а доўжыцца ўсяго дзень-два. Пакуль у нас нічога не баліць, мы не цэнім сваё здароўе. Бо яно даецца нам бясплатна, і мы карыстаемся ім на ўсю катушку. Мы яго марнуем і направа, і налева, пакуль органы не пачынаюць здаваць. Таму інстынкт здаровага ладу жыцця трэба прышчапляць з дзяцінства. Гэта і ранішняя зарадка, і сумесныя сямейныя прагулкі на веласіпедах, паходы. Дзеці павінны браць прыклад з бацькоў, пакуль спорт не стане часткай жыцця. Урок сёмы: не жыві ўспамінамі — на гэта ў цябе ўся старасць. Стварай успаміны! Спорт — гэта... маё жыццё. Але, акрамя спорту, у мяне ёсць шмат іншых захапленняў: займаюся жывапісам, люблю фатаграфаваць. Мне падабаецца пісаць прозу. Падрыхтавала кнігу вершаў. Думаю, што вясной я яе выдам. Пераключаючыся з адной справы на другую, я амаль не стамляюся. І чаканне наступнага дня не навальваецца на мяне цяжкай ношай. Кажуць, старыя жывуць успамінамі. Маладосць жыве марамі. Дык вось у мяне ўвесь час з'яўляюцца новыя мары. І гэта мяне амалоджвае. Мару стварыць Нацыянальную школу фітнэсу. Разумею, што без дапамогі дзяржавы мне гэта не па сілах. Калі будзе магчымасць сустрэцца з новым міністрам, з кіраўніком дзяржавы, абавязкова ўздыму гэта пытанне. Яшчэ мне вельмі хочацца пражыць хаця б да 115 гадоў. Мару ўбачыць не толькі сваіх унукаў, але і праўнукаў. Нават прыдумала назву людзей, якія будуць жыць больш за 100 гадоў. Бо "чалаВЕК" — будзе ўжо неактуальна. А вось "чалаДОС", а маленькія "чалаДОСікі" — самае тое, бо "дос" па-іспанску — гэта два. Назва павінна ўкараняць у галаву чалаВЕКа праграму, што ён жыве не 1, а 2 вякі. Я нават планую стварыць сайт, дзе б мяне падтрымалі людзі, якія лічаць, што можна пражыць 100 гадоў і не ў інваліднай калясцы, не маразматыкам, а здаровым, вясёлым, творчым. Надзея ДРЫЛА. Фота Надзеі БУЖАН. Ад аўтара Напрыканцы размовы Наталля Наважылава папрасіла дапамагчы сабраць відэазапісы "Урокаў Наталлі Наважылавай", якія на працягу 7 гадоў трансляваліся па тэлебачанні. Бо вялікая частка праграм страчана, нешта з гадамі адсырэла, нешта рассыпалася... Магчыма, сярод звяздоўцаў ёсць тыя, хто глядзеў праграму, хто займаўся пад гэтыя відэатрансляцыі. Калі ў некага нейкія запісы засталіся, яна з задавальненнем на любых умовах іх выкупіла б. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наталля Наважылава ўпэўнена, што можна і ў 100 гадоў застацца вясёлым і здаровым Глядзіш на Наталлю Наважылаву — і дзіву даешся. Той жа бляск у вачах, які зараджаў з...
|
|