СІНЯЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ СТАЛІЦЫ. 21.by

СІНЯЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ СТАЛІЦЫ

11.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як літаратуразнаўцу і як чытача, мяне заўсёды хвалююць падрабязнасці чужога жыцця. Праўда, не ўсякага, а толькі пісьменніцкага. Заўсёды з задавальненнем чытаю ўспаміны (зразумела, калі яны напісаныя шчырым чалавекам, а не лакіравальшчыкам уласнага мінулага), дзённікі і лісты як вядомых, так і малавядомых літаратараў...

Аднак, як чалавек, знаёмы з вялікай колькасцю творчых людзей, часта думаю: ці хацелася б мне трапіць у такія ўспаміны, лісты, дзённікі? Шчыра кажучы, перспектыва таго, што маё прыватнае жыццё — няхай сабе і праз стагоддзі! — будзе "абсмоктвацца" незнаёмым мне чалавекам, выклікае ў мяне трывогу і непрыязнасць. А калі ўявіць, што гэта будзе, напрыклад, пры маім жыцці, ды яшчэ і зроблена не вельмі каб тактоўна?

Менавіта гэтыя роздумы замінаюць мне адназначна выказацца пра кнігу Антона Кулона "Сіняя кніга беларускага алкаголіка".

Наогул, ідэя кнігі пра алкаголь не проста вітала ў паветры — яна ўжо была рэалізавана: у 2006 годзе ў Расіі ўжо выходзіла "Сіняя кніга алкаголіка", якая набыла папулярнасць у багемных постсавецкіх чытачоў. А ў 2012 годзе з'явілася кніга з падобнай назвай, але цалкам самастойным зместам. Яе аўтара ў жыцці завуць Анатоль Астапенка (псеўданім свой ён добраахвотна раскрыў сам), і, як вынікае з прадмовы да мінскага выдання, ён добра ведае і пра першы расійскі зборнік, і пра своеасаблівую "Біблію" руху ананімных алкаголікаў — "Вялікую кнігу", і пра саму праблему п'янства...

Так выглядае, што "Сіняя кніга беларускага алкаголіка" была напісана з мэтай расказаць пра тое, што чалавек можа ўзняцца над сваімі слабасцямі і заганамі, калі возьме ў дапамогу грамадскасць, царкву і дактароў. Галоўны мэсідж кнігі — нават самы горкі п'яніца можа кінуць піць яшчэ "пры жыцці". Аўтар расказвае і пра таварыствы ананімных алкаголікаў, і пра праграму дванаццаць крокаў, і пра ролю сям'і, і пра фізічныя і маральныя пакуты, якія нясе Алкаголь (менавіта так, з вялікай літары піша гэтае слова Кулон, падкрэсліваючы дэманічную сілу напою). І ўсё гэта слушна і патрэбна. Вось толькі ёсць адно "але": аўтар значна больш пераканальны і цікавы не тады, калі ён настаўляе "на шлях сапраўдны", а тады, калі згадвае часы сваіх п'янак-гулянак...

Кніга падзелена на дзве часткі — "да" і "пасля". "Да.." — гэта вясёлыя гісторыі пра п'янкі, бойкі, авантуры, смешныя сітуацыі ў цікавай кампаніі вядомых у Беларусі творчых людзей, сярод якіх Міхась Стральцоў, Мікола Капыловіч, Кім Хадзееў.. "Пасля" — маралізатарскі пафас, павучанні, расказы пра вельмі правільных і харошых святароў і дактароў. Скажу шчыра, другую частку кнігі чытаць зусім не цікава, і асабліва з-за таго ментарскага тону, які дазваляе сабе пісьменнік у дачыненні да сваіх былых сяброў-сабутэльнікаў. Але і сціпласць і спагада да чужых хвароб (а алкагалізм, як мы ўсе ведаем, хвароба, якая цяжка вылечваецца), яшчэ нікому не зашкодзіў.

Што ж датычыць першай — угарнай — часткі кнігі, то чытаць яе надзіва цікава, і нават не столькі з-за таго, што многіх дзеячаў культуры, пра якіх тут ідзе размова, я ведала па падручніках літаратуры, але, у першую чаргу, таму, што пісьменнік здолеў перадаць атмасферу 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Вось здавалася б: што рамантычнага ў папойках на кухнях, у скверах, кацельных? А чытаеш — і адчуваеш тую радасць адзінства, сяброўства, зацікаўленасці адно адным, якая цяпер амаль знікла з чалавечых адносін.Так, пілі многа! Але і гаварылі шчыра, душэўна, і падтрымлівалі адно аднаго, і ў госці хадзілі не толькі па святах. Так — многа бруду, чаду, амаль жабрацкае (па сённяшніх мерках) існаванне. Але, разам з тым, практычна не адчуваўся і той усюдыісны дух татальнага спажывецтва, якое пранікла ў кожную клетачку сённяшняга жыцця, стаўшы меркай усіх рэчаў.

Але самым галоўным героем, як мне падалося, стаў сам горад Мінск, які красуе не параднымі фасадамі плошчаў і праспектаў, а сваім "сподам" — сутарэннямі, паддашкамі, кватэрамі ў спальных раёнах, дварамі і скверамі, якіх ужо няма. Ну і, безумоўна, "піцейнымі ўстановамі". Вось як апісвае аўтар культавы ў 1970—1980-я гады "Тэлевізар".

"Шмат выдатных людзей прайшло праз гэты... гэтую... Сапраўды, што? Кавярню? Установу? Забягалаўку? Месца адпачынку? Месца разбураных сем'яў і небарак, што завязалі з працай. Месца "абмытых" ганарараў і прапітых авансаў... Я буду гаварыць тут пра вядомае ў 1970—1980-я гады кафэ "Маладзёжнае". Але ў асяроддзі наведнікаў гэтая назва трывала адступіла сваё месца найменню больш адпаведнаму вонкаваму выгляду — шкляным да самай столі сценам, праз якія добра відаць, што робіцца ўсярэдзіне. Адным словам, "тэлевізар", ды і ўсё. Так і з'явілася народная назва кафэ "Маладзёжнае" — "Тэлевізар". Знаходзіўся "Тэлевізар" на рагу праспекта Леніна і вуліцы Багдана Хмяльніцкага, побач з гонарам таго часу — кінатэатрам "Кастрычнік". "Тэлевізар" быў у Мінску бадай што адзіным месцам, дзе можна было каўтнуць нейкі глыток свабоды, уцячы хоць на імгненне ад камуна-савецкай рэчаіснасці, ад палітінфармацый і суботнікаў, ад стукачоў, прадажных начальнікаў і ліслівых калег".

Наведвальнікамі гэтай установы былі пісьменнікі і музыканты, журналісты і мастакі. Антон Кулон расказвае пра іх жыва, з захапленнем, і ўсё выглядае праўдзіва. Чытаючы чарговую гісторыю пра нашых вясёлых дзеячаў культуры, цяжка ўстрымацца ад усмешкі. Ну, напрыклад, уявіце сабе эліту беларускага прыгожага пісьменства, якая вылазіць з каналізацыйнага люка проста на праспекце! Смешна? Адзінае што наўрад ці падзеляць гэты смех нашчадкі тых, хто апісаны ў гэтай кнізе. А яны, у адрозненне ад большасці герояў, жывыя і чытаць умеюць. Напрыклад, я знайшла некалькі імёнаў, якія належаць бацькам маіх знаёмых. І хоць не стала абмяркоўваць гэтую праблему з імі, усё ж не думаю, што яны асабліва шчаслівыя ад такога праслаўлення сваіх продкаў. Тым больш сітуацыя ўскладнена тым, што аўтар схаваўся за псеўданімам, а "героі" падаюцца пад сваімі сапраўднымі імёнамі.

І яшчэ адзін далікатны момант... Некалі чытаючы кнігу Стыга Ларсана "Дзяўчына з татуіроўкай дракона", я заўважыла, што ўвесь час хачу выпіць кубачак кавы. І не дзіўна, як высветлілася! Амаль на кожнай старонцы сваіх кніг Ларсан згадвае слова "кава". Дык вось, як гэта ні парадаксальна, але кніга Антона Кулона "Сіняя кніга беларускага алкаголіка", з'яўляючыся неацэнным матэрыялам з пункту гледзішча гісторыка літаратуры, які вывучае крыніцы творчай інспірацыі пісьменнікаў, можа саслужыць дрэнную службу людзям, якія маюць цягу да зялёнага змія. Бо, як ні круці, але піша аўтар пра алкаголь так смачна і пераканаўча, што міжвольна хочацца падняць чарку — за стары савецкі Мінск, за сяброўства, за беларускую культуру!

Ганна КІСЛІЦЫНА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як літаратуразнаўцу і як чытача, мяне заўсёды хвалююць падрабязнасці чужога жыцця. Праўда, не ўсякага, а толькі пісьменніцкага. Заўсёды з задавальненнем чытаю...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика