Вялікая вада
13.04.2013
—
Новости Общества
|
Ваду ў Петрыкаўскім раёне чакалі. Большую ці меншую, імгненную ці павольную, але да яе рыхтаваліся. Яе прадбачылі. Дарожныя службы і меліяратары, выратавальныя службы МНС і служба выратавання на вадзе, медыцынскія і сацыяльныя работнікі. І тым больш самі жыхары бліжэйшых вёсак запрыпяцкай зоны і набярэжных вуліц райцэнтра. Таму да прышэсця гэтай штогадовай вясновай госці тут ставяцца ўзважана, адсочваючы сітуацыю, пільна назіраючы за ростам узроўню вады ці, наадварот, за яго зніжэннем. Учора раніцай петрыкаўскі гідролаг-назіральнік Сяргей Багай зафіксаваў рост вады на сем сантыметраў. Узровень у матухне-Прыпяці дасягнуў 836 сантыметраў і перавысіў небяспечны ўзровень на 56 сантыметраў. Зонай асаблівай увагі ў гэтыя дні для работнікаў Петрыкаўскага аддзела па надзвычайных сітуацыях з'яўляецца тэрыторыя вёскі Снядзін і бліжэйшых да яе вёсак — Белін і Таргашын. Пра гэта паведаміў нашай газеце намеснік начальніка аддзела маёр унутранай службы Раман Палюкоў. Адрэзанымі вадою засталіся вёскі Валаўск і Маісеевічы. Туды двойчы на дзень ходзіць маторная лодка, перавозіць людзей. Пакуль не працуе паром і вадою заліты дарогі, экіпажу станцыі выратавання (ёю кіруе Андрэй Галіцкі) давядзецца дастаўляць людзей такім вось чынам. А гэты шлях складае добрых пяць кіламетраў. У самім Петрыкаве вада адрэзала вуліцы ў набярэжнай зоне амаль цалкам. Падтоплены падворкі і агароды. Але гаспадары напагатове і на той выпадак, калі раптам вада стане вышэй і з'явіцца ў дамах. На вуліцы Прыпяцкай, якая вядзе да парома, жыхары пабудавалі кладкі і масткі, перасялілі вышэй жывёлу, прыгналі пад ганкі лодкі. І ўсё ж петрыкаўцы спадзяюцца, што паўтору паводак, якія былі на Прыпяці ў 1979 і 1999 гадах, сёлета не будзе. Спадзяюцца на літасць прыроды і, вядома, на саміх сябе. Нездарма кажуць: на Бога спадзявайся, але і сам не спі. Анатоль Кляшчук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ваду ў Петрыкаўскім раёне чакалі. Большую ці меншую, імгненную ці павольную, але да яе рыхтаваліся. Яе прадбачылі. Дарожныя службы і меліяратары, выратавальныя...
|
|