Дома сумна. Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны. 21.by

Дома сумна. Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны

30.04.2013 11:42 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


♦  Падарожжа першае. Івакі
♦  Падарожжа другое. Кольна
♦ 
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
♦ 
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ 
Падарожжа пятае. Неглюбка
♦  Падарожжа шостае. Зялёны Мох
♦  Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
♦  Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
♦  Падарожжа дзевятае. Губарэвічы

Давайце скажам шчыра: мы ніяк не дачакаемся канца свету. Гэта ні я сказала, а Курт Ванегут. Але давайце скажам шчыра: нам усім патрэбна любоў. Дзеля яе мы і робім многія ўчынкі, добрыя і дрэнныя, дзеля яе і жывём, свядома ці несвядома, яе мы шукаем — дзе толькі можна. Мы знайшлі Любоў у Жлобінскім раёне.

Любоў і Верны — пасёлкі-суседзі на Жлобіншчыны. Любоў пакуль жыве, прадстаўленая трыма дзесяткамі жыхароў, Верны-сусед ужо ледзь ліпіць, усё ніжэй хіляцца да зямлі хаты, гаспадары якіх яшчэ раней схілілі галовы перад Вечнасцю. 


 

Хто прыдумаў такія назвы пасёлкам? Чаму сярод раўнінных палёў Жлобінскага раёна вырасла Любоў і Верны? Наўрад ці хто дакладна ведае. Ёсць розныя легенды.

Мясцовыя кажуць, што некалі, даўным-даўно — яшчэ ў мінулым стагоддзі, у Пірэвічах жыў пан, які меў трох дзяцей — Мікалая, Любоў і Веру. Таму так і ахрысціў ён суседнія пасёлкі: Мікольск, Любоў і Верны. Але іншыя спрачаюцца, што да рэвалюцыі ніякай Любові тут не было, і толькі пры бальшавіках пабудаваліся пасёлкі. Адзін мясцовы жыхар распавядаў рамантычную версію, што назва пасёлкаў — гэта «Верная любоў да Мікалая». Так зашыфравала назву пасёлкаў адна пані, якая ўладарыла тут і моцна любіла нейкага Мікалая. Можа, нават мужа. А можа, і не мужа. А можа, прыйшлі ў гэтыя краі рамантычныя бальшавікі, якія і далі назвы новым пасёлкам, можа, які навалач закахаўся ў мясцовую Любу, і быў ён Верны аж да смерці.

У пачатку 20-га стагоддзя ў гэтых мясцінах жыў памешчык Леанід Спыткоў. Мясцовыя ўспамінаюць, што памешчык валодаў спіртовым і сухарным заводам, але неяк вялікую партыю сухароў для замежжа забракавалі, памешчык стаў банкрутам, праз што зрабіў самагубства. Але не будзем пра тое. Будзем пра сёння.

Да Любові шлях такі: на дызель-цягніку да Салтанаўкі, потым пешшу кіламетры тры-чатыры. Дакладней, туды — тры кіламетры, а назад, здаецца — сем. На прыпынку расклад руху транспарту. Праўда, нічога не напісана. Прыехалі... 


 

Пасёлак мае адну вуліцу, без назвы, на дамах так і прыбіта нумарацыя: «п.Любовь, д.4». Жывуць тут пераважна пенсіянеры. Ля кожнага дому прабіты бярозы, цячэ ў слоікі і ПЭТ-бутэлькі сок. Смачны. За вуліцай адразу лес. Час вышчарбіў вуліцу: старыя спарахнелыя дамы сельскія ўлады зруйнавалі і закапалі, зараз дом-дом-пляміна-пляміна-дом. 


 


 


 


 


 


 

Вуліца — як рот у старой бабулі. «О, раней было ў нашым пасёлку каля дзвесце чалавек, зараз адны старыя, раней быў статак грамадскі — 90 кароў, а зараз на ўсю вёску адна карова!», — успамінае мясцовы жыхар. Ён змайстраваў для ровара драўляныя педалі, кажа, што вельмі зручныя і вечныя, лепшыя, чым заводскія. 


 

Яшчэ на пні мы знайшлі грыб-чагу. Кажуць, што ім можна вылечыць сто хвароб, нават анкалагічных. Такога грыбу, як мы бачылі, хапіла бы, напэўна, на лекаванне ўсёй вёскі. 


 

Жывуць тут дзве маладыя сям'і, па трое дзетак у кожнай. Рыта Саўчанка размаўляе з намі ў кароткіх перапынках праз вясковую няспынную працу: не зводзіць вачэй з двухгадовага сына-гарэзы, закідае бялізну ў пральную машыну-аўтамат, корміць куранят, закручвае бярозавік у трохлітровыя слоікі, гатуе абед, частуе нас кавай. 


 

Усё робіць хутка, якасна і спрытна. Дом — і звонку, і унутры — узор гаспадарлівага заможнага вясковага жыцця: добры рамонт, новая мадэрновая печ, пральная машына-аўтамат, прыгожы кухонны гарнітур. Рамонт кіпіць і зараз, планаў на жыццё ў Любові ў маладой сям'і шмат, столькі ж і энергіі. Па словах Рыты, у вёсцы сумаваць няма калі, бо вельмі шмат працы, асабліва вясной — каштоўная кожная хвіліна.

«А што там у горадзе? Сумна, цесна. Мой муж не любіць горад, ён любіць гарод!», — смяецца маладая жанчына. Яны маюць гарод, каня, качак, куранят і іншую ўсялякую жыўнасць. Праз працу, кажа маладая жанчына, няма калі часам і ў госці схадзіць да іншай сям'і. Рыта даглядае старых насельнікаў Любові, працуе сацыяльным работнікам. Наогул, жыхары прыглядаюць адзін за адным.

Адзін мясцовы распавядае: «Зімой ідзеш раніцай, глядзіш — ці ёсць сцежкі да ганку. Людзі ж старыя жывуць. Калі няма — ужо стукаеш у хату: што здарылася, ці не захварэлі?»


 


 

Так, значыць, прамежкавыя вынікі такія: любоў тут ёсць, людзі любяць родную вёску, працу і адзін аднаго. Катоў таксама, напэўна, любяць. Хоць каты тут і замаскіраваліся пад злосных сабак. 


 

З узнікненнем назвы пасёлка так і не разабраліся. Таму хоць спыталіся ў мясцовай пенсіянеркі: ці ёсць яна, любоў на свеце?

У Верным нават і ўказальніка няма, тэрыторыю пасёлка настойліва заваёўваюць кусты і дрэвы, аплятаюць галінамі разбураныя хаты, сарамліва хаваюць разваліны-сіроты ад цікаўных вачэй. 


 


 

Праз тыя джунглі ледзь знайшлі два дамы, з апошнімі жыхарамі. Сям'я пенсіянераў Стальчанкі — мясцовыя, з гэтых краёў. Яшчэ ў адным доме жывуць дачнікі. За пасёлкам — помнік загінуўшым у апошнюю вайну вяскоўцам. Па іншы бок — могілкі. Здаецца, помнік і могілкі ўзялі ў палон паселішча, і вось-вось пойдуць у наступленне. Але будзе стаяць Верны — да апошняга байца. 


 

У апошнюю вайну фашысцкі браняпоезд абстралялі партызаны, з боку пасёлка Верны, тады ў пасёлак увайшлі немцы і паліцэйскія, расправа была жахлівай: частку людзей спалілі ў хляву, астатніх пастралялі і закапалі ў яме, так загінулі, па розных звестках, 47 ці 56 чалавек. Мясцовыя ўспамінаюць, што некаторых нават жывымі закопвалі, зямля шавялілася.

Клаўдзія Міхайлаўна ўспамінае, як ваявалі за дарогу ў Верны. «Яшчэ малая была, у школу хадзілі, і дарогі тут не было — хадзілі ў ботах гумовых, тады, калі ўсе ўжо ў чаравіках прыходзілі ў школу, па брудзе ледзь пралазілі. Так і зараз — куды толькі не пісалі, каб дабіцца дарогі да пасёлка! Колькі гадоў пісалі, аж пакуль дачнікі не падключыліся, і дарогу насыпалі. А ліхтары не гараць. Ніводзін. Адзін гарэў, але свяціў ў двор, дык электрыкі кажуць — раз у ваш двор ён свеціць, а не на дарогу, дык самі і рамантуйце яго», — распавядае жанчына.

Нешта так шкада, што хутка можа і не быць пасёлкаў з такімі прыгожымі назвамі. Колькі іх ужо закапалі, колькі іх зарасло лесам, зааралі полем. Так збярэшся ў падарожжа, знойдзеш вёску з прыгожай незвычайнай назвай, спраўдзіш інфармацыю — а вёска існуе толькі на паперы, ці наогул ужо пахаваная, ці выселеная — пасля радыяцыі. Але нешта застаецца і нам. Можа, застанецца нешта і ім — тым, хто прыйдзе пасля нас.



Алена ГЕРМАНОВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Любоў і Верны — пасёлкі-суседзі на Жлобіншчыны. Любоў пакуль жыве, прадстаўленая трыма дзесяткамі жыхароў, Верны-сусед ужо ледзь ліпіць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика