Ад вучылішча да акадэміі. 21.by

Ад вучылішча да акадэміі

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Звязда

Аlmа Mаtеr

На днях галоўная ваенная ВНУ краіны  — Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь — адсвяткавала 60-годдзе. Не адно пакаленне афіцэраў за гэты час выйшла са сцен кузні ваенных кадраў. Сярод іх — вядомыя ваеначальнікі, кіраўнікі буйных грамадзянскіх структур краіны. Не менш таленавітыя юнакі асвойваюць прафесію абаронцы Айчыны і сёння.

Наколькі няпроста гэта даецца на практыцы сёння, у эпоху высокіх тэхналогій, нам расказаў курсант 4-га курса факультэта супрацьпаветранай абароны Дзмітрый ВЯРЦІНСКІ. А як тое было, калі да вывучэння ваеннай тэхнікі прыступалі адразу, без камп'ютараў і ўсялякіх суперсучасных трэнажораў, успамінаў выпускнік 1977 года, а зараз начальнік Навукова-даследчай лабараторыі ваеннай адукацыі акадэміі, палкоўнік запасу, кандыдат тэхнічных навук Валерый БЯЛЬКО.

Насіць афіцэрскія пагоны Валерый марыў з самага дзяцінства. Калі яму, ужо юнаку, прыйшоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, доўга не разважаў. У савецкі час у Беларусі афіцэрскія кадры рыхтаваліся ў двух вучылішчах — Мінскім вышэйшым інжынерным зенітным ракетным супрацьпаветранай абароны (з 1992 года — Мінскае вышэйшае ваеннае інжынернае вучылішча) і Мінскім вышэйшым ваенна-палітычным агульнавайсковым (з 1991 года — Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча). Першае выпускала вайскоўцаў тактычнага звяна, другое — работнікаў партыі ў войску, так званых "зампалітаў".

Ад вучылішча да акадэміі

Установа адукацыі "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь" створана ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 192 ад 17 мая 1995 года на аснове двух вучылішчаў — Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага. Гісторыя МВВІВ бярэ свой выток у пачатку 1950-х гадоў, калі ў Гомелі было сфарміравана Гомельскае вышэйшае інжынернае радыётэхнічнае вучылішча. Заняткі ў ім пачаліся 4 мая 1953 года. Праз год, 9 мая, вучылішчу ўручаецца Баявы Сцяг, а ў жніўні 1954-га ВНУ пераводзяць у Мінск.

Для юнака Валерыя Бялько выбар быў відавочны. Авалодаць ваеннай тэхнікай было яго запаветнай марай. Тым больш што вучыцца ў МВІЗРВ было вельмі прэстыжна. Адсюль і высокі конкурс: у сярэднім 4 абітурыенты на месца.

Каб паступіць, Валерыю трэба было здаць фізіку, матэматыку — пісьмова і вусна, напісаць дыктант і сачыненне па рускай мове. Сённяшні курсант Дзмітрый Вярцінскі з такой сістэмай не знаёмы. Сучаснае пакаленне пры паступленні здае тэсціраванне. Прычым мову можна выбраць любую — беларускую ці рускую. Ды і замест фізікі можна здаць гісторыю Беларусі. Праўда, пры ўмове, што паступаеш на спецыяльнасць ваенна-гуманітарнага, а не ваенна-тэхнічнага профілю.

— Валерый Міхайлавіч, а як раней праходзілі прафесійна-псіхалагічны адбор? Тады ж камп'ютараў не было.

— Усё было значна прасцей. Тэсты абітурыентам прапаноўваліся на паперы. Трэба было выбраць патрэбныя кружочкі, лічбы, колеры... Так правяралася хуткасць рэакцыі, мыслення, увагі і астатнія псіхалагічныя ўласцівасці. Гэта было патрэбна для таго, каб вызначыць, наколькі асоба адпавядае сваёй будучай прафесіі, ці падыходзіць для канкрэтнай спецыяльнасці.

Паступіць у ваенную ўстанову без праходжання медыцынскай камісіі і без добрай фізічнай падрыхтоўкі, як і цяпер, было немагчыма. Аднаго жадання і ведаў было недастаткова. Валерыю Бялько хапіла ўсяго, каб стаць курсантам ВІЗРВ па такой нялёгкай спецыяльнасці, як радыётэхнічныя сістэмы.

— У дыпломе напісана так: кваліфікацыя — ваенны-інжынер па радыётэхніцы, па зенітна-ракетным комплексе С-200.

— Ці не было тады ўдакладненне ваеннай тайнай?

— Сёння ўжо не. А тады нават прадметы па спецыяльнасці, якія мы вывучалі, зашыфроўваліся. У іх былі свае, кодавыя назвы: Д № 21, Д № 52 і г. д. А ўсё таму, што ў той час комплекс С-200 быў перспектыўным і ўнікальным, здольным змагацца з самымі сучаснымі паветранымі цэлямі. Сёння ў прыярытэце ўжо іншая тэхніка.

Прычым не менш сакрэтная. Як расказаў курсант 4-га курса факультэта супрацьпаветранай абароны Дзмітрый Вярцінскі, і сёння ў раскладзе будучых афіцэраў ёсць зашыфраваныя прадметы. Навучанне па іх праводзіцца ў такой сакрэтнасці, што нават канспекты пасля лекцыі на рукі не выдаюцца. Захоўваюцца яны ў чорных чамаданчыках пад замком. Атрымаць сшыткі можна толькі падчас заняткаў.

Вучыліся раней, як і цяпер, 5 гадоў. Хапала часу і для навуковай дзейнасці. Ужо з 3-га курса курсант Бялько стаў імянным стыпендыятам Цыялкоўскага. Таму нядзіўна, што ў чырвоным дыпломе лейтэнанта-выпускніка Валерыя Бялько не сустракалася добрых адзнак: былі толькі выдатныя.

— У МВІЗРВ была моцная падрыхтоўка не толькі ў выкананні абавязкаў у войску, а і ў даследчыцкім плане, — успамінае Валерый Міхайлавіч. — Мы, курсанты, выконвалі вялікую колькасць лабараторных работ, пісалі шмат курсавых. На выхадзе — дыпломны праект ці праца, якія патрабавалі правядзення адпаведнага даследавання. Вялася работа і ў ваенна-навуковых гуртках.

Не менш цікавяцца навукай і сённяшнія курсанты. Дзмітрый Вярцінскі захапляецца пытаннямі радыёлакацыі, хоць гэта і не яго спецыяльнасць. Разам са сваім навуковым кіраўніком юнак займаецца даследаваннем, ужо пачаў працу і над дыпломным праектам.

— Радыёлакацыя цесна звязана з супрацьпаветранай абаронай, — расказвае Дзмітрый. — Таму высокакваліфікаванаму спецыялісту важна разбірацца і ў пытаннях радыёлакацыйнай барацьбы. У гэтым кірунку я бачу перспектывы і для асабістай навуковай дзейнасці. Буду паступаць у магістратуру менавіта па гэтай спецыяльнасці.

Сёння Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь уваходзіць у лік буйнейшых ВНУ краіны. 11 факультэтаў навучальнай установы — агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі, ваенна-дыпламатычны, факультэт падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, камандна-штабны факультэт і факультэт Генеральнага штаба — рыхтуюць вайскоўцаў па 21 спецыяльнасці, 6 кірунках і 34 спецыялізацыях, што амаль цалкам забяспечвае патрэбу Узброеных Сіл і іншых сілавых структур краіны ў афіцэрскіх кадрах.

Адукацыя, атрыманая ў зенітна-ракетным вучылішчы, высока цанілася і за мяжой. Падрыхтоўка замежных ваеннаслужачых вядзецца ў Мінску з 1963 года. За 50 гадоў было падрыхтавана каля 4800 спецыялістаў з 42 краін. Сёння ў Ваеннай акадэміі вучацца курсанты з Венесуэлы, Казахстана, Туркменістана, Кітая і іншых краін.

Размяркоўваліся выпускнікі МВІЗРВ па гарнізонах ад вострава Саарэмаа, што ў Балтыйскім моры, да Камандорскіх астравоў, што за Камчаткай. У тым ліку былі размеркаванні і на навукова-даследчыя палігоны. Выпускнікі МВІЗРВ станавіліся не толькі ваеначальнікамі, а і выдатнымі навукоўцамі. 67 выпускнікоў зенітна-ракетнага вучылішча — дактары тэхнічных навук, прафесары. Генералаў налічваецца больш за 70! Адзін з іх — нават генерал арміі Валянцін Карабельнікаў.

Трэба адзначыць, што на той час зенітна-ракетнае вучылішча сярод 269 ваенных ВНУ Савецкага Саюза ўваходзіла ў дзясятку лепшых. Студэнты МВІЗРВ лічыліся вайсковай элітай. Курсанты карысталіся папулярнасцю і ў беларускіх дзяўчат, якія не ўпускалі моманту наведаць мясцовыя танцы. Вылучаліся будучыя афіцэры і добрай стыпендыяй.

— Для параўнання: у студэнта БДУ тады стыпендыя была амаль удвая меншай, — успамінае Валерый Бялько. — За гэтыя грошы можна было купіць 2 якасныя кашулі. Ці, напрыклад, на працягу цэлага месяца штодзень есці марозіва і хадзіць у кіно.

А большага курсантам і не было трэба. Яны, як прадстаўнікі іншых ВНУ, не хваляваліся пра тое, дзе знайсці грошы на абед, і не думалі, як заплаціць за кватэру: 3 гады жылі ў казарме, 2 — у інтэрнаце. Зараз, дарэчы, наадварот. Толькі і сучасным курсантам на ўмовы жыцця скардзіцца няма чаго. Ды і стыпендыя ў іх і сёння такая, што студэнт грамадзянскай ВНУ можа пазайздросціць!

Дзмітрый Вярцінскі ўвогуле на жыццё не скардзіцца: за выдатныя заслугі ў навуковай дзейнасці і добрую вучобу ён з'яўляецца двойчы стыпендыятам Прэзідэнцкай прэміі, членам Савета Ваеннай акадэміі. Летась, яшчэ трэцякурснікам, юнак быў залічаны ў рэзерв навуковых кадраў акадэміі. Гэта вельмі прэстыжна: у рэзерв звычайна трапляюць вопытныя супрацоўнікі ВНУ!

— Сёння сярод моладзі існуе такая думка, што прэстыж афіцэрскай прафесіі ўпаў, — разважае курсант 4-га курса факультэта супрацьпаветранай абароны. — Я з гэтым катэгарычна нязгодны! Скажу больш: далёка не кожны тут можа вучыцца!

Вераніка КАНЮТА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На днях галоўная ваенная ВНУ краіны  — Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь — адсвяткавала 60-годдзе. Не адно пакаленне афіцэраў за гэты час выйшла са сцен...
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2019 21.by
Яндекс.Метрика