Гісторыя адной плошчы, альбо Як моцна мы верылі ў перамогу. 21.by

Гісторыя адной плошчы, альбо Як моцна мы верылі ў перамогу

10.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Векапомнае

Плошча Перамогі і абеліск на ёй ужо даўно сталі адной з візітных картак Мінска. Сёння нават цяжка ўявіць, што гэтае месца магло выглядаць неяк па-іншаму, і ўвогуле помніка тут калісьці не было. Мемарыял задумваўся яшчэ падчас вайны

Пасля Вялікай Айчыннай вайны на месцы сучаснага 38-метровага абеліска з шэрага граніту, увянчанага ордэнам Перамогі, ляжаў просты мемарыяльны камень. Сам жа помнік быў адкрыты да дзясятай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у 1954 годзе. Перад гэтым у 1946 годзе быў абвешчаны ўсесаюзны конкурс на стварэнне праекта мемарыяла, у якім перамаглі архітэктары Г. Заборскі і У. Кароль. Падчас адкрыцця помніка Георгій Заборскі прызнаўся, што пачаў ствараць праект яшчэ падчас вайны, у 1942 годзе, таму што моцна верыў у Перамогу.


Планавалася, што помнік усталююць на Цэнтральнай плошчы горада — гэта значыць, на цяперашняй Кастрычніцкай. Але чамусьці месца яго ўзвядзення змянілі на Круглую плошчу (менавіта так называлася Плошча Перамогі да лістапада 1958 года). Ды і сам мемарыял павінен быў выглядаць крыху інакш: вышэйшым на 10 метраў, а ў якасці матэрыялу планавалася выкарыстоўваць белы мармур з ружовым адценнем. Але дойліды не ўкладваліся ні ў грашовыя сродкі, ні ў тэрміны здачы, таму вырашылі стварыць "бюджэтны" варыянт помніка і здаць яго своечасова.

Байка пра Леніна... без вуха

Абмежаванні ў часе і сродках не паўплывалі на сэнсавае напаўненне манумента. Як сімвал Перамогі, у аснове абеліска ляжыць меч, абвіты лаўровай галінкай з бронзы. Чатыры бронзавыя вянкі вакол помніка сімвалізуюць чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Грані абеліска аздоблены бронзавымі гарэльефамі: "9 Мая 1945 года" (скульптар А. Бембель), "Партызаны Беларусі" (А. Глебаў), "Слава паўшым героям" (З. Азгур), "Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны" (С. Селіханаў). Экскурсавод Яўгенія Быц распавяла такую гісторыю: "На адным з гарэльефаў былі выявы профіляў Сталіна і Леніна. Але пасля развянчання культу асобы профіль Сталіна з гарэльефа прыбралі, і Ленін, мала таго, што застаўся на ім у адзіноце, дык яшчэ і даволі доўгі час з-за гэтага быў без вуха". Але праўда гэта ці не, сёння ніхто пацвердзіць не можа.

Як Ламаносаў "прыклаў руку" да помніка

Яшчэ адну байку, звязаную з помнікам, узгадаў экскурсавод Павел Дзюсекаў: "Міхаіл Ламаносаў праяўляў свае здольнасці ў розных галінах. Адным з яго захапленняў была выплаўка каляровага шкла. Калі ў Мінску будавалі помнік Перамогі, у Маскве ішлі раскопкі. Падчас іх была знойдзена майстэрня Ламаносава, дзе ён і займаўся выплаўкай каляровага шкла. Калі паглядзець на зорку, што вянчае помнік, можна ўбачыць чырвоны фон. Гэта і ёсць тое самае шкло, што прывезлі да нас з майстэрні Ламаносава, і ён у прамым сэнсе гэтае шкло кранаў". Зрэшты, хутчэй за ўсё, гэта толькі прыгожая легенда, бо існуюць звесткі, што мазаіку для ордэна Перамогі даслалі з Акадэміі мастацтваў Ленінграда.

У гонар герояў: гарадоў і людзей

Будынкі, размешчаныя вакол Плошчы, былі ўзведзены ў 1950-я гады. Аднак архітэктурны ансамбль пачаў фарміравацца яшчэ ў 1930-я гады. Тады ж былі пабудаваны і два паўкруглыя дамы, якія падчас вайны былі моцна разбураны.

Каля падножжа помніка ў дзень 17-й гадавіны вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня 1961 года ганаровы грамадзянін горада, Герой Савецкага Саюза генерал-палкоўнік А.С. Бурдзейны запаліў Вечны агонь.

У 1984 годзе ў сувязі з пачаткам працы Мінскага метрапалітэна плошчу перапланавалі з круглай у авальную. У гэтым жа годзе, 1 ліпеня, на плошчы ўсталявалі пастаменты з капсуламі з зямлёй гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Кіева, Адэсы, Севастопаля, Керчы, Новарасійска, Тулы, Брэсцкай крэпасці. У 1985 годзе — капсулы з зямлёй гарадоў-герояў Смаленска і Мурманска.

А напярэдадні 40-годдзя Перамогі ў падземным пераходзе пад помнікам была адкрыта мемарыяльная зала ў гонар ураджэнцаў Беларусі і іншых рэспублік, якія вызвалялі нашу зямлю і былі ўшанаваны званнем Героя Савецкага Саюза.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Плошча Перамогі і абеліск на ёй ужо даўно сталі адной з візітных картак Мінска. Сёння нават цяжка ўявіць, што гэтае месца магло выглядаць неяк па-іншаму, і ўвогуле...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика