Наводчык, разведчык і спецвадзіцель
10.05.2013
—
Новости Общества
|
Такі шлях Ганароваму ветэрану аб'яднання ветэранаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Мікалаю Прадко — 85 гадоў. У свой час ён быў і наводчыкам, і разведчыкам, і не зусім звычайным кіроўцам. Мікалай Уладзіміравіч пакінуў на фронце здароўе і сёння мае патрэбу ў пастаяннай медыцынскай дапамозе. Аднак памяць яго па-ранейшаму не падводзіць — з лёгкасцю прыгадвае, як яно тады было. Трапіў на вайну ў 1944-м, калі яму споўнілася 18. Што называецца, за пару дзён асвоіў зброю, стаў мінамётчыкам-наводчыкам. — Адкрытая мясцовасць, назіральны пункт — непадалёку ад лесу, — расказвае Мікалай Уладзіміравіч. — Наш з Якубавым мінамёт выкарыстоўвалі для прыстрэлкі. Мы вылучаліся дакладным пападаннем, таму і апынуліся на назіральным пункце... Пачалася атака. Я даю адпаведную каманду тэлефаністу: які прыцэл і г.д. Той кажа: няма боепрыпасаў, міны не падвезлі... І атрымліваю загад: адступаць! А гэта ж азначае, што трэба скруціць тэлефонны кабель, перайсці на новае месца, зноў разгарнуцца... А немцы ўжо ў 500-х метрах... Я загад не выканаў... Памочнік мой прыгадаў, што непадалёку ў разбітых грузавіках бачыў нямецкія міны... На шчасце, яны падыходзілі для нашых мінамётаў. Я аказаўся і наводчыкам, і мінамёт заражаў. Нічога не чуў, не бачыў... Бой быў цяжкі, цягнуўся некалькі гадзін. Ніводная міна не дала асечкі. Атаку мы адбілі. І за той бой мне ўручылі медаль "За адвагу". У разведку Мікола трапіў таму, што добра ведаў нямецкую мову. А вывучыў яе... па слоўніках, у акопах... У 1945-м Прадко разам з напарнікам Юрчанкам, апранутыя ў форму вермахта, перабіраліся за лінію фронту — каб сабраць інфармацыю аб наяўнасці тэхнікі ў праціўніка. — Нам тады не пашчасціла, — узгадвае Прадко. — Натрапілі на траіх гітлераўцаў і давялося ўвязацца ў перастрэлку. Куля трапіла ў запальніцу, якая ляжала ў кішэні... Рыкашэтам — у жывот... Юрчанку таксама параніла... Як ён уратаваў мяне — не ўяўляю... Можа, дні тры давялося сядзець галоднымі ў балоце... Урач пасля сказаў, што з такім сляпым кулявым раненнем жывата, з пашкоджаннем тонкага кішэчніка і мачавога пузыра, у мяне амаль не было шанцаў выжыць... Дзень Перамогі Мікалай Уладзіміравіч сустрэў у Смаленску, у шпіталі. Калі падлячылі — накіравалі ў пераходны пункт Калінін, каб адправіць у Японію... Аднак пакуль ехалі цягніком да Навасібірска, вайна ўжо скончылася. Адтуль давялося вярнуцца ў Падмаскоўе, пасля — у Беларусь, на ліквідацыю бандаў. "Недабіткаў" было шмат у Мінскай і Брэсцкай абласцях. Недзе да сярэдзіны 1950-х работы ў гэтым сэнсе хапала. — Я застаўся працаваць у камітэце і адпрацаваў увогуле каля 40 гадоў, — дадае Прадко. — У 1956-м быў кіроўцам, вазіў старшыню КДБ пры Савеце Міністраў БССР Аляксандра Перапяліцына. Ён быў вельмі інтэлігентным і пунктуальным. Я ніколі не спазняўся. За рулём быў у касцюме, пры гальштуку... Выпіваць прапаноўвалі, і не раз, але я ніколі не браў чарку... Давялося вадзіць і "Чайку", і "Победу", і "Волгу"... Старшыні КДБ мне давяралі... Калі Перапяліцын пайшоў на павышэнне ў Маскву, я пачаў вазіць Васіля Іванавіча Пятрова... Неяк ён мяне папрасіў: "З'ездзі да мяне дадому, вазьмі кашалёк на тумбачцы і прывязі". Я і адмовіўся спачатку, але той настаяў... Я ўзяў ключ і выканаў просьбу... Але не кожную просьбу Прадко выконваў "у абавязковым парадку". Неяк вёз з Аксакаўшчыны ў Мінск намесніка старшыні КДБ Валянціна Буевіча. Па дарозе прыхапілі з сабой двух работнікаў ЦК. Надвор'е дрэннае, снег, бачнасць нулявая, а наперадзе яшчэ грузавік, дый дарога пайшла на пад'ём... Абганяць рызыкоўна. Тым не менш адзін з работнікаў ЦК выказаў сваю незадаволенасць: маўляў, калі б за рулём сядзеў мой кіроўца, мы б даўно ўжо былі ў сталіцы. Мікалай Уладзіміравіч не прамаўчаў: "Хочаце — выклікайце верталёт, у машыне тэлефон ёсць... А іначай будзем на Маскоўскіх могілках". Прадко шмат разоў адзначалі ўзнагародамі. Была і "падзяка за выключна добрасумленнае выкананне службовага абавязку па забеспячэнні Алімпійскіх гульняў 1980 года", падпісаная Андропавым. А адзін французскі вучоны, якога давялося падвезці ад Акадэміі навук да аэрапорта, так і сказаў: "Вы — вадзіцель экстра-класа". Пасля звальнення з органаў вазіў яшчэ віцэ-прэзідэнта НАН Сцепаненку, іншых акадэмікаў. З вучонымі Прадко працаваў толькі пры дапамозе запісак. Прасіў, каб яму пісьмова пазначалі, у колькі каго сустрэць. Бо, бывала, скажуць сустрэць, а потым забудуць пра гэта. Ну, непанятлівыя людзі... — Я быў проста кіроўцам, — усміхаецца Мікалай Уладзіміравіч. — Вазіў і замежнікаў, калі да нас наведваліся сур'ёзныя дэлегацыі, і Брэжнева вазіў, калі той сюды прыязджаў... Сёння Мікалай Уладзіміравіч актыўна ўдзельнічае ў жыцці Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў Камітэта дзяржбяспекі "Гонар", сустракаецца з моладдзю. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ганароваму ветэрану аб'яднання ветэранаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Мікалаю Прадко — 85 гадоў. У свой час ён быў і наводчыкам, і разведчыкам, і не зусім... |
|