"...Як Яўсееў каўнер". 21.by

"...Як Яўсееў каўнер"

10.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адбылося гэта даўно, у мінулым стагоддзі, ці, як людзі старыя кажуць, пры першых Саветах. Нейкія грошы ў вяскоўцаў тады ўжо з'явіліся, а вось каб нешта купіць за іх... Тавараў днём з агнём не знайсці! Ад чаго, як звычайна, некаму клопат ды боль галаўны, а некаму — чыстая выгада: па вёсках, па хатах сталі хадзіць то цыганы, то розныя іншыя дзялкі, прапаноўваць людзям абутак, адзенне, розныя тканіны. Ішоў гандаль. Часцяком — нават пад заказ. Гэта значыць, што з людзей збіраліся грошы, а вось прывезці патрэбныя тавары ім толькі абяцалі...

Не скажу, можа, дзесь і прывозілі. У нас жа...

Неяк зайшлі гэтыя дзялкі ў хату да дзядзькі Яўсея. І так ужо сталі расхвальваць кашулі, што зацікавіўся гаспадар — дастаў свой кашалёк, адлічыў патрэбную суму. Прывозьце, маўляў, бяру!

Госці, вядома ж, рады. Згрэблі яны тыя грошы і развіталіся, у наступную вёску пайшлі. А Яўсей дома сядзіць ды пра сваю абноўку думае, нават уяўляе, як адзене, прыбярэцца... І тут... Апамятаўся дзядзька, што не ўсё сказаў гандлярам...

Даўся за імі следам, дагнаў ажно за ваколіцай. Кажа: "Людцы, вы ж глядзіце, каб у маёй кашулі ды хаця каўнер свабодны быў, каб не ціснуў. Бо дужа ж я не люблю...".

Як і варта было чакаць, не прыждаў заказчык абяцанай абноўкі. Зрэшты, іншыя вяскоўцы таксама... Але ж з саміх сябе смяяцца не будзеш. А вось з дзядзькі Яўсея, з яго каўняра, — можна. То і тады ад душы пасмяяліся, і цяпер, калі бачаць на некім штось завялікае, дык адразу і кажуць: "Свабоднае, як Яўсееў каўнер".

Сяргей Ярмольчык, вёска Багданаўка, Лунінецкі раён.

Ну і хто ж "пнём пень"?

Раней, як вядома, бензін каштаваў капейкі. Ды і на крадзеным шмат хто ездзіў. Магчыма, таму людзі і падвозілі адзін аднаго, і нават некуды вазілі, а грошай за тое не бралі. Цяпер жа іншая справа: хочаш некуды з камфортам дабрацца, дык, калі ласачка, заплаці — і за бензін, і за паслугу...

Дык вось. Аднаму знаёмаму дзеду трэба было ў Гомель матнуцца. На дызелі яно б, вядома ж, танней, але дзед глухі, як цяцера. Унука папрасіў: каб падвёз яго і каб там дапамог слыхавы апарат набыць.

Хлопец роднаму дзеду, дзякаваць Богу, не адмовіў. А каб у дарозе трохі весялей было (з глухім размовы вядомыя), сябрука ў кампанію ўзяў. Адным духам яны даляцелі да Гомеля, уладзілі дзедавы справы, едуць назад, ужо нават Буда-Кашалёў мінулі, але ж вырашылі спыніцца, "у кусцікі" схадзіць.

— Ты ж глядзі, не заблудзіся тут, — наказалі дзеду.

Той штось прамармытаў.

— Пнём пень! Далібог! — паскардзіўся на яго ўнук. Думаў, што стары не чуе. А той жа апарат прыдбаў!

Але прамаўчаў.

У ляску разышліся: дзед у адзін бок падаўся, хлопцы ў другі. Яны яшчэ пастаялі там, пакурылі, свежым паветрам падыхалі. І гаманілі ж, відаць... Не іначай пра дзевак, бо потым селі ў машыну і паехалі. Кіламетраў сорак адматалі, з гомельскай трасы ўжо на Жлобін звярнулі і толькі тут агледзеліся, што дзеда ў машыне няма...

Што рабіць? Развярнуліся — пагналі назад.

...Думаеце, дзед увесь гэты час хваляваўся? Не. Ён выйшаў на дарогу, убачыў, што машыны няма, але ж па-філасофску разважыў, што нікуды яна не дзенецца — будзе. Пахадзіў па лесе яшчэ, новымі "вушамі" птушак паслухаў, прысеў на ўскрайку.

Бачыць — нясецца ўнукава машына, разварочваецца, каля ног спыняецца і нават дзверцы "сама" адчыняе...

Нічога стары не сказаў, сеў у машыну. Але ж крыўду затаіў і давёз яе амаль дадому. Толькі там ужо папытаўся:

— Ну і хто з нас "пень пнём"?

Хлопцы прамаўчалі. А каб лепей засвоілі, дзед іх рублём пакараў. Гэта значыць, аплаціў бензін толькі за 250 кіламетраў дарогі, бо лішнія 80 яны ж па сваёй дурасці адматалі.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын Рагачоўскі раён.

Рыбалка па-даросламу

...Мне тады гадоў сем ці восем было. Здабытчык: ледзь вольная часіна — адразу на рэчку, на рыбу. Дарослыя, вядома ж, таксама хадзілі. І куды болей лавілі, бо ў іх жа сапраўдны рыштунак быў. Не тое, што ў дзятвы — вудзільны з нейкай арэшыны ды звіты конскі волас замест лёскі...

Але ж, бывала, што і нам шанцавала — кіло па два плотак-акунькоў прыносілі! Праўда, рэдка, часцей з пустымі рукамі дамоў прыходзілі.

І вось неяк паехаў мой бацька ў горад на рынак і прывёз адтуль сапраўдную пяцікаленную вуду! І да яе — сапраўдную лёску!.. Як у дарослых!

Радасці было — аж пад неба! Я не мог дачакацца заўтрашняга дня. З вечара накапаў чарвякоў...

Не памятаю, спаў ці не, але ж устаў раней за сонца, узяў усе свае прылады і рушыў да рэчкі, на тое месца, дзе ўчора вудзілі дарослыя. Расклаў там вуду, зачапіў чарвяка, закінуў як мага далей, да болю ў вачах глядзеў на паплавок — марна.

Не раз і не два правяраў насадку, закідваў, пераходзіў на іншае месца. І...

І вось яна — мая ўдача! Паплавок адразу нырнуў, пайшоў на глыбіню. Я, пачакаўшы крыху, пацягнуў вудзільна... На канцы нешта затрымцела, але ж... ні з месца. І што я ні рабіў... Была б старая вуда, ліха з ёй — пацягнуў бы, не шкадуючы, а тут...

Распрануўся, палез у ваду. Узяўшыся рукой за лёску, нырнуў. Паспеў заўважыць, што мой кручок знаходзіцца ўнутры жака, зробленага з капронавых нітак, які нехта паставіў, прывязаўшы да двух калоў, каб не знесла цячэннем...

Прыйшлося ныраць яшчэ і яшчэ, каб выцягнуць калы і, нарэшце, сам жак.

На беразе ўбачыў, што ў ім аж пяць вялікіх рыбін, адна з якіх і праглынула маю прынаду. Давялося паваждацца, пакуль вызваліў кручок. А ўжо далей...

Зматаў я свае вудачкі — і ходу.

— Косцік, ты чаму так рана? — папытаўся бацька. — Сама ж бярэцца цяпер.

Але зірнуў у вядро і вачам не паверыў:

— Сынок, і калі ж ты паспеў? Малайчына! Столькі нацягаў! Вось што значыць добрыя прылады!

Я на гэта не сказаў нічога, бо ў мяне, як той казаў, зуб на зуб не трапляў ад холаду.

...Вось такой была мая першая рыбалка з новым вудзільнам. Служыла яно мне доўга, але ж болей такіх "уловаў" не было.

Дарэчы, праўду пра той, першы, не расказваў ніколі і нікому — нават роднаму бацьку...

Толькі цяпер — чытачам любімай газеты і любімай рубрыкі.

К.П., Мёрскі раён.

У цёмным лесе

...Мой прыяцель Сашка працуе кіроўцам на лесавозе. Таму яго маршруты пралягаюць найбольш па лясах. Але ж, як высвятляецца, і цікавых людзей сустрэць, і ў нейкую гісторыю трапіць можна і там.

Ехаў ён неяк у апошні рэйс. На пагрузачныя работы аператара з сабой прыхапіў. Хлопец той жвавы, рот не закрываецца, бо з кім ты ў лесе пагаворыш...

На шашу тым часам звярнулі. І тут пасажыр як закрычыць:

— Глянь... Глянь, якія лялькі!.. І галасуюць...

— Ну і што? — пытае кіроўца, бо ў яго ж дома жонка, дзеці, цешча...

— Як што?! Тармазі!

Дзеўкі між тым ужо згледзелі, што машына хуткасць скінула — рукамі махаюць, за лесавозам бягуць... Можа, ад радасці (Сашка думае), а можа, ад холаду, бо на дварэ далёка не май, а на іх з адзежы па дзве маленькія анучкі ўсяго — толькі сорам прыкрыты.

Кабіна ў "МАЗа" прасторная, месца пасажыркам хапіла. Ды вось жа ліха: перадача не ўключаецца! Сашка рычагі з усіх сіл цягае! Дзеўцы, што побач села, нават па назе ўжо добра загрэў... І без выніку!

— Мусіць, счапленне "абрэзала", — з выглядам знаўцы прамовіў аператар.

Ну і Сашку ж перад дзеўкамі няёмка. Сабраў ён у кулак усю сваю сілу, рвануў за рычаг...

Цягач крануўся, але ж пры гэтым Сашкава рука заляцела аж да самага дзявочага сцягна... Горш за тое, дроцік (Сашка ім манжэту ў кашулі счапіў, бо гузік вырваўся...) зачапіўся за адну з тых "анучак", што прыкрывалі дзявочы сорам. І назад — ніяк... Толькі з тою "анучкай"...

Што рабіць?! Спыняцца? А як зноў не завядзешся? Ехаць? А як адной рукою руль утрымаць?

Разгубіўся Сашка. Шчасце, што дарога пустая.

Дзякаваць Богу, дзеўка не промах была, не разгубілася: прыўзняла сваю спаднічку, адчапіла Сашкаў "гузік"...

Больш у той раз прыгод не было: моўчкі дабраліся да месца. Дзяўчаты разлічыцца хацелі, Сашку грошы заплаціць. Ён не ўзяў. Сказаў, што столькі адрэналіну ў яго крыві даўно не было. І наўрад ці будзе.

А. Ліпень, Іўеўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адбылося гэта даўно, у мінулым стагоддзі, ці, як людзі старыя кажуць, пры першых Саветах. Нейкія грошы ў вяскоўцаў тады ўжо з'явіліся, а вось каб нешта купіць за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика