Апошні "званок" для "бамбілаў"
18.05.2013
—
Новости Общества
|
Сітуацыя Канфіскацыя машын у нелегальных перавозчыкаў будзе нормай? Як ужо паведамляла "Звязда", гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці ўзмацняе меры пакарання нелегальных таксістаў, якія займаюцца прадпрымальніцтвам без дзяржаўнай рэгістрацыі. Прычым не толькі ў кірунку павялічэння штрафных санкцый. Нядаўна суд прыняў, пэўна, найбольш радыкальнае рашэнне ў сітуацыі з "чорнымі" таксістамі: у так званага "бамбілы" забралі аўтамабіль. На Гродзеншчыне гэта зроблена ўпершыню, аднак ёсць падставы лічыць, што канфіскацыя машын у нелегальных перавозчыкаў будзе станавіцца нормай. Гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці летась разгледзеў 77 спраў па фактах нелегальнай перавозкі пасажыраў, а ў гэтым годзе за чатыры месяцы — ужо 37. Агульная сума штрафных санкцый сёлета дасягнула 137 мільёнаў рублёў (за увесь мінулы год — 190 мільёнаў рублёў), і, акрамя таго, канфіскавана больш за 8 мільёнаў рублёў незаконнага даходу. — Да правапарушальнікаў прымяняліся розныя па памеры штрафы, аж да максімальных. Але практыка сведчыць, што парушэнняў менш не становіцца. Таму і ўзмацняюцца меры пакарання. У першы раз за прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі суд будзе спаганяць максімальны штраф у памеры 9-10 мільёнаў рублёў. Калі ж нелегальнае возніцтва прадоўжыцца, то будзем канфіскоўваць аўтамабіль, — паведаміў намеснік старшыні гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці Дзяніс ВАЛДАЙЦАЎ. У тым, што гэта зусім не "страшылка", а рэальная пагроза, першым з "бамбілаў" пераканаўся на ўласнай скуры жыхар абласнога цэнтра Л. Спачатку ён трапіў у поле зроку супрацоўнікаў падатковай інспекцыі, калі, прычапіўшы да сваіх "колаў" плафон таксі, незаконна арудаваў на падвозе пасажыраў. За гэта гаспадарчы суд пакараў яго чатырохмільённым штрафам, канфіскаваў плафон і наклаў арышт на аўтамабіль. Пры гэтым машына была перададзена на захоўванне гаспадару і не магла выкарыстоўвацца да поўнай выплаты штрафу. Але дзе там ... Яшчэ не выплаціўшы штраф, на аўтамабілі, што знаходзіцца пад арыштам Л. зноў накіроўваецца ў нелегальны рэйс. І зноў трапляе пад адміністрацыйны пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Тут ужо фінансавымі санкцыямі не абмежавалася. Нелегалу прыйдзецца не толькі аплаціць папярэдні штраф, новы (40 базавых велічынь), але і развітацца з аўтамабілем Vоlkswаgеn Vеntо ацэначным коштам больш за 50 мільёнаў рублёў. Парушальнік прасіў так жорстка не караць, паколькі выхоўвае траіх дзяцей і нідзе не працуе. Да таго ж ён быццам збіраўся аформіцца індывідуальным прадпрымальнікам, каб таксаваць законна, ды не паспеў купіць таксометр. Аднак тое ж самае з яго вуснаў гучала і на папярэднім пасяджэнні суда. І які толк? Такім чынам, прэцэдэнт канфіскацыі транспартнага сродку ў "чорнага" перавозчыка на Гродзеншчыне, як і ў шэрагу іншых рэгіёнаў краіны, створаны. Хаця, відавочна, перабольшваць значэнне гэтага, пакуль адзінкавага факта не варта, лічыць старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён ШАПІРА, які вельмі заклапочаны праблемай нелегальнага возніцтва і мае намер пакласці яму канец. — Парадак у гэтай сферы, нягледзячы на пратакол даручэнняў мінулагодняй нарады, так і не наведзены. Як вазілі "бамбілы" пасажыраў — так і возяць. Як не баяліся — так і не баяцца. Як жылі без падаткаў — так і жывуць. Як перашкаджалі нармальным падаткаплацепльшчыкам — так і перашкаджаюць. Законапаслухмяныя грамадзяне пакутуюць — вось у чым бяда, — зазначыў Сямён Шапіра на нядаўняй планёрцы ў аблвыканкаме. На яго думку, канфіскацыя аўтамабіляў у нелегальных перавозчыкаў павінна быць сістэмнай. Абласной падатковай інспекцыі даручана штомесячна прадастаўляць у аблвыканкам інфармацыю, колькі адпаведных матэрыялаў перададзена ў суд. Ці будзе "бамбіламі" пачуты гэты апошні, так бы мовіць, папераджальны званок? Не? Тады ім, напэўна, мала не пакажацца. Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канфіскацыя машын у нелегальных перавозчыкаў будзе нормай? Як ужо паведамляла "Звязда", гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці ўзмацняе меры пакарання... |
|