ЛІСТЫ ЧУЖОГА ЖЫЦЦЯ
23.05.2013
—
Новости Общества
|
Крытыка на шпільцы У сярэдзіне мінулага стагоддзя амерыканскі доктар-псіхіятр Томас С. Сас, аўтар кнігі "Фабрыка вар'яцтва" скрушна заўважыў: " Мы сістэматычна падманваем сябе, прымаючы частую перамену моды на казлоў адпушчэння за навуковы і маральны прагрэс".Самымі моднымі ізгоямі вясны, здаецца, сталі бабры. Не паспелі мы даведацца пра тое, што яны "загрызаюць насмерць рыбакоў", як з'явіўся новы віток бабрафобіі — цяпер яны палохаюць жанчын... І вось ужо чуваць заклікі змагацца з бабрамі, якіх, бач ты, чалавеку стала замнога. Такі антрапацэнтрычны падыход да прыроды, у якім пануе не жаданне гармоніі, а выключна спажывецка-эгаістычныя памкненні, на жаль, сёння ўласцівы не толькі гараджанам, але і вясковым жыхарам. І здорава, што час ад часу знаходзяцца людзі, якія здольны збіць карону самазадаволенасці з чалавечых галоў, нагадваючы, што ўсе мы — перш-наперш "жывыя істоты", а ўжо пасля члены грамадства. Вельмі тактоўна здолеў напісаць пра гэта ў сваёй кнізе "Мой лістапад" Алесь Усеня. Трэба прызнацца, што да яго кнігі ўспамінаў я спачатку паставілася з вялікім скепсісам. Па-першае, не вельмі люблю сённяшнія рэфлексіі-карацелькі, якія, здаецца, хутка канчаткова выціснуць з літаратуры буйныя аповесці і раманы. Па-другое, не асабліва ўразіла мяне тая прадмоўка, якую аўтар сам для кнігі і напісаў. Прадмова невялікая, але цалкам акрэслівае матывы, якія пасунулі А. Усеню напісаць нататкі пра ўласнае жыццё: "Па-першае, любы чалавек цікавы сам па сабе (нездарма кажуць: кожная асоба — гэта цэлы сусвет). Па-другое, у мяне ёсць дочкі, унучкі, будуць і праўнукі. Дык няхай хоць яны прачытаюць, што быў у іх такі продак, нешта рабіў, пра нешта думаў..." Такое тлумачэнне, шчыра кажучы, зусім не заахвочвала да чытання — ну падумаеш, яшчэ адзін стары ўзяўся згадваць, як басанож па траве бегаў! Але першыя ж прачытаныя абразкі зачапілі такой спавядальнай, я нават сказала б — пакаяннай інтанацыяй, што захацелася чытаць далей, тым больш што кніга яркая і роўная, як восеньскі букет, сабраны з лістоў-успамінаў, якія, здаецца, гатовыя разляцецца ў любы момант, каб не воля аўтара, які звязаў іх суровай ніткай біяграфічнасці. Уразіла сама манера гаварыць пра свой персанальны, асабіста перажыты досвед, не губляючы пры гэтым каштоўнасныя арыенціры агульначалавечага. Чытаеш яго нататкі і прыгадваецца слова, якое сучасныя беларускія літаратуразнаўцы практычна не ўжываюць да цяперашняга прыгожага пісьменства, бо няма да каго прыстасаваць. Слова гэтае — "гуманізм" (як прызнанне права ўсіх магчымых прыватных каштоўнасцяў на існаванне ў чалавечай супольнасці пры ўмове, што каштоўнасці жыцця і яе натуральныя патрэбы — свабода і добрасуседства, з'яўляюцца непарушнымі для ўсіх). Але пры гэтым чалавечыя патрэбы не адмаўляюць і не скасоўваюць права на вольнае існаванне іншых жывых істот, і пра гэта аўтар "Майго лістапада" гаворыць вобразна і запамінальна, праводзячы паралелі паміж натуральным, максімальна блізкім да прыроды светам свайго маленства, і сённяшнімі цывілізацыйнымі праблемамі. Вось, здавалася б, згадвае ў "Натоўпе" пісьменнік прыватны выпадак са свайго дзяцінства — як жорстка і бязлітасна вяскоўцы забівалі бабра, які невядома чаму да людзей завітаў... А ты дык ніколі тых баброў і жыўцом не бачыла! Але і не маючы такога досведу, цалкам раздзяляеш выснову Усені: "Страшная з'ява — натоўп. Варта ў чыім-небудзь сэрцы запаліцца іскрынцы жорсткасці, як яна, іскрынка, разгараецца ў полымя і перакідваецца на іншых. І нічога немагчыма перайначыць". Практычна няма ў яго нататкі, успаміну, каб не было пад ім такога падагульнення, "маралі", што, у прынцыпе, і зразумела, бо пісаліся яны якраз для настаўлення нашчадкаў. Але само ўменне змяніць ракурс, па-аператарску перавесці з малога на вялікае, уражвае і запамінаецца як адметнасць аўтарскага мастацкага стылю. Але што цікава: напісаныя жывой чыстай мовай нататкі Усені выклікаюць не столькі жаданне разглядаць іх як уласна літаратурныя творы, колькі жаданне паспрачацца з ім як з чалавекам, так, як быў бы ён вашым суразмоўцам. Ну вось напрыклад. Расказвае ён, як у часы маленства вазамі, па некалькі разоў за дзень, вывозілі беларусы грыбы з лесу; пра момант, калі нават малыя маглі назбіраць за дзень да тысячы "белых", літаральна "пад грабеньчык" прачэсваючы кожны сантыметр лесу. А высновы робіць дзіўныя: "Адны кажуць, што шматлікія чароды дзікоў грыбніцу парушылі, другія — што лясы пастарэлі... Асабіста для сябе я знаходжу іншае тлумачэнне. Цяпер, маючы пэўны дабрабыт, я зрэдку выбіраюся ў лес дзеля забавы. А тады, у дзяцінстве, грыбы былі для нашай сям'і сродкам для выжывання. Прырода ўсё размяркоўвае мудра..." Так і хочацца сказаць: "Эх, дык не для адных жа Усеняў тыя грыбы ў лесе раслі!", але ж кніга на тое і кніга, каб весці маналог, а не дыялог. Можна знайсці шмат прыкладаў такой непаслядоўнасці аўтарскай думкі, апраўдвання сваіх учынкаў заднім чыслом, а іншым разам і адкрытага "красавання", пыхі — от глядзіце, які я быў! Але цалкам закрэсліваюць гэтыя асобныя моманты тыя любоў, спагада, далікатнасць, якія выказвае пісьменнік у дачыненні да сваіх сяброў, знаёмых, настаўнікаў, імёны якіх, бывае, знаёмыя і мне. Асабліва цікава было чытаць пра тых, хто вучыўся і працаваў разам з Усенем, бо гэта не толькі журналісты, але часам і выдатныя паэты, пісьменнікі, крытыкі. Аўтар шмат цытуе вершаў — сваіх і чужых, і, прызнаюся, не раз ловіш сябе на думцы, што вось хочацца ўзяць у рукі кнігі тых аўтараў, бо неяк недаацэньвала іх, прапусціла. Вось гэтае ўменне — вылучаць чужыя таленты і дабрадзействы, і разам з тым яўнае, добра бачнае памкненне ацэньваць сябе строга, па ўчынках, — самы прывабны момант у кнізе Алеся Усені "Мой лістапад". Ганна КІСЛІЦЫНА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сярэдзіне мінулага стагоддзя амерыканскі доктар-псіхіятр Томас С. Сас, аўтар кнігі "Фабрыка вар'яцтва" скрушна заўважыў: " Мы сістэматычна падманваем... |
|