В'етнам усё бліжэй
23.05.2013
—
Новости Общества
|
В'етнам становіцца ўсё больш важным партнёрам Беларусі з кожным годам. Фактараў, якія на гэта ўплываюць, некалькі. Вядома ж, у В'етнаме памятаюць тую ваенную дапамогу, якую БССР аказвала краіне падчас справакаванай замежнікамі грамадзянскай вайны. Немалаважнай была і дапамога ў аднаўленні эканомікі пасля здабытай у вайне перамогі. Вялікае значэнне мела і садзейнічанне ў аказанні адукацыйных паслуг — больш як тысяча грамадзян В'етнама навучаліся сучасным прафесіям у беларускіх ВНУ і прымянілі атрыманыя веды ў аднаўленні эканомікі краіны. Многія з іх у далейшым занялі значныя пасты ва ўрадзе. Не дзіўна таму, што В'етнам прызнаў незалежнасць Рэспублікі Беларусь 27 снежня 1991 г. адным з першых. Іншым важным фактарам хуткага развіцця адносін з'яўляецца тая ўвага, якую Беларусь надае перспектывам паскарэння кантактаў з В'етнамам. Калі многія постсавецкія рэспублікі адвярнуліся ад сацыялістычнага В'етнама ў выніку павальнай лібералізацыі ў 1990-х, то Беларусь такую памылку не зрабіла. Беларуская знешняя палітыка прагматычная — курс ідэалагічнага развіцця з'яўляецца ўнутранай справай кожнай краіны, паколькі толькі яе ўласныя жыхары здольныя зразумець, што ім трэба. У выніку ў В'етнаме цэняць паважлівае стаўленне беларускага кіраўніцтва і заўсёды пацвярджаюць гатоўнасць аказаць садзейнічанне нашай краіне ў міжнародных арганізацыях. Беларусь таксама аказвае В'етнаму садзейнічанне ў вырашэнні яго праблем на міжнародным узроўні. Вялікае значэнне мае і развіццё глабалізацыі: у свеце, у якім межы становяцца ўсё больш блізкімі і празрыстымі для кантактаў з-за імклівых камунікацый, для дзяржаў усё больш важным становіцца ведаць сваіх сяброў і сапернікаў, фарміруючы прэферэнцыі для зносін. Нарэшце, спрыяе развіццю беларускіх адносін з В'етнамам і еўразійская інтэграцыя — агульны рынак Расіі, Беларусі і Казахстана становіцца значным для В'етнама, стымулюючы гатоўнасць наладжваць кантакты з ім. Гэтая гатоўнасць такая вялікая, што з 2010 года вядуцца перамовы па Пагадненні аб зоне свабоднага гандлю паміж Мытным саюзам Беларусі, Казахстана і Расіі і В'етнамам. У выніку 27—29 сакавіка 2013 г. у Ханоі прайшоў першы раўнд перамоў па гэтым пагадненні. На працягу 2013 года плануецца правесці яшчэ тры раўнды, і цалкам магчыма, што ўжо ў 2014 годзе зона свабоднага гандлю пачне функцыянаваць. Акрамя эканамічных выгад для ўсіх бакоў, такі сцэнарый будзе мець і выгадныя для ўдзельнікаў еўразійскай інтэграцыі геапалітычныя наступствы. Наяўнасць у такіх сур'ёзных краін, як В'етнам, інтарэсу да стварэння зоны свабоднага гандлю з удзельнікамі тройкі, падкрэслівае, што яе значэнне ў сусветнай геапалітыцы расце. А ўлічваючы, што паралельна ідуць перамовы па гэтым пытанні і з іншымі краінамі, будучы Еўразійскі эканамічны саюз зможа ў 2015 г. прадэманстраваць нядрэнны зачын. Зыходзячы з вышэйназваных фактараў, візіт кіраўніка ўрада В'етнама Нгуена Тан Зунга ў Беларусь, які адбыўся 15—17 мая, аказаўся вельмі плённым. Падпісана ў тым ліку 10 камерцыйных кантрактаў на агульную суму звыш 100 млн дол., абмеркаваны і іншыя праекты. Адной з сур'ёзных праблем у развіцці эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з В'етнамам доўгі час быў недахоп магчымасцяў па фінансаванні новых праектаў. І беларуская эканоміка, і в'етнамская поўныя патэнцыйна выгадных праектаў, але адным з ключавых аспектаў заўсёды з'яўляецца пытанне: дзе знайсці неабходныя для гэтага фінансы? Таму падчас перамоў з в'етнамскім прэм'ерам беларускі бок прапанаваў механізмы фінансавай падтрымкі сумесных з В'етнамам кампаній і праектаў. На думку беларускага прэм'ер-міністра, гэта дазволіць падвоіць таваразварот з В'етнамам у бліжэйшыя тры гады. Калі ўлічыць, што па выніках 2012 года ён склаў 184,7 млн долараў, то задача пастаўлена дастаткова сур'ёзная. Садзейнічаць яе рэалізацыі будзе ў тым ліку і створаны восенню 2012 г. у Ханоі Гандлёвы дом "Беларусь — В'етнам". Кантраляваць і заахвочваць развіццё таваразвароту будзе Беларуска-В'етнамская міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Безумоўна, сур'ёзны ўклад унясе і Беларуска-В'етнамская камісія па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, якая рэалізуе Выканаўчую праграму навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2012—2013 гады і на перспектыву да 2015 года. Адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва можа стаць здабыча беларускімі кампаніямі карысных выкапняў на тэрыторыі В'етнама і рэалізацыя аналагічных сумесных праектаў у супрацоўніцтве з в'етнамскімі кампаніямі ў Азіі. Хацелася б, каб з часам беларуска-в'етнамскія адносіны выйшлі на той узровень эканамічнай кааперацыі, які ўжо цяпер дасягнуты з Венесуэлай. Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
В'етнам становіцца ўсё больш важным партнёрам Беларусі з кожным годам. Фактараў, якія на гэта ўплываюць, некалькі. Вядома ж, у В'етнаме памятаюць тую ваенную... |
|