Родная і нечужая
25.05.2013
—
Новости Общества
|
Роднае набліжана да ідэальнага.А ідэальнае,бывае, зусім лёгка становіцца родным. Раскажу пра звычайную беларускую хату. А больш дакладна — пра дзве хаты: маю, родную, і бабы Каці — ідэальную. Абедзве — у Лепельскім раёне. О, якая ў ідэальнай хаце падлога! Маснічына да маснічыны, на кожнай — непаўторны фактурны малюнак дрэва... Яго можна пакратаць рукой ці прайсці па ім басанож — маснічыны не сапсаваны фарбай. Больш за тое, гаспадыня раз-пораз адшароўвае іх ад налёту часу хвашчоўнікам, які яшчэ і падсвятляе драўніну. Па такой падлозе можна хадзіць толькі басанож і толькі цвярозым. Было б зусім недарэчна, прыкра бачыць якога нябогу, які басанож ці ў шкарпэтках ідзе па адной маснічыне ды стараецца паказаць маці: маўляў, калі і прыняў з нагоды моцнага напою, дык самую кропельку... Такая хата вельмі спрыяе літаратурнаму занятку. Падчас яго дык і сапраўды лацвей хадзіць — і зноў жа лепш басанож — па ўсёй даўжыні адной аблюбаванай маснічыны: сюды-туды, сюды-туды, абдумваючы новы сюжэт... І гэта, дарэчы, усё адно што выкрочваць па столі. Калі перакуліць хату, так і атрымаецца, толькі з некаторымі асаблівасцямі: ідучы па столі, прыйшлося б пераступаць бэлькі. У перакуленай хаце дошкі былі б не над, а пад непадшытымі бэлькамі — таксама непафарбаванымі, як у нас з бабай Кацяй, з сонечнай фактурай дрэва... Толькі што насланы не так, як на падлозе: цераз адну — верхнія дошкі пакладзены на самыя краі ніжніх... У ідэальнай хаце падлога і столь аднолькава чыстыя. Бывае, падлога становіцца нават чысцейшай за столь. Гэта здараецца тады, калі састарэлую гаспадыню добра прыгне да зямлі, і яна ўжо не можа, як раней, станавіцца на табурэтку ды задзіраць угору рукі з намочанай анучкай, каб памыць пацямнелыя дошкі. Тады столь падчас наездаў напярэдадні вялікіх святаў, напрыклад, Вялічка, вымываюць дзеці. Праясніваюць неба свайго маленства. А калі яны жывуць далёка, як дачка бабы Каці, атрымліваецца, што падлога робіцца чысцейшай, чым столь. Можна сказаць, перакульваецца не хата, а жыццё. Не ведаю, як павінна быць абстаўлена ідэальная хата. Я яе толькі й бачыў, што ў бабы Каці, а яе жытло ўладкавана даволі бедна. Вузкая, фанерная, без люстра шафа — навошта большая адзінокай бабулі. У парозе — ложак, просты, са звыклымі металічнымі біламі. Пра сучаснасць нагадвае хіба што тэлевізарчык на стале... Тут атуляюць светлай чысцінёй шапаткія фіранкі, а ўтульны куток адгароджвае не драўляная перагародка, а накрухмаленая льняная заслона... Азірнуўся навокал — і зразумеў, што галоўнае ў ідэальнай хаце — якраз чысціня. Вось у такім жытле і прыходзяць на розум чыстыя думкі. А ў маёй роднай хаціне не ўсё так ідэальна. Падлога пафарбаваная. Столь такая ж самая, як і ў ідэальнай хаце, але ў трысцене пацямнела ад дыму, вялізнай печы. Але ж у роднай хаце жыве Ірына Юстынаўна, мая матуля... Таму і думкі мае тут чыстыя, нібы ў хаце ідэальнай. www Гэты абразок напісаў я пасля знаёмства з Кацярынай Цітаўнай Міснік з вёскі Сітнікі Лепельскага раёна. Яе хата і натхніла. А ў роднай хаце лёгка пісалася... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Простыя рэчы Сяргея Рублеўскага |
|