Свежы вецер над полем. 21.by

Свежы вецер над полем

26.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзе ўлетку найбольш лёгка і здорава дыхаецца? Прыемна ў лесе, але ж калі стаіць спякота, дык удзень тут такая духата, што становіцца млосна. І ў такі час, нягледзячы на маю вечную любоў да лесу і зачараванне ім, усё ж хочацца выбрацца на адкрыты прастор. Туды, дзе гуляе вольны свежы вецер.

Такіх мясцін вакол нашай вёскі, дзякуй Богу, многа. Гэта палеткі, якія прывольна разышліся ва ўсе бакі. Не скажу, што яны надта шырокія, ёсць розныя, некаторыя перабраны пералескамі. Але ж пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені спачывае тут душа, калі ты можаш успрымаць поле ва ўсёй яго разнастайнасці, багацці, неабходнасці. Поле надзвычай дарагое, бо наша жыццё шмат у чым залежыць ад яго. Поле заўсёды жыве, трэба толькі яго разумець, як на гэта здольныя беларускія сяляне, чый лёс з ім цесна знітаваны.

Як пачынаецца поле? Ды па-рознаму, але заўсёды маляўніча і прывабна. Колькі цудоўных краявідаў, ад іх у нашы сэрцы прыходзіць трапяткое замілаванне і яшчэ большая любоў да Радзімы. Асабіста мяне заўсёды зачароўвае такі пейзаж: стары гасцінец, а паабапал палеткі. І абавязкова, бы нейкі важкі, спрадвечны сімвал беларускай зямлі, бярозы. Адзін наш паэт сказаў калісьці пра іх прыгожа і вобразна: “Як жнеі, бярозы на межах”.

Цяпер няма тых меж, а бярозы жывуць. І старыя, маўклівыя сведкі далёкіх падзей, і маладыя, дбайна пасаджаныя людзьмі. Спыніся, чалавек, каля гэтых бяроз на ўскрайку поля, выберы нейкі час, адчуй і зразумей тую прыгажосць, гармонію і суладнасць, якая тут пануе. Яе ствараюць гэтыя купчастыя дрэвы, жытнёвае поле і свежы вецер, што гуляе ў наваколлі.

…Я прысеў на мяккую траву, каб паглядзець і паслухаць, што тут адбываецца ў пагодлівы летні поўдзень, такі высокі, празрысты, бы тая бездань неба. Месца выбраў, па-мойму, прыгожае. Тут поле сыходзіцца з лугам, іх раздзяляе толькі вузенькая сцяжынка. Так што магу назіраць, як паводзіць сябе вецер з жытам, травамі, кветкамі, бярозамі. Вось ён падзьмуў, і я ўяўляю сабе, што вецер прыляцеў сюды здалёку-здалёку. Мо на яго шляху былі вялікія гарады і розныя паселішчы, мо зусім іншыя землі, чым наша, родная, блізкая. Вецер жа заўсёды свабодны, як той птах, для яго няма асаблівых перашкод.

Хопіць, аднак, гэтай фантазіі, хоць, можа, зараз яна і дарэчы. Бачу, што вецер пачынае вытвараць рознае. Здорава шугануў над жытнёвым полем, тут для яго прыволле, ёсць дзе разагнацца ва ўсю моц і сілу. І па шырокім полі ходзяць жоўта-сівыя хвалі, яно ўзрушана і неспакойна.

Раптоўна вецер перабраўся на луг і тут прыціх, не такі няўрымслівы, як над жытам. Злёгку перабірае траву, ціха зварухнуліся кветкі ад яго пяшчотнага дотыку, заківалі рознакаляровымі галоўкамі. Шмат бярэ з сабою вецер з жытнёвага поля, квяцістага лугу: гэта мноства самых розных пахаў, якія, акрамя як летам, ніколі больш у Беларусі не паўтараюцца. Ад разагрэтай зямлі, даспяваючага жыта, духмяных кветак і траў такі цудоўны водар, такі жывы настой — вось што можа ў разгар летняга дня прыгатаваць шчодрая прырода.

Зноў рвануў вецер, скалануў бярозы, закруціў, заблытаў іх галіны. Вершаліны дрэў аж закіпелі, узбуджана зашапацелі лістотай. Быццам злуюцца бярозы на такую нахабнасць, з-за якой парушаны іх спакой і ціхая дрымота пад гарачым летнім сонцам.

І ўсё ж павевы ветру ў такі гарачы дзень вельмі жаданыя. Ён нясе з сабою чыстую свежасць, якая разлілася навокал прыемнай прахалодай.

На гарызонце, адкуль прыляцеў вецер, паўстае чорная хмара, яна ўсё больш і больш абдымае неба. Там і гром заварочаўся глуха.

Мне пара дамоў, але ж бачу, што ўскрай поля нетаропка ідзе мужчына. Падыходзіць бліжэй. Гэта ўжо досыць стары чалавек. Цікава, што яго прывяло ў гарачы поўдзень на поле, тым больш калі вось-вось можа зашумець навальніца. Затрымліваюся, таму што вельмі люблю размовы са старымі вяскоўцамі. Дзед падышоў, павітаўся, стаіць і глядзіць на поле.

— Добрае жыта, — кажу, ведаючы, што гэтая тэма найлепш спрыяе той гамонцы, якой чакаю зараз.

— Ага, урадзіла жыцейка, — адказвае стары. — Прыйду сюды, пагляджу — душа радуецца. Не трэба мець крыўды на зямельку, тым больш на гэтае поле. Жыта тут заўсёды бярэцца дружна, вымахае пад рост чалавека, густое, з моцным сцяблом, цяжкімі каласамі. Ну, як і гэтае. Маё поле, вось як! — паглядзеў на мяне стары, і ў яго вачах я ўбачыў радасць і задавальненне.

— Ваша? Дык гэта ж палеткі мясцовага кааператыва? — здзівіўся я.

— Ат, не разумееце вы мяне. У тым сэнсе маё поле, што, як сябе памятаю, я быў заўсёды на ім. Нават у вайну тут крыху сеялі, каб было нейкае зерне. А пасля вайны, як у нас стаў калгас, дык з гэтым полем і я застаўся назаўсёды. Бывала, калі яшчэ калгас не меў трактароў, вясной увесь божы дзень за плугам. Узарэш, колькі хапае сіл, а вечарам ледзь цягнешся дамоў, амаль падаеш ад стомы. Потым стала лягчэй, бо калгас набываў тэхніку. Ну, я вывучыўся на трактарыста, а потым і на камбайнера. Так што ўся мая работа і была ў полі, а гэта нямала, ажно паўвека...

— Не надакучыла?

— Ці ж можа надакучыць хлеб? — у голасе старога я адчуў нейкую крыўду з-за такога майго пытання. — Ну, вы ясце хлеб кожны дзень, і я таксама, і іншыя людзі. І што, прыеўся ён? Ясна, што не, а хлеб — гэта ж поле, і жніво — галоўнае, чым жыве, на што спадзяецца селянін. Жніво яго можа і ўзрадаваць, і засмуціць. Раней, канешне, прыйдзеш на поле і цяжка ўздыхаеш. Якое было жыта? Рэдзенькае, сцябліны кволыя, зярняткі дробненькія. Зусім благое жыта, чаму ж радавацца. Цяпер — зусім іншае. Летась з гэтага поля на кожным гектары ўзялі па 40 цэнтнераў, сёлета будзе не менш.

— Каб толькі не палягло.

— Ага, і я пра гэта думаю. Вельмі ўжо цяжкі колас, — стары асцярожна сарваў каласок, спрытна расцёр яго пальцамі. — Глядзіце, колькі хлеба з аднаго коласа.

На яго шурпатай далоні ляжалі зярняты, свежыя і буйныя, поўныя зямной і сонечнай сілы.

— Іншы раз сам у сябе пытаюся: ці не стаміўся я ад сваёй такой доўгай і нялёгкай работы на полі, — разважае стары, і ў яго словах, здаецца мне, адчуваецца нейкі філасофскі сэнс. — Што тут сказаць? Але ж, як толькі прыйду сюды, на сваё поле, падыхаю тут свежым паветрам — такі добры настрой. Дома толькі закрыю вочы — і бачу перад сабой гэтае поле. Два гады таму такая бяда, скажу вам, здарылася. Перад самым жнівом наляцела моцная бура, шалёны віхор перакруціў жыта, палажыў яго на зямлю. Ды яшчэ дажджы доўга ішлі. Як тут жаць, вось і прарасло жыцейка. Ледзь не захварэў я тады з такое нагоды. Сёлета пакуль надвор’е добрае, ці, як кажуц, старыя бабкі ў нашай вёсцы, Бог міласцівы да хлебаробаў. Вось толькі б гэтая хмара не прынесла бяды, — стары з трывогай паглядзеў на захад, дзе небасхіл быў шэры і непрыветны.

Я развітаўся са старым, хоць бачыў, што ён ахвотна хацеў бы працягваць нашу гамонку. Зразумела: у маёй асобе гэты селянін сустрэў чалавека, якому мог распавядаць пра самае галоўнае ў сваім жыцці. І я пастараўся не расчараваць яго. Адышоўшы далёка ад поля, азірнуўся. Стары стаяў каля жыта. Якраз развеялася і хмара, у наваколлі пасвятлела. Дзьмуў лёгкі вецер, чысты і свежы...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як пачынаецца поле? Ды па-рознаму, але заўсёды маляўніча...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика