Купляй валёнкі летам. 21.by

Купляй валёнкі летам

06.08.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У час «Дрыбінскіх таржкоў» у Магілёўскай вобласці можна было прыдбаць і млын, і шапку-мегерку, і карысныя для здароўя зёлкі

Сёння кожны ведае: за добрымі валёнкамі ехаць трэба ў дрыбінскую старонку. Яшчэ лепш — падгадаць гэты «тур» да мясцовага кірмашу. Калісьці такія кірмашы славіліся на ўсю Магілёўскую губерню. Тры гады таму ўлады вырашылі адрадзіць добрую традыцыю, і задума ўдалася: сёння таржкі збіраюць не толькі жыхароў раёна. На свята да дрыбінцаў у мінулую суботу прыехалі госці з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны.

Фэст сцірае межы

— Наша зямля з даўніх часоў славілася гасціннасцю, — падкрэсліў старшыня Дрыбінскага райвыканкама Пётр Панасюга. — І таржкі яшчэ адно таму пацвярджэнне. Мы робім усё, каб госці і ўдзельнікі фэсту адчувалі сябе як дома. Каб цікава і весела тут было і дзецям, і дарослым.

Сёлета кірмаш яшчэ меў статус рэгіянальнага. Але ў будучыні, як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, свята выйдзе на новы ўзровень. Міністэрства культуры Беларусі збіраецца ўключыць яго ў рэспубліканскую праграму, так што перспектыва ў «Дрыбінскіх таржкоў» ёсць.

— Наогул, — прызнаў Анатоль Анатольевіч, — чым больш такіх свят, тым лепш. Бо кожнае з іх адрозніваецца. Але ёсць і агульная рыса: фэсты, якія не ведаюць межаў, часам робяць больш для яднання народаў, чым дыпламаты і палітыкі.

Кіраўнік народнага калектыву «Славяне» з Луганскай вобласці Таццяна Мануйлава расказала, што ў Беларусь прыехала ўпершыню. І адразу адчула цёплую, шчырую атмасферу. «Быццам трапіла ў нейкі другі свет — свет свайго дзяцінства, дзе ёсць месца радасці і добрым эмоцыям.

Спадзяюся, што гэта свята ў нашых душах застанецца надоўга, — адзначыла ўкраінская госця. — У нас з вамі шмат агульнага, у тым ліку і ў культуры. Але вось такіх валёнак, як у Дрыбіне, няма».

Каштоўнасць рэспубліканскага маштабу

Яно і нядзіўна: старажытную тэхналогію вырабу самага надзейнага для зімы абутку на прасторы былога Савецкага Саюза захавалі толькі дрыбінцы. Гэтаму няпростаму рамяству навучыліся і многія з мясцовых жанчын. Адна з іх — Марыя Асіпоўская з вёскі Пакуцце — сакрэты шапавалення адкрыла для сябе трыццаць год назад.

— Калі ў нашу вёску прыйшоў майстар па валенні валёнак, то цікавала, калі той скончыць працу ў суседа, каб запрасіць да сябе. Назірала за яго заняткам гадзінамі. А потым папрасіла даць мне калодку, дык ён не інакш як пажартаваў: даў такую, што валёнак можно было зрабіць толькі на каня!

Але настойлівая жанчына ад свайго не адступіла і праз нейкі час асвоіла сакрэты шапавалення. Абула ў валёнкі радню і суседзяў. Матчына захапленне перадалося і аднаму з трох сыноў — Уладзіміру Асіпоўскаму.

— Зараз у раёне 60 майстроў па валенні валёнак, — удакладніла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама Алена Рабкавец. — Для таго каб і надалей развіваць уні-кальнае рамяство, пры раённым гісторыка-этнаграфічным музеі створана аб’яднанне «Шапавал», якое мае званне народнага. Ёсць там і дзіцячы калектыў.

Дарэчы, адроджанае рамяство прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага маштабу, а за выдатныя поспехі ў справе захавання шапавальнага промыслу мясцовы музей стаў лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі. І выйграў міжнародны гранд на стварэнне творчай лабараторыі па выкарыстанні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Экалагічны, практычны абутак з Дрыбіна сёння носяць у Расіі, Еўропе і нават у Амерыцы. 

Добра скеніць — добра есці!

Час ідзе, і мода мяняецца. Самі валёнкі засталіся такімі, якімі іх насілі нашы дзяды і прадзеды. Але спецыяльна для модніц гэты абутак навучыліся ўпрыгожваць. На «Дрыбінскіх таржках» на падвор’і шапавалаў кожны жадаючы мог прайсці майстар-клас па вывучэнні методыкі сухога валення.

— Гэта вельмі проста: трэба толькі іголка, каляровая шэрсць і крыху цярпення, — кажа супрацоўніца мясцовага музея Жанна Клімава.

Многіх зацікавіў і «катрушніцкі лемезень» — мова, якую шапавалы прыдумалі спецыяльна для таго, каб захоўваць свае сакрэты. Усяго ў гэтым слоўніку каля тысячы слоў. Сябе аўтары «лемезеня» называлі катрушнікамі, валёнкі — шкорнямі, а жонак — жбахамі. Госці фэсту ахвотна прымяралі і шапкі-мегеркі з лямцу, якія таксама знаходзяцца ў спісе вынаходак дрыбінскіх шапавалаў. На «ўра» пайшла таксама гарбата ад катрушнікаў — з ліпаю, пялёсткамі руж ці чаборам.

Гаючы адвар і жывую ваду можна было паспрабаваць і ў іншых лаўках, у тым ліку ля дзяжурнай «хуткай дапамогі». А яшчэ — адведаць юшкі, бліноў, каўбас, медавухі, мясцовага хлеба. Адна з крамак так і называлася: «Добра скеніць!». У перакладзе з катруш-ніцкага гэта азначае добра есці. Прыхільнікі актыўнага адпачынку адразу ўключыліся ў розныя спаборніцт-вы: спрабавалі сілы ў кіданні валёнак, каталіся на кані, не адказаліся ад рыбацкіх забаў. Мнагалюдна было і ў «Горадзе майстроў»: вырабы народных умельцаў, якімі можно было не толькі палюбавацца, але і купіць, проста ўражвалі сваёй разнастайнасцю.

За ўнікальнымі святамі — будучыня

Свае вырабы — аплікацыі, лялькі, вязаныя рэчы — на вулічнай выставе прадставілі і майстры з Расіі.

— Мы на беларускай зямлі ўжо даўно не госці, — зазначыла каардынатар цэнтра «Умелец» Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці Любоў Воранава. — Да Мсціслава ад нас усяго дваццаць кіламетраў, таму святы традыцыйна праводзім разам. Мы вельмі даражым такімі добрасуседскімі адносінамі.

…«Дрыбінскія таржкі» пелі і спявалі да позняга вечара. На канцэртных пляцоўках мяняліся творчыя калектывы, а ўсяго іх прыехала дваццаць. Працавала тэатралізаваная мытня, прайсці праз якую можна было толькі на лыжах, самакаце ці калёсах. Працавала літаратурная гасцёўня. А кульмінацыяй свята сталі фаер-шоу і феерверк.

— Малыя гарады пры фарміраванні сваіх турыстычных брэндаў стаўку робяць на ўнікальныя святы. І вельмі правільна, што асновай іх становяцца традыцыі нашых продкаў,— лічыць Анатоль Сінкавец. — Тыя, хто заглянуў на «Дрыбінскія таржкі», не проста пагуляюць, падымуць сабе настрой, але і адкрыюць для сябе старонкі мінулага гэтага краю. А для раёна фэст стане яшчэ адным імпульсам да развіцця.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За добрымі валёнкамі ехаць сёння трэба на «Дрыбінскія таржкі»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика