Асалода і карысць. 21.by

Асалода і карысць

17.08.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ціхае паляванне — гэта і спорт, і адпачынак, яно адкрывае нам таямніцы лесу

Хто з нас не быў па-сапраўднаму шчаслівы, калі пасля шчодрага цёплага дажджу і туману, выбраўшы вольную часіну сярод паўсядзённых спраў, прыходзіш у лес, а вяртаешся адтуль з поўным кошыкам грыбоў? Каму з грыбнікоў не вядомы своеасаблівы, ні з чым не параўнальны пах маладых, толькі што сабраных каштоўных дароў прыроды, калі яны адорваюць тонкім водарам лясной свежасці, хваёвых смол і зялёнай ігліцы, вільготнага подсцілу з імхоў, лісця і траў? У гэтых грыбах адчуваецца пах густых ранішніх туманаў, багатых начных рос, цёплых дажджоў і самой карміцелькі-зямлі.

Ціхае паляванне — прыемнае і карыснае баўленне часу: гэта спорт і адпачынак, гэта цікавыя зносіны з жывой прыродай, сустрэча с яе таямніцамі. Шмат грыбоў у нашых лясах! Толькі не лянуйся, збірай!

Што можа быць больш цудоўным, чым устаць раненька — і па грыбы. Лес у гэты час нібы казачны, абмыты ранішняй свежай расой і ахутаны перадсвітальным туманам. Збіраць грыбы лепш раніцай — яны больш сакавітыя і даўжэй захоўваюцца. Па лесе трэба хадзіць паволі. Знайшоў грыб — азірайся навокал: многія растуць сем’ямі.

Бярозавыя пералескі — самыя грыбныя мясціны. Прыгледзішся — вытыркае з травы, з-пад лісця чарнавата-буры ці шэраваты капялюшык падбярозавіка. У ельніку, сасонніку натрапіш на вывадак жоўтых лісічак. На палянках, нібы пунсовыя бутоны, салодкія сыраежкі. Пад лапкамі елак, быццам медныя пятакі, — рыжыкі. Баравік — мерка ўдачы грыбніка. Ён ведае сабе цану і таму патрабуе асаблівай увагі, прымушае зрабіць не адзін паклон. Затое колькі радасці, калі акуратна зрэзаны баравік прыемна ахалоджвае руку.

Доўга хадзіў-блукаў па лесе. У нагах крыху адчуваецца стома. Рашыў адпачыць, паляжаць на зямлі. Высока ў блакітным небе плыве сонца, льючы на зямлю свае цяпло і святло. Над маёй галавой, дзесьці высока на бярозе цінькаюць нябачныя птушкі. Побач лётаюць стракозы і матылькі. А на маленькім лапіку зямлі, дзе я прылёг, ідуць свае клопаты і турботы, жыццё. Некуды спяшаюцца цягавітыя рудыя мурашкі, уверх па сцяблінцы паўзе божая кароўка, крыху далей прытаіўся конік.

Да чаго ж прыемна бываць у лесе! Гэта адпачынак і лясныя дары.

Не заўважыў, як напоўніўся кошык. Задаволена крочыш дамоў і бачыш, як кідаюць зайздросныя позіркі суседзі. Кошык цяжкі, але свая ноша плячо не муляе і рукам няцяжка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ціхае паляванне — спорт і адпачынак, які адкрывае таямніцы лесу
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика