Кажуць, што Бог дае кожнаму чалавеку столькі выпрабаванняў, колькі той зможа вытрымаць. Аляксандру Рынкевічу, 21-гадоваму юнаку з Міёраў, іх выпала больш, чым кожны мог бы сабе ўявіць: юнак на ўласным вопыце зведаў, што такое анкалагічнае захворванне. Аднак Асоба на тое і Асоба, што не ламаецца пад гнётам перашкод, а, наадварот, загартоўваецца і становіцца моцнай і нязломнай. Менавіта пра такога чалавека ідзе раповед у нарысе, які надрукавала раённая газета"Міёрскія навіны".
"Жаданне толькі адно"
"Кожны з нас мае тысячы жаданняў. Схуднець, мець болей грошай, новы тэлефон. У чалавека, які хворы на рак, жаданне толькі адно - перамагчы сваю хваробу. Я ведаю, што 97% з вас не паставяць гэта ў статус, але хоць бы 3% маіх сяброў зробяць гэта. У гонар тых, хто памёр, і тых, хто змагаецца з ракам", - напісаў Аляксандр у адной з сацыяльных сетак 14 верасня 2011 года.
"Сёння, перш чым сказаць непрыемнае слова, падумай пра тых, хто не можа размаўляць. Перш чым наракаць на смак ежы, падумай пра тых, хто не можа размаўляць. Перш чым наракаць на свайго мужа ці жонку, падумай пра тых, хто просіць Бога не пакідаць яго. Перш чым наракаць на жыццё, падумай пра тых, хто вельмі рана пайшоў з яго…" - разважае юнак.
Саша - вельмі цікавы і творчы чалавек, яго інтарэсы бязмежныя: ён мастак, паэт, скульптар, калекцыянер, і не пазнаёміцца з ім было б недапушчальнай памылкай.
Сон, увасоблены ў рэальнасць
- Лепкай я пачаў займацца выпадкова, - расказвае Аляксандр. - Проста аднойчы ў краме патрапіўся на вочы пластылін, і нібыта нешта падштурхнула паспрабаваць што-небудзь вылепіць. Пазней убачыў у сне касцёл і вельмі захацеў зрабіць аналагічны.
Так, складаючы з пластыліну цаглінку за цаглінкай, недзе за год ён "пабудаваў" запамінальны па ўнікальнасці і складанасці макет. Адметна, што сваё тварэнне хлопец упрыгожыў падсветкай, дзякуючы якой уся канструкцыя свеціцца знутры. Па памерах яна не большая, чым паўцагліны.
- У мяне часта пытаюцца: "А чаму ты зляпіў менавіта Міёрскі касцёл?" Стаміўся ўсім тлумачыць, што макет зроблены цалкам на аснове маіх уяўленняў, хоць і падобны ў нечым да Міёрскай святыні. Усе свае эскізы я прыдумляю сам. Зараз вось збіраюся выляпіць царкву. Ажыццяўленне задум цалкам залежыць ад натхнення. Так, напрыклад, касцёл я рабіў год, а калі палічыць дні, у якія непасрэдна займаўся толькі макетам, то на працу затраціў недзе каля трох месяцаў.
Дарэчы, свой твор Саша падарыў музею трэцяй школы.
Шляхам паэта і мастака
У мастацкую школу Аляксандр Рынкевіч пачынаў хадзіць тры разы, аднак так ніводнага разу да канца і не давучыўся. Жаданне маляваць не пакідала. У сваіх памкненнях сябе не абмяжоўваў. Маляваў, калі ў гэтым была патрэба, і не важна, што пад рукой - гуаш, акварэль ці алоўкі.
- Такая цяга перадалася ад бацькі. Ён у мяне хоць і не мастак, аднак таксама любіць і ўмее маляваць. Карціны пішу, толькі калі сапраўды ўзнікае жаданне. Калі ляжаў у бальніцы, пазнаёміўся з мастаком. Ён даваў мне карысныя парады, якія потым не раз выкарыстаў.
Вершы Саша таксама пачаў пісаць у бальнічных сценах. Пацыентам прапаноўвалі заняцца якой-небудзь творчай дзейнасцю. Вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці паэта. Пазней у двух зборніках з твораў дзяцей, якія знаходзіліся на лячэнні ў анкагематалагічнай клініцы, выйшлі яго вершы - "Горад наш родны", напісаны ў сааўтарстве з сябрам Міхаілам Кісялеўскім, і верш "Вера ў сябе". Так пачынаючы аўтар стаў членам дзіцячага літаратурна-творчага аб'яднання "Дрэва жыцця".
- Зараз я таксама пішу, але толькі песні. Музыку і словы сачыняем разам з сябрам. Знаёмым падабаецца, пакуль што крытычных выказванняў у свой адрас не чулі.
На пытанне, пра што песні, хлопец з усмешкай адказвае: "Ну, канешне ж, пра каханне".
А патэфон застаўся...
Не так даўно ў Сашы з'явілася і цяга да калекцыянавання: ён сам знаходзіць і рэстаўрыруе старыя рэчы, асабліва шмат у яго экспанатаў нямецкага паходжання.
- Адшукаць штосьці для калекцыі - не праблема. Сябры расказваюць пра маё захапленне знаёмым, тыя - сваім знаёмым. Да таго ж, пошуку вельмі спрыяе інтэрнэт.
Самы значны набытак за апошні час - англійскі патэфон часоў Першай сусветнай вайны.
- З патэфонам увогуле атрымалася цікавая гісторыя. Купіў я яго праз знаёмага. Крыху пазней пазнаёміўся з дзяўчынай, і аказалася, што гэты патэфон доўгі час быў у іх сям'і! Дагэтуль падтрымліваем сяброўскія адносіны, а патэфон застаўся добрым напамінам. Хачу пачысціць яго і знайсці ў інтэрнэце пласцінкі - тады можна будзе нават музыку слухаць, - падзяліўся планамі Аляксандр.
Такая цікавасць да нямецкіх рэчаў невыпадковая:
- Мне зрабілі трансплантацыю, донарам стаў немец. Недзе праз год-паўтара ў мяне з'явілася моцная цікавасць да ўсяго нямецкага - іх укладу жыцця, культуры, быту. Пачаў калекцыянаваць нямецкія рэчы. Так што ў многім маё захапленне мае вось такую невытлумачальную прычыну.
Акрамя ўсяго вышэйназванага, Саша - аматар рыбнай лоўлі, да якой яго з маленства прывучыў бацька. Жартуе, што памятае сябе рыбаком ледзь не з часоў дзіцячага садка.
У наступным годзе хлопец плануе стаць вучнем іканапіснай школы пры мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры.
"У чалавека, хворага на рак, жаданне адно - перамагчы сваю хваробу. 97% з вас не паставяць гэта ў статус, але хоць бы 3% маіх сяброў зробяць гэта. У гонар тых, хто памёр, і...