Iдзе «Хавер» — аўто правер. 21.by

Iдзе «Хавер» — аўто правер

07.12.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дарожнікі раяць сачыць за картай ападкаў, а медыкі — за капюшонам

Учора ўвечары на Беларусь абрынуўся цыклон «Хавер»: тэмпература паветра знізілася да +2… -3 градусаў, а парывы ветру дасягнулі 15—24 м/с.

— Сёння надворье не палепшыцца, — папярэджвае Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідрамета. — Слупок тэрмометра апусціцца да -5, сіла ветру складзе 15—20 м/с, а ў некаторых рэгіёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей наблізіцца да 24 м/с. Па ўсёй краіне будзе ісці снег, месцамі моцны, на дарогах з’явіцца галалёдзіца. Паляпшацца надвор’е стане толькі ў нядзелю, калі цыклон адыдзе глыбей у Расію.

Але, папярэджваючы нас аб сур’ёзных капрызах прыроды, сіноптыкі раяць не панікаваць.

— Цяперашні «Хавер» — не сакавіцкі «Хаўер». Снегу ў 50—70 сантыметраў, як гэта было тады, зараз не намяце, — гаворыць Дзмітрый Рабаў.

Тым не менш Дзяржаўтаінспекцыя раіць грамадзянам у бліжэйшыя дні адмовіцца ад паездак на машыне. Тым жа, хто рызыкне сесці за руль, у час ападкаў трэба рухацца з уключаным блізкім святлом фар, выбіраць бяспечную хуткасць, якая на некаторых прамежках дарогі можа быць не больш за 40 км/ч. Акрамя таго, неабходна вытрымліваць дыстанцыю да аўтамабіля, які знаходзіцца наперадзе, і бакавы інтэрвал.

— І пры складаных сітуацыях не забывайце падтрымліваць адзін аднаго, як гэта было ў час «Хаўера», — кажа Аляксандр Бруй, старшы інспектар упраўлення ДАІ МУС. — Мне самому давялося трапіць у эпіцэнтр галоўнай завірухі сакавіка. Па дарозе ў Мінск мы з калегамі дапамаглі мужчыне, машына якога з’ехала ў кювет. З-за снегу выцягнуць яе было нельга, таму ў горад ён даехаў з намі.

Кантралююць сітуацыю і дарожнікі.

— У сувязі са штармавым папярэджаннем 1800 адзінак нашай тэхнікі па ўсёй краіне знаходзіцца, як бы сказалі вайскоўцы, у поўнай баявой гатоўнасці, — расказваюць у «Мінскаўтадор-Цэнтры». — А яшчэ перад выездам кожнаму з вадзіцеляў мы б параілі зазірнуць у онлайн-карту надвор’я, спасылка на якую ёсць на сайце Мінтранса. Тут дакладна паказана, як размяшчаюцца ападкі.

І яшчэ некалькі парад ад медыкаў. Цяплей апранайцеся, у галалёдзіцу сачыце за абуткам: дзяўчатам пажадана адмовіцца ад ботаў на вялікіх абцасах. І, як гэта нi дзіўна гучыць, будзьце уважлівымі, калі пераходзіце дарогу, насунуўшы капюшон на галаву: з-за яго можна не пабачыць машыну, якая будзе праязджаць побач.

----------------------------------

Мы вырашылі даведацца ў нашых чытачоў: у якія зімовыя пасткі даводзілася ім трапляць?

Наталля САМЕЦ, студэнтка БДУ:

— «Хаўер» злавіў мяне ў тралейбусе. На дарогах утварыліся пробкі, у адной з якіх стаялі і мы. Пасажыры ўжо былі гатовыя ісці пешшу, але вадзіцель дзверы не адчыняў — баяўся парушыць правілы бяспекі. Пакуль ён вырашаў, што рабіць у такой сітуацыі, дзверы тралейбуса моцна замяло, і яны ўжо не адчыняліся. Мужчыне прыйшлося вылазіць праз акно і адкопваць дзверы рукамі. Дапамагалі яму выпадковыя прахожыя. Вызваліўшыся са снежнага палону, мы ўсе разам даштурхалі тралейбус да абочыны.

Аляксандр ЮДЗІН, вадзіцель-дальнабойшчык:

— Памятаю, гадоў сем-восем таму была вельмі суровая зіма. Моцная завея і мароз каля 30 градусаў заспелі мяне на трасе. Машына зламалася, а паблізу была толькі невялікая вёсачка. Пастукаў у першую хату, якая трапілася на шляху, дзверы адчыніў дзядуля. Ён запрасіў мяне ўвайсці, напаіў гарачай гарбатай, накарміў дранікамі і дазволіў пераначаваць. Нават цяпер, праз некалькі гадоў кожны раз, калі праязджаю міма той вёсачкі, абавязкова наведваю майго новага сябра і прывожу яму смачных гасцінцаў.

Уладзімір ДЗЬЯЧЭНКА, прадпрымальнік:

— Раніцай пасля цыклону з суседзямі гулялі ў новую гульню — «знайдзі сваю машыну». На тым месцы, дзе раней была паркоўка, мы знайшлі адзін суцэльны сумёт, і толькі дзе-нідзе з-пад снегу тырчалі дахі аўтамабіляў. Сітуацыя ўскладнялася тым, што мала хто памятаў дакладнае месца, на якім пакінуў свайго жалезнага каня. Пачалі капаць... Помню, у той дзень я спазніўся на працу аж на тры гадзіны, але начальнік не злаваўся, бо і сам доўга не мог выйсці з пад’езда дома — жалезныя дзверы пад’езда да сярэдзіны замяло снегам.

-------------------------------------

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыялісты раяць сачыць за картай ападкаў і за капюшонамі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика