Выраслі з «кароткіх штонікаў» . 21.by

Выраслі з «кароткіх штонікаў»

24.12.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці з’явіцца ў Мінску новы музейны комплекс гісторыі беларускай культуры?

Бяда ўсіх музеяў заключаецца ў тым, што, маючы велізарныя калекцыі, яны не ў стане ў поўным аб’ёме паказаць іх людзям — не хапае экспазіцыйных пло¬шчаў. З гэтай праблемай сутыкнуўся і Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Створаны каля 40 гадоў таму, ён за гэты час практычна не павялічыў сваю плошчу. Хоць новыя экспанаты з’явіліся.



На здымку: дырэктар музея Барыс Лазука праводзіць экскурсію.

Напрыклад, этнаграфічныя экспедыцыі ў найбольш пацярпелыя і адселеныя ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёскі, дзе захаваліся сляды архаічнага ўкладу жыцця, дазволілі сабраць у кінутых дамах калекцыю ўнікальных узораў адзення, хатніх рэчаў, прылад працы (усё гэта рабілася з дазволу органаў улады і саміх жыхароў). Матэрыялы 10 такіх экспедыцый увайшлі ў спецыяльную экспазіцыю плошчай 500 квадратных метраў. Але размясціць атрымалася далёка не ўсе экспанаты. Чакаюць свайго часу і свайго гледача і многія іншыя этна¬графічныя рэліквіі, сабраныя па ўсёй краіне, і навукоўцы спадзяюцца, што дачакаюцца.

—У адрозненне ад большасці музеяў, якім няма куды расці, нашаму пашанцавала з тэрыторыяй, якая да яго прылягае, і мы б хацелі яе асвоіць, — тлумачыць дырэктар музея, загадчык аддзела Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука. — Паміж двума 16-павярховымі карпусамі на вуліцах Акадэмічнай і Сурганава, дзе знаходзяцца залы музея, ёсць прасторная пляцоўка, якая выкарыстоўваецца сёння ў якасці часовай аўтастаянкі. Яе і можна было б забудаваць, прычым з мінімальнымі выдаткамі, бо часткова гэта месца ўжо абмежавана сценамі і перакрыццямі існуючых будынкаў. На пасяджэнні прэзідыума НАН Беларусі наша ідэя была падтрымана, спадзяёмся, што знойдуцца і сродкі.

Планамі рэканструкцыі музея навукоўцы падзяліліся са студэнтамі архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і будучыя спецыялісты, выконваючы курсавыя работы, выдалі масу слушных ідэй па арганізацыі гэтай прасторы. Магчыма, некаторыя з іх і будуць выкарыстаны пры рэканструкцыі музея і размяшчэнні на новых плошчах этнаграфічных калекцый.

На думку спецыялістаў, акадэмічны музей, які першапачаткова быў створаны зусім не для масавых экскурсій, а як месца для працягу даследчай і адукацыйнай працы, пасля рэканструкцыі і пашырэння цалкам можа заняць нішу, якая да гэтага часу пустая.

Справа ў тым, што Музей народнай архітэктуры і побыту, размешчаны паміж вёскамі Азярцо і Строчыцы на беразе Пцічы, і Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, пры ўсіх іх вартасцях, маюць адзін недахоп — яны знаходзяцца за горадам. А ў самой сталіцы класічнага этнаграфічнага музея, па сутнасці, няма. Бо навукоўцы акадэміі навук толькі час ад часу прымаюць мэтавыя экскурсіі, адрываючыся ад працы, і робяць гэта, дарэчы, цалкам бясплатна. Хоць, калі б быў на тое дазвол, маглі б узяць на працу прафесійных экскурсаводаў, прымаць наведвальнікаў у любы час і накіроўваць заробленыя грошы, напрыклад, на рэстаўрацыю экспанатаў, арганізацыю дадатковых экспедыцый, закупку абсталявання і расходных матэрыялаў. Урэшце рэшт, сёння ўсё больш актыўна ўзнімаецца пытанне аб камерцыялізацыі навукі, аднак на практыцы гэта чамусьці не тычыцца тых дысцыплін, якія маглі б зарабляць грошы з лёгкасцю.

— Любы чалавек, які прыяз¬джае ў іншую краіну, перш за ўсё хоча зразумець, якая гэта нацыя, якія яе карані, а народная культура дае найбольш яркае і эмацыянальнае ўяўленне аб народзе і яго ментальнасці, — кажа Барыс Лазука. — І для гасцей Мінска, якія не маюць часу на працяглую культурную праграму, было б зручна наведаць этнаграфічную экспазіцыю ў цэнтры горада. Паказаць у нас ёсць што. У нас захоўваюцца і помнікі скульптуры, іканапісу, і больш за 80 комплексаў народнага касцюма па ўсіх рэгіёнах Беларусі, велізарная калекцыя традыцыйных тканін. Ёсць унікальныя рэчы, вырабы народных рамёстваў, ёсць экспанаты, якія распавядаюць пра рыбалоўства, бортніцтва, ткацтва, апрацоўку дрэва. Сабрана вялікая калекцыя традыцыйнай керамікі, кафлі. Але сціснутыя ўмовы не дазваляюць гэта ўсё ўключыць у экспазіцыю.

Разлікі паказваюць, што на стварэнне новага музейнага комплексу гісторыі беларускай культуры разам з праектнымі і разведвальнымі работамі, а таксама з улікам таго, што на розныя ўзгадненні, звязаныя са зменай вонкавага выгляду архітэктурнага аб’екта, патрабуецца шмат часу, могуць пайсці гады. Каб паскорыць справу, навукоўцы гатовыя аказаць садзейнічанне ў выкананні архітэктурнага праекта, таму што для гэтага, а таксама для стварэння навуковай канцэпцыі, афармлення экспазіцыі ў акадэміі ёсць кваліфікаваныя спецыялісты.

Але калі да рэалізацыі праекта, які пакуль быццам бы з’яўляецца ўнутранай справай НАН Беларусі, падключыцца яшчэ і горад з яго багатымі магчымасцямі, то сталіца зможа атрымаць паўнавартасны этнаграфічны музей значна хутчэй.

Фота Аляксандра ТАЛОЧКI, «Р»

Дзмiтрый ПАТЫКА, «Р»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці з’явіцца ў Мінску новы музейны комплекс гісторыі беларускай культуры?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика