Адрамантавалі на вясну і пра запас

09.01.2014 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

КАЛІ мы заглянулі на машынны двор ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна ў разгар рабочага дня, то нямала здзівіліся: на вялікай заасфальтаванай пляцоўцы, як акінуць позіркам, «чырванела» пару трактараў «Беларус» ды маячыла адзінокая фігура загадчыка майстэрань Ігара ТАРАКАНА. Малюнак, як у папулярнай песні: «Ні машын, ні людзей».

— Дзе ж тэхніка? — было першае пытанне да гаспадара двара. — У вас, калі верыць дырэктару таварыства Аляксандру Тулоўскаму, каля сотні яе адзінак: 70 трактараў, 21 камбайн...

Ігар Таракан паказаў на доўгія масіўныя гаражы, якія акружаюць  пляцоўку:

— Усё там! Пад замком! Закончыліся асеннія работы і — прыпаркавалі.

— Без рамонту?

— Як гэта без рамонту? — пакрыўдзіўся загадчык. — У нас так не прынята. Усе трактары на хаду, за выключэннем двух «Беларусаў» — «МТЗ-60» і «МТЗ-1221». Але яны зараз у майстэрні, дзень-другі — і іх таксама паставім на колы.

— Даруйце, але ў вас неяк не так, як у многіх іншых. Там спачатку рамантуюць прычапны інвентар, а затым бяруцца за тэхніку.

Ігар хітравата ўсміхнуўся і павёў за будынак майстэрняў. Там аказалася другая пляцоўка, агароджаная, з замком на варотах. На гэтай пляцоўцы ў некалькі радоў, нібыта на парадзе, выстаўлена была глебаапрацоўчая тэхніка: чызелі, плугі, культыватары. Усе дагледжаныя.

— Засталося некаторыя агрэгаты пафарбаваць толькі, але гэта ўжо дробязі, — падвёў рысу загадчык майстэрняў.

— Калі ж паспелі ўсё зрабіць? Адных чызеляў добры дзясятак. А на ўсё трэба запчасткі, якія каштуюць не так і танна?

— А мы, якія можна, вырабляем самі — у кузні, на такарных станках. Асабліва рабочыя органы. Некаторыя каштуюць да 300 тысяч рублёў за штуку. Вялікая эканомія атрымліваецца.

Заглянулі ў такарнае аддзяленне. Там выточваў дэталі для чызеляў Аляксандр Кандратовіч.

— Дык чызелі ж ўсе адрамантаваны? — выказваем здзіўленне.

— А мы ў запас, на вясну! — чуем у адказ.

Ну і, вядома ж, пры ўсялякім рамонце цяжка абысціся без зваршчыка. Ён у майстэрні ці не цэнтральная фігура. Гэта — Дзмітрый Карніловіч. Мае самы высокі — сёмы — разрад. Заварыць так, што не адрозніш ад завадскога.

Амаль чвэрць веку Дзмітрый у гаспадарцы. Сыны Андрэй і Ігар засталіся таксама на роднай зямлі, у аграгарадку Таргуны. Першы — механізатар, а другі — жывёлавод. Маюць свае сем’і, жыллё.

Між іншым, малады галоўны інжынер Сяргей Гушчык, заслуга якога немалая ў рамонце тэхнікі, замяніў на гэтай пасадзе свайго бацьку. Вось такая змена пакаленняў.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
КАЛІ мы заглянулі на машынны двор ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна ў разгар рабочага дня, то нямала здзівіліся: на вялікай заасфальтаванай пляцоўцы, як акінуць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика