Кавалак хлеба і жыццё
18.03.2014
—
Новости Общества
|
Мы, смілавіцкія хлапчукі, у пасляваенныя гады стараліся браць прыклад з Эдзіка Гаравога. Ніхто з нас не мог столькі разоў падцягнуцца на турніку, адціснуцца ад зямлі, зрабіць столькі практыкаванняў на паралельных брусах, так хутка прабегчы, скокнуць у вышыню і даўжыню. Эдзік Гаравы, студэнт Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, чэмпіён Савецкага Саюза па лёгкай атлетыцы сярод сельскіх спартсменаў, быў нашым кумірам. Зноў сустрэліся з Эдуардам Гаравым у Смілавічах мы аднойчы на Радаўніцу. Ля магілы сваёй бабулі Еўдакіі Савельеўны Эдуард расказаў гісторыю, як у часы Вялікай Айчыннай вайны за кавалак хлеба, які ён, хлопчык, украў у нямецкім абозе, у яго дзеда фашысты аднялі жыццё. Ішоў 1942 год. Сям’я Гаравых, пераехаўшы ў пачатку вайны са Смілавічаў у вёску Лубянка Быхаўскага раёна, знайшла прытулак у дзеда Захара Несцеравіча і бабулі Еўдакіі Савельеўны Гаравых. Дзеду было 73 гады, а бабулі — 71 год. Іх вялікая вёска Лубянка знаходзілася паміж Чачэвічамі і Быхавам. Аднойчы ля драўлянай царквы спыніўся нямецкі абоз, у якім было паўтара дзясятка фурманак. Цікаўны васьмігадовы Эдзік з аднагодкам Петруком не маглі надзівіцца, калі немцы пачалі карміць коней... хлебам. Ды не з якой-небудзь мякіны, а белым. Адны ездавыя клалі хлеб у сумкі і падсоўвалі коням, іншыя — проста на траву. Хлопчыкам так захацелася паспытаць таго хлеба: яны ж харчаваліся бульбай, лебядой і крапівой. Калі немцы зайшлі ў царкву, смялейшы Эдзік падкраўся, выхапіў з сумкі паўбуханкі, што не паспеў даесці конь, і ўцёк. Схаваўшыся за царквой, ён з Петруком адразу ўмалацілі той хлеб. Вельмі смачны аказаўся! Захацелася яшчэ. Пятрок з-за вугла цікаваў, каб хто не злавіў іх за гэтай справай, а Эдзік тым часам і сцягнуў кавалак хлеба у другога каня. — Атас! — крыкнуў Пятрок і кінуўся ўцякаць, заўважыўшы паліцэйскага. Эдзік не паспеў збегчы, яго ўхапіў за каршэнь нямецкі прыслужнік, рвануўшы хлопчыка за вуха. Нешта ў вуху абарвалася, трэснула, і Эдзік ледзь не страціў прытомнасць... Нават да гэтага часу на правае вуха ён не чуе! Хлапчук вырываўся, крычаў, плакаў, але паліцай трымаў моцна. Тады шустры Эдзік прылаўчыўся і ўкусіў паліцая за руку. — Ах, гадзюка! — завішчаў паліцэйскі і шпурнуў дзіця ад сябе. Эдзік даў лататы, але вуха і галава так балелі, што ён месца сабе не знаходзіў. Маці прыкладвала нейкія кампрэсы і прымочкі, ды боль не сціхаў. Хлопчык вырашыў адпомсціць праклятым акупантам. Калі сцямнела, узяў дзедаву касу, намянціў і паспяшаўся да абоза. Там парэзаў гужы, пастронкі, лейцы, зробленыя з чырванаватай прашытай шаўковымі ніткамі моцнай скуры. Абоз стаяў дзень, другі, трэці... Пачалі шукаць дыверсантаў. Паліцай, які ледзь не адарваў вуха Эдзіку, здагадаўся, чыя гэта справа. Раніцай, калі сонейка падымалася над гарызонтам, Эдзік выйшаў у двор і заўважыў з той стараны, дзе ўзыходзіла яно, ланцуг карнікаў-чорнапагоннікаў, якія кіраваліся ў іх бок. Перапуджаны хлопчык ускочыў у хату: — Дзед! Немцы! Стары, як і ўсе ў вёсцы, добра ведаў пра здарэнне ля царквы і здагадваўся, што «дыверсія» — помста яго ўнука за пакалечанае вуха. — Хутчэй, унучак, бяжы ў схованку, а я што-небудзь прыдумаю. Эдзік шаснуў у схованку, заціх там, як мыш, а дзед Захар пабег у паветку. Немцы адразу знайшлі там яго. Белы як снег, ён у дрыжачых руках трымаў яйкі. Спрабаваў патлумачыць, што хацеў пачаставаць паноў-немцаў. Але яны не слухалі яго, пачалі пытацца, дзе іх вырадак і «дыверсант». Білі кулакамі і нагамі. Галасіла маці, прыціскаючы да грудзей маленькую Эдзікаву сястрычку Раю. Раз’юшаныя немцы і паліцаі застрэлілі сабаку, пастралялі курэй. Збітага на горкі яблык старога звязалі, закінулі на воз і павезлі з сабой. Забралі таксама пастраляных курэй і цялушку. Завезлі дзеда Захара ў Быхаў на допыт, адтуль — у Мінск. Праз два месяцы ледзь жывога выпусцілі. Пакалечаны, з адбітымі вантробамі, ён, небарака, амаль месяц цягнуўся з Мінска ў Чэрвень, дзе жылі сваякі яго жонкі. Пажыў яшчэ тыдзень і памёр. — За кавалак хлеба, які я, галоднае хлапчанё, украў у абозе, праклятыя акупанты адабралі ў майго дзеда жыццё. Учора быў на яго магіле ў Чэрвені, — закончыў журботны аповед мой зямляк і цудоўны чалавек Эдуард Іосіфавіч Гаравы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы, смілавіцкія хлапчукі, у пасляваенныя гады стараліся браць... |
|