Пісьменніца Наталка Бабіна расказвае пра магію і Магію невялічкай лясной вёскі Заказанкі, дзе прайшло яе дзяцінства.
Жыхарам Заказанкі было б цяжка патлумачыць, што такое магія.
Заказанка — зусім невялічкая лясная вёска, дзе я нарадзілася і расла. На поўдні ад Брэста. Каля старой чыгункі і старой шашы. Паміж вялікімі вёскамі Прылукі і Страдзічы.
Калі дабірацца да яе шашой ад Брэста, то кіламетраў 15 будзе, а калі якім дырыжаблем па паветры, ці, як у маладых гадах хадзіла пехам мая бабуля — “напрощки”, — то і бліжэй. Да слова, шаша па-нашаму называецца “шос”, і мае беларускія сябры моцна вяселяцца ад гэтага, як і ад нашага воклічу “ондэ го!”, які нагадвае ім “Хэндэ хох!”, але цяпер не аб гэтым.
Цяпер пра магію.
Я не ведаю месца, больш поўнага магіяй. Хіба, можа, уровень стаіць Маконда. Але калі Маркес дакладна ведаў, што адзіноце і магіі Маконда — сто гадоў, то калі дакладна з’явілася на свет Заказанка, не ведае ніхто.
У сялянскай супольнасці, дзе не існуе звычкі нешта запісваць, гісторыя хутка забываецца, і шлейф гістарычных падзей імкліва губляецца ў імгле нікім не лічаных гадоў. Ходзяць толькі цьмяныя чуткі… што вось калісьці… ну вось калісьці-калісьці… тады Прылукі належалі брэсцкім езуітам… а Страдзічы… а Страдзічы, здаецца, былі ў казне… дык вось кароль… ну не ведаю, які кароль, можа, Сас… а можа, Казімір… якісь быў тады кароль… ён выбраў вялікі кавалак зямлі на беразе Буга і заказаў там паляваць і рыбу лавіць… ну як гэта ты не ведаеш, што значыць “заказаў”? забараніў, значыць. І пасяліў там нейкіх Карнея і Кузьму. Нібыта былі яны братамі… І яны, Карней і Кузьма, мусілі там наглядаць, каб ніхто заказу не парушаў. Так, нібыта, і з’явілася Заказанка — тады яна менавалася Заказань. Адно такія цьмяныя абрыўкі расказаў даводзілася мне чуць, калі прыступала да старых з просьбай расказаць, адкуль есть пошла наша вёска.
Нешта такое, відаць, і мела месца насамрэч. Карнялюк і Кузаўка — толькі гэтыя два прозвішчы заўсёды былі ў нашай вёсцы. Ці, больш дакладна, Корнэлюк і Кузавко.
Вось тут стаяла старая Заказанка. На Гугл-мап гэта 51°58’58.13″С — 23°40’40.98″В
Магія заўсёды вырастае з гісторыі, а гісторыя з магіі.
Такім чынам, пойдзем далей. Для гэтага вернемся назад.
Заказань стаяла сабе на беразе Буга, “потыхэньку” разрасталася. Мела ў ваколіцах рэпутацыю багатай вёскі, бо калі “заказ” караля сталі такі парушаць — ці мо скасаваў яго кароль? — то заказанцы нямерана лавілі рыбы ў Бугу, мелі вялікія сады, што было рэдкасцю тады, і ўрадлівыя землі ў бужскай пойме. Спецыялізаваліся таксама на перавозцы у “крыпах” людзей праз Буг. У суседніх Прылуках такіх садоў не было. Затое там жыла нейкая Феадора з сынамі, якая ў годзе господнем 1631 падаравала ўніяцкай царкве ў Кастамалотах (гэта вёска на процілеглым беразе Буга) цудоўную ікону св. Мікіты. Надпіс на іконе — першае ўпамінанне аб Прылуках. І хаця суседняя Заказнка там не згадваецца, можна дапусціць, што менавіта яе лодачнікі перапраўлялі ў Кастамалоты Феадору з іконай…
Так і жылі. Стагоддзямі. Сеючы і жнучы. З малітвамі. І магіі было месца ў гэтым жыцці — але аб гэтым яшчэ трохі потым.
Пойдзем далей, а для гэтага зноў вернемся назад.
Не толькі польскі кароль адзначыўся сваім каралеўскім падарункам у гісторыі нашай вёскі. Два падарункі ад рускіх правіцеляў засталіся ў гісторыі Заказанкі і, несумнеўна, мелі ўплыў на мясцовую магію. Не каралеўскія, канечне, падарункі, але напэўна ад усяго рускага сэрца.
Першы падарунак ад рускіх мы атрымалі ў 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны. Бежанства. Ведаеце, што гэта такое? Рускія вырашылі, што ўсіх мясцовых жыхароў трэба сагнаць са сваіх месцаў, каб пакінуць немцам, якія наступалі, пустую зямлю.
Казакі з нагайкамі прыязджалі ў вёскі і ўсіх выганялі. Заказанцы і прылучане скарыліся і пацягнуліся ў бежанства, углыб Расіі. А вось жыхары вёскі Страдзічы сабраліся і пастанавілі: ні ў якае бежанства не ісці, а калі казакі будуць выганяць — абараняцца.
І што ж аказалася? Казакі пабаяліся сунуцца ў Страдзічы — Страдчэ, як тады называлася вёска. У выніку ПАЛОВА жыхароў Заказанкі і Прылук у тым бежанстве загінула. А Страдчэ, што не пабаялася рускіх нагаек, разраслося. Калі меркаваць па старых інвентарах, то Прылукі раней былі удвая большыя, чым Страдчэ, а пасля бежанства ўсё зрабілася наадварот — Страдчэ стала ўдвая большае за Прылукі.
Бабуля мая, Палашка, родам з Прылук, нарадзілася ў бежанстве, у горадзе Батайску пад Растовам-на-Доне. А дзед мой, Гантон, родам з Заказанкі, у дзяцінстве сваім, пасля вяртання з бежанства, пух з голаду, і выратаваўся адно тым, што пячаркі еў. І гэта ў багатай на працягу стагоддзяў вёсцы. Хаця што там ад таго багацця засталося пасля вяртання з бежанцаў? Палеткі зараслі маладой сасной, грошы прапалі, хаты разрабаваныя… Ці была магія прычэпная да таго, што заказанцы выжылі? Цалкам магчыма: дасюль успамінаюць, што ў той год, як вярталіся з бежанства, стаяла магічна, анамальна цёплая зіма, у лютым авёс сеялі, і пячаркі ў траўні ўжо з’явіліся… Сталі неяк абжывацца і жыць далей. У Бугу самы не прапалі, даваліся лавіць…
А тут пачалася карусель змен улады. Думалі заказанцы, што “мынецця лыхо, мынецця горэ, як осемнаццятка поборэ”. Тады “осемнаццятка” — украінская партыя Сільроб — перамагла на выбарах у польскі сейм. А гора не мінулася. Але заказанцы не гублялі гумару і рэагавалі на падзеі так:
І шумыть, і гудэ, дрібный дошчык ідэ. Катэрына сіла ср*ты, а Пілсудскій ідэ!
Або так:
Былы, былы паны нас, Не давалы жызні, А мы плакалы нэ раз По своій Відчызні. Сталін двэры нам відкрыв, Нашому народу, Діткам школы выдчыныв, Старыкам — свободу.
Зрабіўшы гэта, Сталін зрабіў для заказанцаў і другі рускі падарунак.
У 1939, вызваліўшы нас ад столь многага, Савецкі Саюз правёў сваю мяжу па Бугу. Заказанка трапляла якраз на мяжу, і рускія яе адсялілі. Прыехалі чырвонаармейцы з вінтоўкамі і выгналі ўсіх. Але тут зноў адбыліся змены:
Ой ты, Семёновна, ты баба хітрая, Любіла Сталіна, а после Гітлера!
З пачаткам другой вайны людзі вярнуліся да сваіх хат. Але ў 1944-м, калі саветы прагналі немцаў, заказанцаў зноў выгналі, а хаты іх для надзейнасці расцягнулі. Старая Заказань знікла.
Карнелюкі і Кузаўкі расцерушыліся па свеце. Некаторыя з іх (дваццаць сем’яў) вырашылі далёка не ад’язджаць — а раптам зноў удасца вярнуцца? — і аселі ў сухім сасновым лесе каля самай новай мяжы.
Тут было тры хутары, і бежанцы спыталі ў іх гаспадароў — Квачка, Дэныса, Дмытра, — ці могуць яны асесці побач, і, атрымаўшы дазвол, пабудавалі хаты, насадзілі сады і сталі жыць.
Так Заказанка пераехала.
Тут яна стаіць і цяпер, а вось і дом, дзе я нарадзілася.
in Google Earth 51°58’5.49″С (North) 23°40’57.87″ (East)
Адсюль і я стала назіраць за заказанскай магіяй.
Магія ветрам вее над белымі заказанскімі пяскамі, кіпіць пад вечкамі рондаляў, якія нешматлікія заказанскія гаспадыні штодня ставяць на агонь і лёгкай, ледзь чутнай мелодыяй адчуваецца ў шуме соснаў, якія мы тут называем бар’якы. Хто хоць раз пачуе гэтую мелодыю, той ужо яе не забудзе; каму ігліца са спяваючай сасны трапіць на галаву і заблытаецца ў валасах — тая ўжо і робіцца ведзьмай.
Бывае двух родаў заказанская магія: магія і Магія.
Калі Масей у 39-м годзе сустрэў на пераездзе Смерць і яна яму загадала расказаць іншым, што будзе вялікая вайна і што яна, Смерць, будзе цяпер касіць маладых, а старых чапаць не будзе — гэта была магія.
Калі Чырвоны Васыль ледзьве збег ад русалкі, якая высмыкнула з жыта і хацела яго зацягнуць у поле, — магія.
І калі бабуля лячыла нам катар, падпальваючы хвост ката і даючы нюхаць. Ці калі падпальвала валасы нам накрыж грамнічнай свечкай, каб не баяліся грому.
І залом на полі ў Мамалатыхі.
І лячэнне сурокаў трыма сплёўваннямі.
І Жалезная Баба з калодзежа.
А красналюдыкі? Іх сустрэў Гантон у лесе, і іх так развесяліла, што Гантон умее і хухаць, і дзьмухаць — красналюдыкі так не ўмеюць. Хто ж будзе сумнявацца, красналюдыкі — магічныя.
А тое страшнае “тіло без душі”, сустрэць якое было найвялікшым жахам? А калі фосфар на трэцюю ноч выходзіць са свежай магілы?
А Чорная кніга Саўчыхі? А калі Саўка, каб вылечыцца ад хваробы, пералазіў праз мяжу Карпа, і хвароба яго таксама пералезла на Карпа?
А Магічная Кветка, якую я асабіста бачыла на бураковым полі, на рэчышчы старой, загіблай ужо ракі, калі мне было сем гадоў? Яна расцвіла пры мне — неверагоднай прыгажосці кветка, нічога падобнага ў свеце больш не існуе — белая Кветка, якая прамянела сярод бацвіння буракоў. Яна нагадвала нейкую неверагодна пышную хрызантэму, спалахнула праменнем, перш чым я паспела паклікаць “бабів”, што чысцілі купу буракоў непадалёк, — і завяла?
Так, гэта магія, і гэта проста частка жыцця Заказанкі.
А цяпер час расказаць пра Магію.
Вырасшы ў лесе, я разумею, што Богам можа быць сасна, або пясок, або рэчышча старой ракі, або Магічная Кветка…
І як няўдала выглядаюць на гэтым фоне людзі — будзь то каралі, цары, Пілсудскі, Машэраў або Лукашэнка.
Я набліжаюся да таго моманту, калі я сутыкнулася з Магіяй.
Для гэтага трэба расказаць яшчэ пра тое, як жылі заказанцы на маёй памяці.
Я нарадзілася ў 1966-м годзе. Час майго сталення, ці, як сказалі б цяпер, сацыялізацыі, прыпаў на гады махровага брэжнеўскага застою.
Вось уявіце дзяўчынку, якая стаіць на парозе хаты ў лесе. Вырасці ў лесе — гэта Божае благаславенне. Тут, у заказанскім лесе, кожная раніца — як брыльянт настолькі вялікі і чысты, што перад ім трымцяць рукі. Тут, у заказанскім лесе, кожнае сутонне — як суцішэнне.
Дзяўчынка глядзіць у свет. Тыя, каго яна ведае, каго яна любіць ад нараджэння — мама, бабуля, дзед, суседзі — Вэрця, Чырвоны Васыль, дзед Масей, дзед Саўка і Саўчыха, Карпыха, Мыхаль Гандзюк, Бадзыль, Парагваец — жывуць тут, побач, і гавораць на адной мове: ходыты, робыты, батько, маты, он дэ го (што значыць “вось там вось”), шос і колэй (шаша і чыгунка), ліпш кланятыся свойій дупі чым чожій голові…
Настаўнікі у школе (часта жонкі ваенных з “Южнага” ваеннага гарадка), дактары ў паліклініцы (яны ж), улады ў Брэсце (бацькі ваенных з “Южнага” ваеннага гарадка), ваенныя ў Южным ваенным гарадку “говорят по-русскі”.
У Прылуках гавораць, як і мы ў Заказанцы, толькі на “е”: “жеба ножем еблык ріже” — перадражніваем мы іх.
Па радыёкропцы гавораць па-беларуску.
А тата са мной гаворыць па-руску, спецыяльна каб я магла вучыцца ў школе, бо школы толькі рускія…
Ну і яшчэ трэба адзначыць. Заказанка стаіць на стыку межаў: Беларусі, Польшчы, Украіны. Але ніякай інфармацыі адтуль не ідзе. Межы на замку.
Што да гісторыі, якую мы вывучаем, то яна зводзіцца да вывучэння абароны Брэсцкай крэпасці гераічнымі савецкімі салдатамі. Мы ведаем гэтую абарону па гадзінах і стаім у ганаровай варце каля вечнага агню… І аднойчы стаю я ў гэтай варце з паднятай у салюце рукой, мяне фатаграфуе чарговая замежная дэлегацыя, і я задумваюся: ну ладна, крэпасць гераічна абаранялі савецкія салдаты. Але ж яны сюды прыехалі ў 1939-м годзе. А што ў гэты час рабілі мае дзядулі, бабулі? Дзед Масей? Саўка? Мыхаль?
Адказу не было. І яшчэ доўга не будзе.
Навука Гісторыя не любіць сялянскіх дзяцей.
Але.
Тут мой малодшы дзесяцігадовы братчык Андрэй — цяпер вы добра яго ведаеце як рэдактара найстарэйшай і найуплывовейшай беларускай газеты “Наша Ніва” Андрэя Дынько — паехаў са сваім шахматным гуртком ў Львоў на спаборніцтвы і выйграў іх. І ў якасці прызу прывёз у Заказанку кнігу Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі “Кабзар”.
І тут я першы раз сутыкнулася з МАГІЯЙ.
У мяне вельмі дрэнная памяць, але я памятаю той дзень у драбніцах.
Было гэта восенню. Халодны, але сонечны дзень. Шумяць сосны на двары пад халодным ветрам. Я тулялася па хаце, не ведаючы, чым заняцца. І вось ад няма чаго рабіць разгарнула прывезенага братам “Кабзара”. Стала чытаць — з цяжкасцю разбіраючы ўкраінскую арфаграфію, не ведаючы, як чытаць усе гэтыя Є, Ї, И, І… І марудна, з цяжкасцю разабрала:
Кохайтеся, чорнобриві, Та не з москалями, Бо москалі — чужі люде, Роблять лихо з вами.
І гэта:
Од молдаванина до фінна На всіх язиках все мовчить, Бо благоденствує!..
І тут мяне нехта нібы штурхнуў у спіну. І тут я зразумела: Божа ж мой мілы, гэтыя геніяльныя, дасканалыя радкі напісаныя на МАЁЙ мове! На той мове, якой гавораць заказанцы, якой гавару я! Значыць, наша мова — УКРАІНСКАЯ!
І вось тут, у гэты момант, я адчула прысутнасць вышэйшай, магічнай сілы. Магічная сіла зямлі была тут. І гэты штуршок у спіну надаў мне паскарэння на ўсё жыццё. Менавіта дзякуючы гэтаму штуршку я стала беларускай пісьменніцай і беларускай патрыёткай. Каб не гэта, каб не ўсвядоміла тады сваю ўкраінскасць, цяпер бы галасіла пра вялікую рускую культуру, бэндэраўцаў-фашыстаў і што беларуская культура ўбогая і ўвогуле яе няма…
Рускія ведалі, што рабілі, калі валадарылі тут.
“Что не сделал русскій штык, сделает русскій поп, русскій чіновнік, русская школа”.
Але на іх шляху стаў Шаўчэнка.
Я прайшла гэты шлях і ведаю, што гавару: мае беларускія сябры, хочаце, каб Берасцейшчына была беларускай? Улічвайце яе ўкраінскасць, звяртайцеся да яе.
Але гэта ўжо не зусім пра заказанскую магію. Вернемся да яе, для чаго пойдзем наперад.
Дык пра магію Заказанкі.
Як бачыце, яе гісторыя выразна дзеліцца на некалькі перыядаў.
Цьмяны — ад заснавання да 1925 года, бежанства, пры Польшчы, вайна, саветы.
А цяпер разгледзім новы перыяд — у складзе лукашэнкаўскай Беларусі.
Як у гэты час праявіла сябе магія і Магія Заказанкі? Чым цяпер займаюцца заказанскія ведзьмы і ведзьмакі, ці зацвітае цяпер чароўная кветка, ці гучыць мова Шаўчэнкі?
…Напрыканцы Савецкага Саюза вакол Заказанкі тагачасныя ўлады сталі рабіць “дачы”. (Ідыятычны феномен дач яшчэ патрабуе свайго асэнсавання.) І нарасло іх да халеры, як кладак каларадскіх жукоў на карчы картоплі. “Затопчуць нашу Заказанку”, — прарочыла тады бабуля.
А не затапталі.
Сышлі ў нябыт, і толькі пустыя закінутыя дамы засталіся, і свішча вятрыска на станцыі дызеля, дзе дызель больш не ходзіць…
…Потым невядомы фермер нейкім чынам атрымаў зямлю ў Заказанцы ля Плэса. Помніцца, тады некаторыя суседзі былі настолькі абураныя, што збіраліся паліць яго пабудовы, калі яны з’явяцца. Не з’явіліся. Страшна захварэў той фермер і так нічога і не змог пабудаваць…
…У мінулым годзе Заказанку страсянулі новыя катаклізмы. Старшыня сельскага савета — гісторыя не захавала ягонага імя, дый ці магло быць іначай, калі нават імёны каралёў не захаваліся — дык вось, старшыня сельскага савета, пра якога вядома толькі, што родам ён з агурковых прадпрымальных Альшан, жыў у Стадзічах, будаваў там катэджы на продаж — і доўга прыглядаўся да жыцця заказанцаў, як аказалася, з мэтай нас абрабаваць.
Скарыстаўшыся з таго, што ён ведае розныя бюракратычныя кручкі, а заказанцы — не, ён аддаў сады, што калісьці садзілі нашыя дзяды, пад участкі для будаўніцтва. Без аўкцыёну, без усяго. Проста ў адзін страшны для ўсіх нас, а асабліва для Мішыка Горбатюкового і Мані Базылёвай, дзень прыехалі бульдозеры, вырвалі з зямлі яблыні, а былым гаспадарам было сказана, што яны і не гаспадары ўжо. А новыя гаспадары гэтай зямлі будуць будаваць тут свае дамы, лазні і што там захочуць.
Пайшла пагалоска, што новыя гаспадары — галоўны архітэктар Брэста і начальнік брэсцкага водаканала. Ці так гэта насамрэч? Што за людзі будуюцца там, дзе зацвіталі кветкі старажытнай Заказані? Мы гэтага не ведаем. Ці знаюць яны нешта пра нашу гісторыю, ці гавораць яны нашаю моваю? Мы гэтага не ведаем.
Як рускія, яны прыйшлі да нас з гвалтам, не па-людску.
Можа, яны рускія і ёсць?
Ці яны людзі і проста забылі спытаць у нас дазволу?
Падаецца, так ці так, яны робяць фатальную памылку. Якую, тым не менш, яшчэ можна выправіць. Незайздросны будзе іх лёс, калі яны не ўлічаць заказанскую магію. Не пагражаю я ім, зусім не. Толькі расказваю, што было раней.
*** Белыя пяскі Заказанкі застаюцца.
Чароўныя сосны Заказанкі застаюцца.
Але ці застануцца людзі, якія будуць называць іх так, як называлі нашы продкі на працягу стагоддзяў — бар’якы?
Ці застануцца людзі, якія будуць вымаўляць тыя старажытныя словы, што вымаўлялі нашы бабы і дзяды вякамі: ходыты, робыты, батько, маты, он дэ го, шос і колэй, ліпш кланятыся свойі дупі чым чожій голові…
Ці застануцца тыя, хто будзе разумець, што мы — не рускія? Ці ўсё ж возьмуць верх тыя, хто бяжыць, аж падае, каб кланяцца братской русской жопе?
Я веру ў заказанскую Магію.
Яна моцна сябе праяўляла. І будзе праяўляць.
Кветка яшчэ зацвіце.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста “Магічная мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
♦ Чытаць пра праект “Магічная мапа” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”