З 1941 па 1948 год царква пуставала, богаслужэнні ў ёй не праводзіліся. У пасляваенныя гады праўленне калгаса імя Будзённага звярнулася ў райвыканкам з просьбай вярнуць будынак царквы ў калгаснае карыстанне.
У 50-я гады ХХ стагоддзя на Сенненшчыне не засталося ні адной дзеючай царквы. Але страта царкоўных устаноў не здолела знішчыць рэлігійнага жыцця насельніцтва: напрыклад, для таго каб праводзіць абрад хрышчыння, час ад часу прыязджаў святар з суседняга Талачынскага раёна, а ў велікодныя дні і іншыя святы вернікі наведвалі царкву ў Віцебску. Памяшканне Успенскай царквы ў Обалі па-ранейшаму выкарыстоўвалася як складское.
Грамадска-палітычныя змены 90-х гадоў паспрыялі аднаўленню царкоўнага жыцця. 29 ліпеня 1999 года прыход Обальскай царквы афіцыйна зарэгістраваны ў Віцебскай епархіі, але пры гэтым храм зафіксаваны з новай назвай у гонар Святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра.
На сённяшні дзень царква не занесена ні ў "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", выдадзены ў 1985 годзе, ні ў "Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь", складзены ў 2009 годзе, а значыць, не ўзята пад ахову дзяржавы.
Зараз у храмавым будынку адсутнічаюць столь і падлога, разбураны купал… Між тым, Обальская царква з'яўляецца адным са старажытных архітэктурных помнікаў, якія захаваліся на тэрыторыі Сенненскага раёна.
Таму сёння так важна ўратаваць ад канчатковага знішчэння частку нашай гістарычнай спадчыны.
Юлія Пасканьева, вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, паводле "Голас Сенненшчыны"
У спісе вернікаў Обальскай царквы за 1923 год значацца Канстанцін Іванавіч Гаравец і Мірон Машэраў (імя па бацьку, на жаль, напісана неразборліва, аднак маем смеласць...