Калі самае высокае сонца і самая кароткая чэрвеньская ноч, людзі здаўна святкуюць Купалле. Гэта пазней да паганскага свята далучылі дзень Іана Хрэсціцеля і перанеслі яго на ноч з 6 на 7 ліпеня.
Для людзей, што імкнуцца як мага болей набліжыцца да традыцыі і культурнай спадчыны нашых дзядоў, Купалле — адна з асноўных падзей года. Тут няма шашлыкоў і дыскатэкі ля вогнішча, а кожная падзея мае сакральны сэнс.
Студэнтскае этнаграфічнае таварыства абрала месца для Купалля невыпадкова — раней на востраве пасярод возера пад Ушачамі было паганскае капішча, дзе людзі здаўна праводзілі розныя абрады. А нашыя продкі ведалі, дзе такое месца мае быць, таму і абралі адзін з самых маляўнічых кутоў Беларусі.
На востраў трэба дабірацца на чоўне. Кажуць, што раней да яго хадзілі па падводнай дарозе, нібы есць сцежка, якая дазваляе з самага берагу трапіць на месца свята толькі крыху намачыўшы ногі. Нажаль, дзе тая сцежка, ўжо ніхто не ведае.
Абрадавае дзеянне пачынаецца з таго, што жанчыны і дзяўчаты топчуць траву. Гэта не мітусня пасярод луга, а адмысловая традыцыя: удзельніцы абраду ходзяць па коле і пакрысе пашыраюць яго (мо такія кругі на палях і выклікаюць пасля пытанні ў навукоўцаў :).
Купальскіх песен у Беларусі безліч. Але і ў этнографаў ёсць улюбёныя ці так мовіць папулярныя. Канешне, “Купалінка, цёмная ночка” не з іх шэрагу, бо багата іншых, а гэтую і так ўсе ведаюць. І так амаль цэлы дзень павольныя народныя песні плывуць над востравам, возерам і наваколлем. Песні не доўгія, але з сюжэтам і вобразнасцю.
Вось прыклад цэлай гісторыі пра тое, ях хлопец хітрасцю забраў сабе дзеўку.
Чырвоная ружа, Ня стой пры дарозе, Ня стой пры шырокай. Хто йдзе — той ружу рве. Хлопцы ў карманочкі, Дзяўчаты ў вяночкі, У Кузьмовым дварочку Ўсе дзеўкі ў радочку, Адной ружы нету. Кліча маці дочку, Кліча, навучае: “Ня стой ты зь Іванам, Ён цябе абмане”. Іван здагадаўся, Узяў ды прыбраўся У белае белле, Дзявоча адзенне. “Што то за падружка, Цісьне маю ручку, Пальчыкі ламае, Пярсьцёнкі зрывае, Топча маю ножку?” Ня жджы, маці, дочку, Ня жджы ў вяночку, А жджы ў платочку, Ня жджы зь белым сырам, А жджы з малым сынам. У Кузьмовым дварочку.
Пасля таго, як пляцоўка для вогнішча гатовая, дзяўчаты прымаюцца збіраць май — гэта зеляніна і кветкі, якімі пасля ўпрыгожваюць браму, слуп з колам, робяць хвост Купалцы і плятуць вяночкі.
Пакуль дзяўчаты занятыя сваёй справай, хлопцы ладзяць купальскую браму, слуп з колам, складаюць вогнішча. Гэта справа няпростая, таму і займае ў іх амаль увесь вольны час.
Праз браму, якую таксама ўпрыгожваюць маем, праходзяць усе удзельнікі свята. Тут таксама ёсць адпаведная паслядоўнасць: спачатку наземужнія дзяўчаты з Купалкай, пасля няжанатыя хлопцы, а за імі пары. Ля брамы з рушніком і чыстай вадой іх сустракаюць тыя, хто першы год у шлюбе, даюць умыцца вадой і абцерціся рушніком.
Купалку лёгка знайсці сярод астатніх дзяўчат, яна прымае ўдзел у абрадзе ў адной кашулі. Кажуць, раней Купалка была зусім без адзення, але этнографы вырашылі захаваць традыцыю ў крыху больш прыстойным выглядзе.
Дзявосая працэсія абыходзіць вогнішча, пакідая вянок Купалкі і яе хвост з кветак на дровах.
Астатнія ж становяцца ў карагод і пачынаяюць спяваць песні, пакуль не загарыцца купальскае кола і не ўпадзе слуп.
Сёння ў нас Купала То-то-то Не дзеўка агонь клала, То-то-то Сам Бог агонь раскладаў, То-то-то Ўсіх святых да сябе зваў То-то-то
Звала Купала Іллю: — Ты прыйдзі ка мне Ілля, Ты прыдзі да Купальля. — Няма часу, Купала, Гэту ночку мне не спаць, Трэба жыта пільнаваць, Каб змяя не ламала, Карэнне не капала.
Пасля гэтага пачынаюцца частаванне крупнікам і сырам, танцы пад дуду да самага ранку.
Кажуць, на сонцастаянне на світанні сонца нібы купаецца ў вадзе, такую з’яву можна назіраць толькі раз на год, таму і назва свята адпаведная.