Cшыткі з беларускім арнаментам, магніты з алфавітам на лядоўню, нататнікі з нацыянальным каларытам і шмат чаго іншага робіцца сіламі адной сям'і.
На такую творчасць Уладзіміра натхнілі двое малых сыноў. Нягледзячы на тое, што жонка руская, дзяцей у сям'і ад самага пачатку імкнуліся выхоўваць па-беларуску:
"Мы сутыкнуліся з тым, што нам катастрафічна не хапала матэрыялаў для таго, каб дзеткі вучыліся размаўляць па-беларуску. Калі нешта і сустракаецца на беларускай мове, то хіба для школьнікаў, а не малых дзяцей. Ды і якасць гэтай прадукцыі, мягка кажучы, так сабе".
Так, першай спробай стаў звычайны алфавіт на лядоўню для малых дзетак.
"Пакуль вы занятыя прыгатаваннем ежы ці бавіце час на кухні, дзеці ў форме гульні змогуць складаць словы і вывучаць мову", - расказвае Уладзімір.
"Мы вырашылі рабіць менавіта сшыткі з арнаментам, алфавітам на адваротным баку ды прымаўкамі. Сшыткі могуць быць нават з "Пагоняй", абы ў дзетак не было праблем у школе. Далейшыя планы - запусціць серыю нататнікаў і альбомаў для малявання. Усё, вядома ж, у прыгожым беларускім аздабленні".
Прадукцыю ў хуткім часе можна будзе купіць у інтэрнэт-краме, якая знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. А замовы прымаюцца ўжо зараз на інтэрнэт-скрыню vladi_r@tut.by і праз суполку "Магніты на лядоўню, cшыткі - маладым беларусам". Дастаўка ажыцяўляецца па ўсёй Беларусі. А калі трэба, то і за яе межы.