Карэспандэнт "Звязды" папрацаваў у дзіцячым садку выхавальнікам і яго памочнікам.
Хто ў "Церамку" "жыве"?
Мая Бобіч, загадчыца садка "Церамок", што ў аграгарадку Альгова Віцебскага раёна, вельмі здзівілася званку.
- Гэта звычайны вясковы садок. Ды і дзень сёння, напэўна, не зусім добры для рэпартажу - генеральная прыборка ў нас… А, вы яшчэ і папрацаваць хочаце? Ну, тады прыязджайце! - згадзілася Мая Міхайлаўна.
Яна кіруе калектывам, пачынаючы з 1998 года. Да гэтага працавала ў віцебскім садку, была загадчыцай сада ў вёсцы Сасноўка. Да паступлення ў ВНУ скончыла медыцынскае вучылішча, потым біяфак Віцебскага педагагічнага інстытута (цяпер - Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава).
- У наступным годзе садку споўніцца 40 гадоў. У нас 73 дзіцяці, у тым ліку 9 - са шматдзетных сем'яў. Бацькі апошніх плацяць за харчаванне толькі палову суму. А без льготы сёння плата - 22 тысячы 30 рублёў за дзень. Але гэта - цана чатырохразовага харчавання для дзяцей з груп 12-гадзіннага знаходжання. Тыя, хто ў садку 10 з паловай гадзін, ядуць 3 разы, таму плата трохі меншая. Бацькі калісьці аплочвалі харчаванне толькі на 40%, потым на 60%, цяпер - на 100%, - расказвае загадчыца.
Заробак выхавальнікаў залежыць ад стажу працы, педагагічнай катэгорыі, нагрузкі і гэтак далей.
- Малады спецыяліст без катэгорыі зарабляе каля 3 мільёнаў рублёў у месяц. Выхавальнік з вялікім стажам можа зарабіць і пад 5 мільёнаў, бо ёсць розныя даплаты за метадычную працу, прэміі, - працягвае загадчыца.
А ці можа так здарыцца, што гадоў праз 15-20 няма каму будзе ў садку працаваць?
Паводле слоў Маі Міхайлаўны, яшчэ ў савецкія гады гаварылі пра гэта. І тады, як і цяпер, выпадковыя людзі доўга ў садку не затрымліваліся. Гэтую працу трэба любіць!
Пясочную "бабку" журналіст не "спёк"
Папрасіў накіраваць мяне на "самы цяжкі участак". Загадчыца растлумачыла, што ў ясельную групу дапусціць не можа. Дзеці, калі ім 1-2 гады, вельмі насцярожана ставяцца да чужых. Напрыклад, калі мужчыны праводзілі работы па рэгуляванні катла, дык малыя нават у прыбіральню хадзіць баяліся.
Даверылі групу "Чамучкі", у якой дзецям па 5-6 гадоў.
Пазнаёміўся з выхавальніцай Алай Нармантовіч. Прадставіўся. Паколькі ў журналістаў няма традыцыі называцца поўным імем, дзеці пачалі мяне зваць дзядзькам Сашам. Але строгая выхавальніца (толькі з дзецьмі перыядычна строгая, а так - вельмі абаяльны, цікавы і разумны чалавек - А.П.) сказала, што дзецям трэба называць мяне з імем па бацьку.
Дапамог малым апрануцца. Выйшлі на вуліцу гуляць. Адразу зразумеў, што цяжэй за ўсё падлічыць, колькі "маіх". (Адразу ўспомніў мультфільм пра васьміногаў. Памятаеце, як таты лічылі дзяцей?) У раздзявальні іх было 12: дзве Машы, Дзіма, Віялета, Жэня… На вуліцы на маіх вачах стала спачатку 10, а потым… 15! Вам смешна, а мне што было думаць? Выхавальніца растлумачыла: калі дзятвы больш, значыць, ёсць "госці" з іншай групы.
Перад тым, як дзецям дазволілі корпацца ў пясочніцы, падкапаў шуфлікам пясок, каб атрымалася горка. Потым паспрабаваў зрабіць пясочную "бабку" - не, не тое… Дзеці падказалі, што трэба шуфлікам пабіць па пластмасавай "форме".
Разы тры спрабаваў! Дзеці ж рабілі аналагічнае вельмі лёгка.
Чарга ахвотнікаў спачатку выстраілася, каб… "пакарміць" мяне "марозівам" з пяску, потым - каб я пагушкаў іх на арэлях.
Хацелі згуляць у хованкі, ды выхавальніца забараніла. Разумею: ёй жа трэба сачыць за ўсімі. А калі хто схаваецца - Бог ведае, што ён там робіць.
Пачаў адчуваць, што міжволі сам станаўлюся дзіцём, ды яшчэ і не вельмі паслухмяным.
Папрасіў Алу Валер'еўну прынесці мяч. Калі яна сышла, стаў сапраўдным выхавальнікам, адказным за ўсё, што адбываецца з дзецьмі. Апошнія пачалі нешта дзяліць, крычалі, вішчалі, штурхалі і каталіся, гарэзавалі… Было гэта ля кустоўя, і я пабаяўся, каб не параніліся. Прыйшлося трохі павысіць голас… Яны адышлі ўбок.
Пачалі мы гуляць у футбол. Праўда, футболам гэта назваць цяжка. Мяч дзеці бралі ў рукі, кідалі рукамі… Выручыў фатограф Віктар Нікалаеў, які ўмудрыўся і паздымаць, і трохі пагуляць.
Зацікавіў дзятву мой дыктафон. Я ім нешта расказваў пра газету. Слухалі з вялікім інтарэсам. А калі хадзілі строем, па чарзе спрабавалі схапіць мяне за руку. Цікавіліся, ці ёсць у мяне дзеці, колькі ім гадоў, ці ёсць у мяне жонка, хто яна?
Дзеці выхоўвалі выхавальніка
Віктар вельмі ўзрадаваўся, што дзецям урэшце трэба было ісці на абед. "Ад гэтага шуму ў мяне ўжо галава забалела", - ціха сказаў ён.
Пацікавіўся ў Алы Валер'еўны: а чаму, на яе погляд, мужчыны не працуюць выхавальнікамі?
- Ну а як вам? Нічога сабе? Муж сказаў, што і гадзіны не вытрымаў бы. Не любіць шуму, як і ўсе мужчыны. Нават калі б і плацілі ў садках больш, не думаю, што мужчын-выхавальнікаў было б шмат. Ды не кожная жанчына можа тут працаваць, - расказвае яна.
Прыйшлі ў памяшканне групы. Дзеці заўважылі, што я забыў зняць куртку і абутак. Яны пайшлі мыць рукі, але спярша пацікавіліся: ці буду я рабіць тое ж? Мяне пачалі выхоўваць!..
Даверылі разліць кісель у кубкі. Бачылі б вы, як я стараўся акуратна разліваць. Ды і загадчыца падганяла: хутка паабедаюць, а вы не ўсім налілі. "Сарока-белабока кашу варыла… Гэтаму дала, гэтаму дала…" - успомнілася мне.
Пажартаваў, што буду чытаць ім перад сном страшныя казкі. Дзятва ажывілася. Загадчыца, пакуль "мае" даядалі, запрасіла на чай.
- Вось вы іх ужо "сваімі" лічыце! Канешне, калі дзяцей любіш, да іх хутка прывязваешся. Мне падабаюцца тыя, хто ў яслі ходзяць - з імі адпачываеш. Толькі сядзеш, а яны цябе ўжо абляпілі. Але характар! Адразу бачу нават у самых малых: татавы і маміны і плюсы, і мінусы… Калі 4-5-гадовыя ўжо хлусіць умеюць, фантазіраваць, то гэтыя такія шчырыя, чысценькія і добрыя.
Безумоўна, і большых люблю. Смешна бывае. Дзяўчынка Эвеліна займалася з дэфектолагам. Вяртаецца з заняткаў, зазірае ў мой кабінет. Пытаецца: "Загадчыца, а што ты тут робіш?" - "Працую". - "А пакажы". - "Ну, заходзь, паглядзіш". Бачыць камп'ютар. Кажу ёй, што будзем пісаць і чытаць. А яна: "Падумаеш, праца - я таксама так умею!"… Дзеці, калі праходзяць паўз мой кабінет, бывае, просяць дазволіць на крэсле пакатацца, з зайцам пагуляць, - гаворыць Мая Бобіч.
Яна з гонарам расказвае пра падначаленых. Настасся Аляксандраўна Сапёрава - маладая выхавальніца, вельмі крэатыўная. Алена Леанідаўна Котава - з вышэйшай катэгорыяй. Людмілу Сцяпанаўну Зорыну дзятва вельмі любіць. Наталля Канстанцінаўна Смажэўская - самая вопытная памочніца выхавальніка, працуе ў яслях… Калектыў дружны.
Садок на добрым рахунку ў Віцебскім раёне - штогод у прызёрах у самых розных конкурсах. Напрыклад, па арганізацыі работы з кадрамі. Ёсць добрыя шэфы: гаспадарка "Альгоўскае", ААТ "Адраджэнне".
Некаторыя былыя выхаванцы тэлефануюць нават здалёк. У прыватнасці, хлопец, які ў Вашынгтоне на алімпіядзе па інфарматыцы сярэбраны медаль атрымаў. Цяпер ён у мінскай "Сіліконавай даліне" працуе…
...Як і абяцаў малым, пачытаў ім казку. Вядома, не страшную. І, не паверыце, амаль што ўсе заснулі. Зайшла ў пакой адна з работніц і вельмі здзівілася, убачыўшы мужчыну, які чытае.
З дзецьмі мы правялі час весела. Ад іх "зарадзіўся" станоўчай энергіяй, за што ім і дзякуй. А супрацоўнікам - за дазвол зрабіць цікавы рэпартаж.
Прыйшлі ў памяшканне групы. Дзеці заўважылі, што я забыў зняць куртку і абутак. Яны пайшлі мыць рукі, але спярша пацікавіліся: ці буду я рабіць...