У Гродне курсы беларускай мовы "Моваведа" пачнуць працаваць у касцёле. 21.by

У Гродне курсы беларускай мовы "Моваведа" пачнуць працаваць у касцёле

12.11.2014 16:42 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гродзенка Тацяна Сушко звярнулася з ініцыятывай да арганізатараў бясплатных курсаў беларускай мовы "Моваведа" ў Мінску з прапановай адчыніць падобныя курсы ў Гродне. Яе ініцыятыву падтрымалі, і ўжо ў чацвер, 13 лістапада, - першыя заняткі ў касцёле на Дзевятоўцы.

Тацяна Сушко скончыла філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы, магістратуру, а таксама аспірантуру па спецыяльнасці "беларуская мова".

Карэспандэнт: "Тацяна, у нас у Гродне ўжо некалькі бясплатных курсаў па вывучэнні беларускай мовы, і вось вы прапаноўваеце новыя..."

Сушко: "Па-першае, гэта маё асабістае жаданне, такое маё пакліканне, мая справа — распаўсюджваць беларускую мову, і я хачу гэтым займацца. Я спрабавала зрабіць платныя курсы беларускай мовы, але паколькі не было ахвотных — я прачакала недзе тры месяцы, таму вырашыла заняцца гэтым бясплатна. Стэлефанавалася з Аляксеем Шэіным, і мы дамовіліся".

Карэспандэнт: "Вашы курсы разлічаныя на аўдыторыю якога ўзросту?"

Сушко: "Найперш скажу, што мэта курсаў — каб чалавек мог размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. Курсы разлічаныя на аўдыторыю рознага ўзросту, праўда, не лічачы дзяцей да 12 гадоў, паколькі для іх навучання прымяняецца іншая методыка. Курсы разлічаныя і на замежных грамадзян".

Карэспандэнт: "У чым будзе заключацца адметнасць вашых курсаў ад тых, якія ўжо існуюць?"

Сушко: "Дакладна пакуль не магу адказаць на гэтае пытанне, але паколькі тут будзе ўжо іншы вядоўца, то, думаю, адрознівацца яны будуць. Вядома, мы будзем запрашаць у якасці выкладчыкаў вядомых людзей Беларусі. І я, дарэчы, не бачу тут ніякай канкурэнцыі — галоўнае, каб наша мова пашырала сваё ўжыванне. Чым больш будзе курсаў беларускай мовы, тым будзе лепш".

Карэспандэнт: "Мне падалося яшчэ адметнасцю курсаў тое, што яны будуць праводзіцца ў касцёле..."

Сушко: "Я хадзіла па розных інстанцыях у пошуках памяшкання для заняткаў, але паўсюль ад мяне патрабавалі платы за арэнду. І тады я звярнулася да пробашча касцёла, бо ў Гродне няма такіх бізнесоўцаў, як у Мінску, якія б маглі недзе аплаціць тую арэнду. У касцёле, аказваецца, ужо існуюць курсы польскай мовы, і пробашч з радасцю ўспрыняў маю ідэю".

Карэспандэнт: "Тацяна, а якія спадзевы перад пачаткам працы курсаў?"

Сушко: "Я спадзяюся, што адпачатку чалавек 20 павінны прыйсці, бо толькі з маіх знаёмых больш за дзясятак набярэцца. Ну, можа, яшчэ нейкую ролю адыграе рэклама".

Першыя заняткі на бясплатных курсах беларускай мовы "Моваведа" ў Гродне — у чацвер 13 лістапада ў 19.00 па адрасе: вул. Курчатава, 41 (касцёл на Дзевятоўцы). 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бясплатныя курсы беларускай мовы "Моваведа", якія працуюць у Мінску, стартуюць і ў Гродне. У чацвер, 13 лістапада - першыя заняткі ў касцёле на Дзевятоўцы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика