Жыхары Глыбокага набылі для музея ўнікальную паштоўку
16.01.2015 14:52
—
Новости Общества
|
Жыхары Глыбокага набылі паштоўку з выявай свайго мястэчка, выдадзеную перад Першай сусветнай вайной, і збіраюцца падараваць яе мясцоваму музею.
Незадоўга да Першай сусветнай вайны мясцовы гандляр кнігамі Л. Ром (дарэчы, у ягонай краме прадаваліся беларускія кнігі і календары) выдаў серыю каляровых паштовак з выявамі Глыбокага. Каляровая фатаграфія тады была рэдкасцю – рабіліся чорна-белыя здымкі, мастак іх размалёўваў, і толькі потым паштоўку друкавалі. Каляровыя паштоўкі з выявамі Базарнай плошчы і Докшыцкай вуліцы даўно вядомыя глыбачанам - яны друкаваліся ў некалькіх краязнаўчых выданнях. Паштоўка з выявай Беразвецкага кляштара захоўваецца ў гісторыка-краязнаўчым музеі ў Браславе. У снежні на аўкцыёне ay.by была выстаўленая паштоўка, якую ніхто ў Глыбокім дасюль не бачыў. На ёй бачныя забудова мястэчка і касцёл Святой Тройцы, якія адлюстроўваюцца ў спакойнай паверхні Кагальнага возера. Паштоўка была адасланая з Глыбокага ў Мінск 2 кастрычніка 1915 года - усяго праз некалькі тыдняў пасля першай, двухтыднёвай - акупацыі мястэчка нямецкімі войскамі. Прадавец паставіў стартавы кошт 85 даляраў, але пазней зменшыў да 50. Калі краязнаўцы даведаліся пра існаванне паштоўкі, то вырашылі сабраць грошы і набыць яе. Каардынаваў збор грошай і набываў паштоўку настаўнік і экскурсавод Юрый Калбасіч. "Калі жыхары Беларусі выкупілі Статут ВКЛ за 45 000 даляраў, то чаму жыхары Глыбокага не могуць выкупіць паштоўку за 85 даляраў? У глыбачанаў хапіла патрыятызму, арганізаванасці і ахвярнасці для такой справы", - кажа Юрый Калбасіч. На паштоўку ахвяравалі каля пятнаццаці чалавек – грамадскія актывісты, краязнаўцы, ды простыя глыбачане, якія даведаліся пра збор грошай у сацыяльных сетках. Паштоўку набылі за 52 даляры. Днямі яе перададуць у гісторыка-этнаграфічны музей. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На паштоўцы бачныя забудова мястэчка і касцёл Святой Тройцы.
|
|