Рэтраспектыва. Хто падарыў малпу віцебскаму кінатэатру "Беларусь" і як прагульвалі ўрокі вучні
04.03.2015 12:28
—
Новости Общества
|
Трапіўшы на партале
Адзін з самых буйных кінатэатраў у БССР (у вялікай зале размяшчалася звыш 1,2 тыс. чалавек) адкрылі у 1972-м. Гэта была з'ява для горада, кожны паважаючы сябе віцяблянін лічыў за гонар наведаць "Беларусь". Хутка і мяне, шасцігадовага, за руку прывялі ў кіно. Ад таго паходу ў памяці засталіся ўрыўкі. Помню натоўп гледачоў, мы сядзім у правай частцы залы, фільм называецца "Рускае поле", а на экране каласіцца пшанічная ніва. Нядаўна праз інтэрнэт зноў перагледзіў знятую ў 1971 годзе кіналенту і зразумеў, што ў тым узросце больш нічога запомніць не мог. Надта складаная для дзіця трагічная гісторыя. У 1980-я значная частка даходаў "Беларусі" прыпадала на індыйскія фільмы, якія карысталіся неверагоднай папулярнасцю ў жаночай паловы насельніцтва СССР. Гэта былі падобныя адна на адну гісторыі кахання ў суправаджэнні бясконцых шчымлівых песень. Вялікія чэргі ў касах стаялі за білетамі на камедыі "Нешчаслівы" (Францыя), "Утаймаванне свавольніка" (Італія), "Тутсі" (ЗША), "Новыя амазонкі" (Польшча) і інш. Апошняя лічылася суцэльнай эротыкай, хоць па цяперашнім часе гэта дастаткова бяскрыўдны фільм. Аншлагі выклікалі меладрамы, у тым ліку польская стужка "Знахар", знятая по творы пісьменніка Тадэвуша Даленга-Мастовіча. Дзеянне рамана адбывалася ў міжваеннай Польшчы, на так званых усходніх крэсах, у тым ліку на частцы сённяшніх заходніх раёнаў Віцебшчыны. Пра гэта сведчаць такія тапонімы, як "Браслаў", "вуліца Віцебская" і г. д. На той час мала хто ведаў, што Тадэвуш Даленга-Мастовіч нарадзіўся на Глыбоччыне. Падзеяй для гледачоў таксама быў першы савецкі баявік "Піраты ХХ стагоддзя", галоўную ролю ў якім выканаў ураджэнец Віцебска Мікалай Яроменка-малодшы. Кінасеансы ў "Беларусі" пачыналіся ў 9.10-10.00, штодзень у вялікай зале іх было 5-7, яшчэ некалькі — у малой. Такі графік быў зручным для школьнікаў, якія прагульвалі заняткі. Спачатку паглядзеў кіно ў адной зале, потым у другой, і можна вяртацца дамоў. Аднойчы мы з сябрам-аднакласнікам, не дамаўляючыся, вырашылі прапусціць урокі. Я накіраваўся ў "Беларусь", а ён пайшоў па нейкім іншым маршруце. Факт адсутнасці ў школе двух сябрукоў не застаўся па-за ўвагай класнага кіраўніка Нэлі Іванаўны Мазенковай, і яна наведала нашых бацькоў. Вяртанне дадому было не зусім прыемным. Мне яшчэ пашанцавала і шмат хлусіць не давялося, бо адразу з парога папярэдзілі пра прыход класнай. А вось сябар трапіў у крытычную сітуацыю. Як толькі ён зайшоў, маці спытала: "Дзе ты быў?". "Канешне ж, у школе", — адказаў сын і ў дадатак паскардзіўся на стомленасць ад складаных урокаў. У гэты момант у гасцёўні сядзела класная... У 1983-1984 гадах барацьба за дысцыпліну, уведзеная генеральным сакратаром ЦК КПСС Юрыем Андропавым, тычылася і школьнікаў. Іх не пускалі на ранішнія сеансы (за выключэннем арганізаваных груп), у адваротным выпадку трэба было даказаць, што ў цябе заняткі ў другую змену. На цокальным паверсе кінатэатра знаходзіўся буфет, дзе можна было выпіць кавы ці ліманаду, з'есці пасыпанае цёртым шакаладам альбо арэхамі марожанае. Гэта цяпер перад фільмам некаторыя гледачы назапашваюцца пап-корнам, нібы прыйшлі ў сталоўку. А тады лічылася непрыстойным есці падчас сеанса. Праўда, былі такія, што лускалі семкі, але ўпотай, не напаказ. У памяшканні кас "Беларусі" у пачатку 1980-х устанавілі адны з першых ў горадзе гульнявыя апараты "Марскі бой" (падобныя былі толькі на вакзале). На першым паверсе знаходзіўся вялікі акварыум, у які гледачы кідалі на шчасце манеты рознай вартасці. Другі паверх займаў зімовы сад, вялікую сцяну ўпрыгожвала пано, выкананае ў стылі сацыялістычнага рэалізму. Сярод экзатычных раслін у клетках цвыркалі канарэйкі і папугаі. Часам кампанію ім складалі вераб'і, якія заляталі сюды праз адкрытыя для праветравання вокны. З 1989 года нейкі час тут жыла малпа. Віцебскія дэсантнікі прывезлі яе з Афганістана, і азіяцкая жывёла кватаравала разам з імі ў казармах, што знаходзіліся па вуліцы Будзённага. Дырэктар кінатэатра Мейер Кац (Герой Сацялістычнай Працы, былы старшыня калгаса імя Чырвонай Арміі, зараз "Альгоўскае") дазволіў воінам-інтэрнацыяналістам бясплатна наведваць ранішнія сеансы. У адказ яны падарылі малпу, каб жыла ў "джунглях" зімовага саду і радавала дзяцей. Як склаўся лёс экзатычнай жывёлы, дакладна невядома. Магчыма, пазней яе перадалі ў Віцебскі заапарк, які толькі ствараўся. У другой палове 1980-х з'явіліся відэамагнітафоны, значная колькасць людзей сталі глядзець фільмы ў хатняй абстаноўцы. Але ў 1990 годзе цікавасць да кінатэатраў вярнулася — на экраны выйшлі "Знесеныя ветрам". Зняты ў 1939-м амерыканскі фільм савецкі глядач убачыў толькі праз пяцьдзясят гадоў. Апошнія аншлагі ў "Беларусі" былі ў 1998-м, калі да нас дайшоў знакаміты "Тытанік". Назва фільма і яго сюжэт сталі ў нейкай ступені сімвалічнымі у лёсе кінатэатра. Пэўны перыяд "Беларусь" намагалася выжыць за кошт здачы ў арэнду часткі памяшканняў. Напрыклад, тут размяшчалася букмекерская кантора з кафэ і клуб "Сава", дзе выступалі пачынаючыя і вядомыя рок-гурты, сярод якіх былі сталічны N.R.M. і наваполацкі "Мясцовы час". Але фінальныя цітры пакрысе набліжаліся. Хутка кінатэатр зачынілі. У 2007-2009-х адбылася вялікая рэканструкцыя, і на яго месцы паўстаў гандлёва-забаўляльны цэнтр з аднайменнай назвай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кінатэатр "Беларусь" у Віцебску быў адным з буйнейшых у Беларусі.
|
|