Лунцік і рыба ў белых пальчатках. Што чытаюць дзеці ў век інтэрнэту?
06.03.2015 09:28
—
Новости Общества
|
Карэспандэнт "Звязды" пабываў у Віцебскай дзіцячай гарадской бібліятэцы імя Маршака і пацікавіўся, што чытаюць дзеці ў век інтэрнэту і мабільных гаджэтаў.
Гэтай бібліятэцы ўжо каля 50 гадоў. Знаходзіцца яна на першым паверсе жылога дома — у "хрушчоўцы" на праспекце Фрунзэ. Бібліятэка — не ўзорная ў сэнсе розных тэхнічных "ноу-хау", а звычайная. У такія ж у дзяцінстве хадзіў і я, і многія людзі, якім зараз пад 40 і больш гадоў. Дарэчы, бібліятэка працуе і для дарослых. Апошнія дораць ёй кнігі, у асноўным класіку: творы Пушкіна, Лермантава, Дастаеўскага, Тургенева і Талстога. Ад "Міколкі-паравоза" да рыбы ў белых пальчаткахУ гэты дзень бібліятэкар Наталля Амельчанка з вялікай радасцю аформіла ў якасці чытача майго малодшага сына, першакласніка Аляксея. Было прыемна, што ён першы са свайго класа стаў наведвальнікам гэтай установы.— Мы можам запісаць у бібліятэку нават двухгадовае дзіця! Не здзіўляйцеся, было ў нас і такое. Вядома ж, адказныя за захаванне і своечасовае вяртанне кніг у такім выпадку бацькі. Наконт таго, што ў эпоху інтэрнэту дзеці сталі менш чытаць — гэта праўда, на жаль. Але мы па-добраму змагаемся за кожнага патэнцыйнага наведвальніка, — расказвае Наталля. Паводле яе слоў, сёння ў бібліятэках ёсць усё, што душа пажадае. Пра такі скарб у савецкія часы можна было толькі марыць. Напрыклад, творы Уладзіслава Крапівіна калісьці былі дэфіцытам, цяпер жа — толькі бяры! Як і кнігі Юрыя Сотніка (аўтар кніг для падлеткаў), Мікалая Носава (літаратурны "тата" Нязнайкі) і іншых… Што тычыцца беларускіх аўтараў — па-ранейшаму запатрабаваныя чытачамі "Палескія рабінзоны" Янкі Маўра, "Міколка-паравоз" Міхася Лынькова… Радуе, што хай нямнога, але ёсць сучасныя літаратары, якія пішуць для дзятвы. Іх запрашаюць на творчыя сустрэчы. Бібліятэкары мараць, напрыклад, каб перад дзецьмі выступіла Вольга Караткевіч (яна яшчэ друкуецца пад псеўданімам Вольга Верасень). Яе кнігі як на рускай, так і на беларускай мовах вельмі падабаюцца юным чытачам. Хвалілі бібліятэкары і кнігі аршанцаў, мужа і жонкі Трафімавых. Галіна і Сяргей — аўтары кніжак для "чамучак". У іх своеасаблівай энцыклапедыі для дзяцей можна шмат новага даведацца і дарослым. Напрыклад, ведаеце чаму чорная парэчка такога колеру? А чаму людзі баяцца чорнага ката? З якой прычыны Чорнае мора так назвалі? Або дзе жыве рыба ў белых пальчатках? Пішуць Трафімавы вельмі добра і даступна. Дзеці — у захапленні. — Паверце, мы вельмі любім сваю працу і хочам, каб дзятва чытала карысныя кнігі. А бывае, бацькі набяруць чагосьці, на мой погляд, не вельмі карыснага для дзяцей, а на просьбу ўзяць яшчэ нешта кажуць: "Самі разбяромся! Якая вам розніца, што афармляць?" Мы ж можам падказаць, якую кнігу лепш узяць для дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзростам, — працягвае Наталля. — Бо ёсць кніжкі, якія прыгожа аформлены, у добрай вокладцы, але нічога карыснага ў іх няма. Такія можна смела параўноўваць з "бульварнымі" раманамі для дарослых. Хто такія "залатыя чытачы"?Перад тым, як прыйсці ў бібліятэку, разам з малодшым сынам быў у школе, дзе праводзілі віктарыну для дзяцей. Здзівіла, што дзеці з цяжкасцю адказвалі на пытанні пра герояў казак: Чыпаліна, Ката ў ботах… А можа, Чыпаліна — ужо не "герой нашага часу"? Бібліятэкары мяркуюць, што Чыпаліна, як і Бураціна, дзеці пачатковых класаў павінны ведаць абавязкова.У фондзе бібліятэкі каля 40 тысяч экзэмпляраў. У ліку іншага прыкладна 20 дзіцячых часопісаў. А яшчэ ў бібліятэцы імя Маршака выдаюць свой часопіс "Родничок". Натхніла на гэта вядомая віцебская аўтарка кніг для дзяцей Маіна Бабарыка, а ганаровым куратарам праекта з'яўляецца Тамара Краснова-Гусачэнка, якая ўзначальвае абласную арганізацыю Саюза пісьменнікаў. — Часопіс "Родничок" выдаём, каб падтрымаць юных аўтараў. Там друкуем іх першыя творы, найлепшыя з якіх потым прапаноўваем у рэспубліканскія дзіцячыя часопісы. Мы чакаем новых талентаў і заўсёды рады іх бачыць. Хай прыходзяць і прыносяць свае вершы, апавяданні, казкі, а мы іх абавязкова надрукуем, — працягвае Наталля Амельчанка. Каб зацікавіць юных чытачоў, праводзяць розныя конкурсы. Напрыклад, сёлета адзін з іх прысвечаны юбілею Перамогі. А летась вызначалі самага актыўнага чытальніка кніг, прысвечаных 70‑й гадавіне вызвалення Віцебшчыны. Пераможцы атрымліваюць сімвалічныя прызы і маюць права стаць уладальнікамі "залатога фармуляра". Адна з прэферэнцый "залатым чытачам" — бясплатна дазваляецца чытаць кнігі з платнага фонду. З ліку "залатых" — шасцікласнік 1‑й гімназіі Косця Шчарбакоў. - Я прыходжу ў бібліятэку практычна кожны выхадны. Мне тут цікава. Падабаюцца фантастыка, прыгоды, — сціпла прызнаўся хлопчык. Рэкорды забыўчывасціСмех смехам, але бывае і такое. Бабулька ў бібліятэцы хацела замовіць кнігу і доўга не магла ўспомніць, як завецца герой Лунцік. Маўляў, унучка прасіла, пра таго… як яго, каго па тэлевізару паказваюць.Здараецца, пенсіянеры нешта карыснае чыталі ў дзяцінстве і хочуць, каб гэта ж унукі прачыталі. Напрыклад пра карысць чысціць зубы. І як знайсці тую кнігу?! Калі хоць фразу з кнігі ўспомняць, бібліятэкараў выручае інтэрнэт — у пошукавай сістэме можна знайсці амаль усё. Часта дарослыя блытаюць назвы кніг і наогул дрэнна памятаюць, пра што там напісана… Бібліятэкары таксама вызначаюць самых забыўчывых. Пра аднаго з такіх расказалі: хлопчык нясвоечасова вяртаў кнігі, калі яшчэ ў школе вучыўся, потым тое самае працягнулася, калі вучыўся ў каледжы… Як растлумачылі бібліятэкары, часцей за ўсё ён доўга не вяртаў кнігі, якія прасіла мама. З даўжнікамі бібліятэкары змагаюцца рознымі спосабамі. Спачатку тэлефануюць і ветліва нагадваюць. Потым прыходзіцца ісці да іх дамоў. Мой малы, як наваспечаны чытач, адразу набраў сабе кніг пяць. Калі выбіраў, стаяў на адным калене, наўпрост як джэнтльмен, які просіць рукі і сэрца дамы. Хочацца, каб ён быў актыўным чытачом. І калі не стане багацеем, вядомым палітыкам, спартсменам, хай будзе годным і добрым чалавекам. А гэта, пагадзіцеся, немагчыма без разумных кніжак і бібліятэк. У гэтых установах ёсць нейкая таямнічая аўра.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў бібліятэках ёсць усё, што душа пажадае. Пра такі скарб у савецкія часы можна было толькі марыць.
|
|