Жыхарка Віцебска заплаціла праз картку трайны кошт за пакупку
17.03.2015 11:08
—
Новости Общества
|
Жыхарка Віцебска з прычыны няспраўнага банкаўскага тэрмінала заплаціла за тавар трайную цану. Непрыемная гісторыя адбылася яшчэ ў лютым.
— Мы з мужам у той дзень купілі дзве бляшанкі марылкі і лаку вытворчасці вядомай замежнай фірмы для рамонту кватэры. Набывалі ў тым салоне і раней рознае. І ніколі да гэтага ў мяне не было ніякіх прэтэнзій да працы супрацоўнікаў гандлёвага пункта, - распавядае Вольга Клімовіч, аператар электроннага набору і вёрсткі. Спрабавала аплаціць пакупку з дапамогай карткі Белінвестбанка. Увяла пін-код, у выніку ні пацверджання таго, што грошы пералічылі, ні чэка. Работнік крамы сказаў, што ў касавым апараце скончылася стужка. Ён спрабаваў яе замяніць. Паўторная спроба разлічыцца за тавар скончылася няўдала. У выніку заплаціла наяўнымі грашыма — 380 тысяч 100 рублёў. Аднак калі мне тэрмінова трэба было зняць наяўныя з карткі, заўважыла, што на балансе не хапае 760 200 рублёў. Я адразу зразумела, што гэтая сума — кошт дзвюх няўдалых спроб разлічыцца карткай. Патэлефанавала ў кантакт-цэнтр Белінвестбанка, доўга чакала злучэння з аператарам. У выніку даведалася, што мне трэба ў панядзелак ісці ў найбліжэйшае аддзяленне банка і пісаць заяву. Далей кліентка сутыкнулася з вялікімі праблемамі: — Думаю, калі б тэрмінал у краме абслугоўваўся Белінвестбанкам, можа, праблема з вяртаннем грошай хутка вырашылася. А так… 9 лютага напісала заяву ў Белінвестбанк. І ў аддзяленні, дзе яе прынялі, сказалі, што паперу разгледзяць на працягу 14 дзён. Гэтага не адбылося. 25 лютага патэлефанавала ў тое ж самае аддзяленне і запытала, куды паскардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў банка. Жанчыну імгненна пераключылі на супрацоўніка, які ветліва ўсё растлумачыў. Ён падкрэсліў, што ўжо двойчы быў адпраўлены запыт у Прыорбанк, але адтуль няма ніякай рэакцыі. Вольга распавяла сваю гісторыю на старонцы Белінвестбанка ў Фэйсбуку. Пасля гэтага ёй патэлефанаваў работнік Белінвестбанка. Расказаў, што супрацоўнікі банка робяць усё магчымае, каб паскорыць працэс, а яе зварот патрабуе дадатковага разгляду, на што адводзіцца месяц. Паабяцалі трымаць жанчыну ў курсе спраў і даць пісьмовы адказ. Па каментарый "Звязда" звярнулася ў пракуратуру Віцебскай вобласці. Паводле закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", заява або скарга грамадзяніна павінна быць разгледжана не пазней за 15 дзён. А тая, што патрабуе дадатковага вывучэння і праверкі, — не пазней за 1 месяц з дня яе рэгістрацыі ў арганізацыі. Калі патрабуецца больш часу, чым месяц, заяўніку ў 5-дзённы тэрмін з дня падаўжэння тэрміну разгляду звароту паведамляецца аб прычынах. У такім выпадку неабходна ўказаць тэрмін, неабходны для працягу разгляду звароту. На неатрыманне адказу на сваю заяву з банка грамадзянка мае права паскардзіцца ў іх вышэйшыя структуры. У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях, за парушэнні згаданых вышэй тэрмінаў разгляду звароту прадугледжана накладанне штрафу — ад 4 да 10 базавых велічынь, паведаміла старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб зваротах грамадзян Ірына Таўтын. P.S. Калі артыкул рыхтаваўся да друку, Вольга паведаміла, што грошы — 760 200 рублёў — ёй вярнулі на картку. Жанчына праверыла яе баланс у пятніцу, 13-га чысла, і вельмі ўзрадавалася. А вось пісьмовы адказ яна пакуль не атрымала. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інцыдэнт адбыўся з-за няспраўнага тэрмінала.
|
|