Лаўрэатам прэміі "За свабоду думкі" стаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. 21.by

Лаўрэатам прэміі "За свабоду думкі" стаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч

21.06.2015 13:46 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёлета прэмію "За свабоду думкі" атрымаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. З нагоды прэміі на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці прайшла імпрэза. За ўзнагародай Ніл Гілевіч прыехаць не змог па стане здароўя.


Лаўрэата аб'явіў мастак Алесь Марачкін. 20 чэрвеня 2015 года, вёска Бычкі Ушацкі раён Віцебская вобласць.

Прэмію ладзіць штогод з 2008 года да дня нараджэння Быкава "Рух "За свабоду". У гэтым годзе, па словах старшыні руха Аляксандра Мілінкевіча, было 20 прэтэндэнтаў на ўзнагароду. З іх журы, якое складаецца з пераможцаў былых гадоў, выбрала Ніла Гілевіча. Сёння творцу 83 гады. Гэта адзін з васьмі народных паэтаў Беларусі. У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў Гілевіча, які ён выдаў за свой кошт.


Імпрэза прайшла на тэрыторыі сядзібы-музея Васіля Быкава. На яе завітала і сястра Быкава - Валянціна (сядзіць на лаве ў цэнтры).




Лаўрэатамі прэміі станавіліся народны паэт Рыгор Барадулін, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, мастак Алесь Пушкін, палітык і літаратар Павел Севярынец, краязнаўца Ада Райчонак, бард і акцёр Віктар Шалкевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі, краязнаўца і настаўнік Алесь Белакоз, мастак Алесь Марачкін і музыка Зміцер Вайцюшкевіч.




Аб'явіў лаўрэата гэтага года Алесь Марачкін. Ён успомніў часы, калі Ніл Гілевіч быў народным дэпутатам БССР і на ўвесь свет расказаў пра праблемы беларускай мовы.

– Яго сэрца балела і баліць за ўсё, што адбываецца ў нас, –  зазначыў Марачкін, а пасля працытаваў некалькі радкоў з творчасці паэта:

– Пакуль паэты будуць пець не быць Радзіме безыменнай, зямлі бацькоў не анямець!


Лаўрэату перададуць дыплом і статуэтку

У якасці ўзнагароды Нілу Гілевічу ўручаць статуэтку аўтарства скульптара Віктара Копача і дыплом.

І хаця паэт не змог завітаць на радзіму Быкава, ён перадаў аўдыторыі вітальнае слова, ў якім падзякаваў за аказаны гонар.

– Мне вельмі імпануе, што прэмія мае назоў "За свабоду думкі". Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё гэтым – свабодай думкі, –  сказаў Ніл Гілевіч.

Павіншавалі паэта з узнагародай і былыя лаўрэаты. Да прыкладу, Уладзімір Шалкевіч успомніў, як 30 гадоў таму Ніл Гілевіч разам з іншымі пісьменнікамі прыязджаў выступаць у Гродна. У тыя часы, каб паслухаць паэтаў, набіваліся поўныя залы людзей. Пасля аднаго з такіх выступаў Гілевіч разам з Шалкевічам, паэтам Леанідам Галубовічам ды іншымі пайшоў прагуляцца па горадзе.

– Галубовіч выдаў зборнік, мы пачалі чытаць яго вершы. Я прачытаў верш пра скрыпку, – распавядае Шалкевіч. – Гілевіч глядзіць на мяне ласкава і кажа: "А вы мае вершы ведаеце?" Я кажу: "Не, Ніл Сымонавіч, яшчэ не ведаю". Я не пачытаў тады яго вершы.

Таму падчас імпрэзы Шалкевіч выканаў абавязак 30-ці гадовай даўнаніны і прачытаў верш Гілевіча пра васілёк:

"Услаўлялi яго, запляталi ў вянкi,
Потым кпiлi з яго, абзывалi ўсяляк,
А ён моўчкi цвiце, як i цвiў праз вякi,
I прызнайцеся шчыра, нашчадкi сялян:
Цi ж не сумна было б гэтай сцежкай iсцi
Мiж густой збажыны, каб хоць рэдка здалёк
Сiнiм вокам сваiм не глядзеў, не свяцiў,
Не трывожыў шчымлiва душу васiлёк?"




На мерапрыемстве выступіў музыка Лявон Вольскі.

У цэрымоніі ўручэння прэміі прынялі ўдзел каля ста чалавек. Сярод іх як вядомыя палітыкі, літаратары і музыкі, так і жыхары вёскі Бычкі, дзе сёння, па падліках мясцовых, жывуць каля 20 чалавек.

Мясцовыя жыхарка і пенсіянерка Валянціна Цар распавяла, што чытала ўсе творы Быкава і вельмі яго паважае як аўтара, які пісаў праўду. Яна ўспомніла, што, па сведках аднакласнікаў, Быкаў быў дужа шустрым хлопцам, а калі ў мясцовым гаі гулялі ў вайну, то заўсёды выконваў ролю камандзіра.




– Яго першай дзеўкай была Маня Міхашонак. Яна ўжо памерла. Ён яе кахаў, але не падаваў віду. Дык ён ёй намаляваў і падараваў карціну, на якой былі тры кані, – кажа Валянціна Цар.


Юрый Жыгамонт, вядучы імпрэзы і аўтар цыкла перадач "Падарожжы дылетанта" разам з Аляксандрам Мілінкевічам

На думку Аляксандра Мілінкевіча, якому прыйшла ідэя арганізаваць прэмію "За свабоду думкі", ініцыятыва будзе жыць і надалей.




– Для нас словазлучэнне "свабода думкі" базавае і самае важнае. Атрымалі прэмію людзі, якія добра вядомыя, і менавіта яны вызначаюць наступных лаўрэатаў. Гэта ператвараецца ў клуб выдатных асобаў, – лічыць ён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На імпрэзу з нагоды прэміі ён прыехаць не змог па стане здароўя.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика