Героі Сацыялістычнай Працы Глыбоччыны. 21.by

Героі Сацыялістычнай Працы Глыбоччыны

30.06.2015 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

Міхаіл Лытысаў і Міхаіл Мацюшонак высокага звання Герой Сацыялістычнай Працы былі ўдастоены ў далёкім ужо 1950 годзе. З таго часу мінула 65 гадоў.
У вёсцы Пятроўшчына ў бацькоўскай хаце сёння жыве сын Героя Іван Міхайлавіч Мацюшонак. У адзін з чэрвеньскіх дзён карэспандэнты “ВГ” пабывалі ў Пятроўшчыне.

 

 

Вясковец па нараджэнні, гараджанін па жыцці, Іван Міхайлавіч сёння вельмі шкадуе, што ў свой час  не прадоўжыў справу свайго бацькі і пакінуў вёску.
--Так атрымалася, -- разводзіць рукамі Іван Міхайлавіч. – Шкада, што не паслухаўся, не пайшоў вучыцца ад калгаса. Але прыцягненне роднай зямлі адчуваў усё сваё жыццё. Жыў у горадзе, але кожныя выхадныя прыязджаў да бацькоў, памагаў па гаспадарцы. Урэшце стаміўся ад сталічнага тлуму і ва ўзросце, які ў народзе называюць паважаным, вярнуўся ў Пятроўшчыну. І сёння – увесь у працы.


Усмешлівы, гаманкі, увішны,  Іван Міхайлавіч павёў нас у сад, на агарод, дзе ўсё расло, квітнела, гаманіла.
--Хопіць і яблыкаў, і бульбы, і агародніны, паспеюць маліны, клубніцы, пачаставаць гасцей будзе чым, -- усміхаецца гаспадар.


Нас Іван Міхайлавіч частаваў мочанымі яблыкамі, цукеркамі і знаёміў з кнігай “Твае героі, Беларусь!” (біяграфічны даведнік пра Герояў Сацыялістычнай Працы), якая пабачыла свет у мінулым годзе ў сталічным выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Як вядома, дзевяць з іх – нашы землякі.
Чытаю артыкул пра Міхаіла Міхайлавіча Мацюшонка.


‘‘Герой Сацыялістычнай Працы. Нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Пятроўшчына Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і.
З дзяцінства працаваў на панскай гаспадарцы, абслугоўваючы млын. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР уступіў у калгас. У час Вялікай Айчыннай вайны пражываў на акупіраванай тэрыторыі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў прызваны ў Савецкую Армію. Атрымаў цяжкае раненне, пасля чаго быў камісаваны. Вярнуўся ў Пятроўшчыну.


Працаваў у калгасе “Перамога” нарыхтоўшчыкам лесу, затым узначальваў звяно па вырошчванні лёну. З-за поўнай адсутнасці ў калгасе спецыяльнай тэхнікі ўсе пасяўныя і ўборачныя работы выконвалі з дапамогай коней, пры апрацоўцы лёну выкарыстоўваліся архаічныя прылады працы. Аднак звяну Мацюшонка ўдавалася атрымоўваць высокую ўраджайнасць, якая дасягала да 6,5 цэнтнера льновалакна і 7,6 цэнтнера льнасемя з гектара.


2 чэрвеня 1950 года загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за атрыманне высокіх ураджаяў ільну звеннявому калгаса “Перамога” Мацюшонку Міхаілу Міхайлавічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.


У 1970 годзе выйшаў на заслужаны адпачынак. Узнагароджаны 2 ордэнамі Леніна,  мае іншыя ўзнагароды. Памёр 25 снежня 1978 года’’.
--Мне было 6 гадоў, як бацьку прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы, -- гаворыць Іван Міхайлавіч. – Запомнілася: было шмат карэспандэнтаў, якія пасля напісалі пра гэтую падзею.  Маці, Яніна Адольфаўна, расказвала, што перахвалявалася вельмі, чакаючы бацьку з вайны. А ён пад самы канец вайны – быў вадзіцелем – падарваўся на міне. І аж тры месяцы прабыў у шпіталі. Дом, у якім вядзём з вамі размову, пабудаваў бацька. Працалюбам быў. І мама ні ў чым яму не ўступала. Калгас – напачатку ён называўся імя Молатава – быў славуты на ўсю рэспубліку. Узначальваў калектыў Міхаіл Васільевіч Лытысаў, цудоўны чалавек, умелы гаспадарнік. Калгаснікі неаднойчы прымалі ўдзел у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі  СССР, атрымлівалі за самаадданую працу медалі.


Іван Міхайлавіч  змоўк на хвіліну-другую, аб нечым задумаўся.
Канечне, быць першым адказна і ганарова. І так атрымалася, што менавіта ў вёсцы Пятроўшчына з’явіліся першыя на Глыбоччыне Героі Сацыялістычнай Працы – Міхаіл Лытысаў і Міхаіл Мацюшонак. Суседняя гаспадарка – цяперашняя “Залатая падкова” – дала нам яшчэ аднаго Героя Сацыялістычнай Працы Леаніда Канстанцінавіча Пугаўку. Сельскагаспадарчыя арганізацыі аб’ядналіся, і ўрэшце сталася так, што тутэйшая зямля – радзіма трох Герояў.


--Вельмі ўдзячны старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату, паколькі ягоная заслуга ў тым, што ў Глыбокім з’явілася  Дошка Славы Герояў Сацыялістычнай Працы, -- пасля непрацяглай паўзы прадоўжыў размову Іван Міхайлавіч. -- Каля Дома Саветаў ёсць яшчэ адна Дошка -- “Імі ганарыцца Глыбоччына”. Там таксама згадваюцца імёны Герояў. Выходзіць, у горадзе памяць пра гэтых працавітых людзей ушанавана належным чынам. А калі гаварыць пра вёску, дзе нарадзіўся бацька, то тут – зацішша. Скажам, у Бабічах ёсць вуліца Леаніда Пугаўкі, а вось вуліцы Міхаіла Мацюшонка ў Пятроўшчыне няма. Зусім не лішняй была б дошка (таблічка) на бацькоўскай хаце з прыкладна такім надпісам “Гэты дом пабудаваў і ў ім жыў Герой Сацыялістычнай Працы Міхаіл Міхайлавіч Мацюшонак”. Зрэшты, тэкст можа быць крыху іншым. Ведаеце, мне, сыну, хочацца, каб пра бацьку не забывалі і на ягонай малой радзіме.


Автор: Алесь Жыгуноў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Міхаіл Лытысаў і Міхаіл Мацюшонак высокага звання Герой Сацыялістычнай Працы былі ўдастоены ў далёкім ужо 1950 годзе. З таго часу мінула 65 гадоў.У вёсцы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика